Вайна33

Знясіленыя вайной. Захад яшчэ дапамагае Украіне трымацца, але ўжо не дапамагае перамагаць

Расійскае ўварванне ва Украіну даўно ператварылася ў вайну на знясіленне. Войскам абодвух бакоў не хапае людзей і тэхнікі. Прыкметы знясілення дэманструе расійская эканоміка, якая здавалася стабільнай. Але ад вайны стамляюцца і ўкраінскія партнёры на Захадзе. Гэта ўжо адбіваецца на ваенных пастаўках і фінансавай дапамозе, але наперадзе, магчыма, больш цяжкія часы. Руская служба Бі-бі-сі тлумачыць, што адбываецца з заходняй вайсковай падтрымкай Украіны і як гэта адаб'ецца на становішчы УСУ на фронце.

Вайсковец з 56-й механізаванай брыгады УСУ падчас навучання на палігоне ў Данецкай вобласці, 22 кастрычніка 2024 года. Пасля гэтага ягоную часць апраўляюць у зону баявых дзеянняў. Фота: Getty images

Амерыканская БМП Bradley вядзе бой у сяле ў Курскай вобласці. Яна перасякае паляну, пад'язджае да групы дрэў і расстрэльвае іх з гарматы, відаць, падаўляючы салдат, якія там схаваліся. Праз нейкі час да яе далучаецца танк Abrams — ён рухаецца ўздоўж вясковай вуліцы, абстрэльваючы напаўразбураныя дамы.

Гэтыя кадры, знятыя беспілотнікам, трапілі ў сеціва ў сярэдзіне кастрычніка. Яны выклікалі эмацыйную рэакцыю ў праваенных расійскіх каналах — упершыню амерыканскі танк ваяваў на тэрыторыі Расеі.

Аднак калі для расійскіх каментатараў гэтае з'яўленне амерыканскага танка было напоўнена вялікім палітычным сэнсам, то для ўкраінцаў у гэтым была хутчэй тактычная неабходнасць — танк дзейнічаў на важным участку фронту, куды яго перакінулі разам з іншай заходняй бронетэхнікай.

Гэты ролік цалкам адлюстроўвае становішча ва ўкраінскай арміі — яна ўсё больш залежыць ад паставак заходняй тэхнікі. Аднак атрымлівае яе пры гэтым усё менш. У апошнія месяцы ў пакетах амерыканскай дапамогі ў асноўным утрымліваюцца боепрыпасы — снарады, ракеты для ўстановак HIMARS і комплексаў СПА. У іх мала бронетэхнікі і спецыяльных машын, якія былі б прыкметай падрыхтоўкі да нейкай больш рашучай і манеўранай вайны.

Пры гэтым, са слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, за паўгода Украіна атрымала толькі 10% ад абяцанага. Паводле яго слоў, прычынай затрымак сталі бюракратычныя і лагістычныя праблемы, а не недахоп сродкаў.

Праўда, змяншаецца і фінансавая падтрымка Украіны. Пакуль гэта змяншэнне нязначнае, але, паводле ацэнак даследчыкаў, у наступным годзе яна можа скараціцца напалову. І пакуль гэта — найгоршы сцэнар з магчымых.

Скарачэнне вайсковай дапамогі ўжо адбілася на становішчы УСУ. Украінская армія ўтрымлівае фронт ад развалу, але ўсё ж вымушаная адступаць пад націскам расійскіх войскаў.

Ракеты, снарады і трохі бронемашын

У апошнім пакеце дапамогі ЗША ад 21 кастрычніка значыліся амерыканскія бронетранспарцёры M113 — састарэлыя, хоць і эфектыўныя бронемашыны. Акрамя іх, там не было ніякай тэхнікі — астатнія пазіцыі былі занятыя ў асноўным боепрыпасамі.

У папярэднім пакеце ад 16 кастрычніка з тэхнікі таксама былі толькі вайсковыя пазадарожнікі Humvee. Астатняе — у асноўным, боепрыпасы. Сярод іх былі зенітныя ракеты RIM-7 і Stinger, наземныя высокадакладныя ракеты GMLRS, 155– і 105-міліметровыя снарады, ракеты для супрацьтанкавых комплексаў TOW, патроны, гранаты і выбухоўка.

За паўгода ЗША перадалі Украіне тры партыі баявых машын пяхоты M2 Bradley. Фота: Getty image

За апошнія паўгода ў рэгулярных амерыканскіх пастаўках цяжкая бронетэхніка фігуравала тройчы — партыя цяжкіх БМП Bradley значылася ў спісе пакетаў ад 6 верасня, 10 мая і 24 красавіка. Агульная колькасць перададзеных машын невядомая. Сярод іншай вайсковай тэхнікі за апошнія паўгода амерыканцы перадалі Украіне бронетранспарцёры і розныя тактычныя колавыя бронемашыны.

Недахоп бронетэхнікі ў амерыканскіх пакетах збольшага кампенсуецца пастаўкамі з Еўропы. Але агульная колькасць перададзенай тэхнікі ўсё роўна невялікая. Так, напрыклад, германская фірма Rheinmetall 25 кастрычніка адсправаздачылася пра пастаўкі 20 БМП сямейства Marder. Усяго кампанія паставіла Украіне 200 БМП. Гэта даволі шмат, але гэтыя пастаўкі пачаліся ў сакавіку 2023 года і былі расцягнутыя па даволі вялікім часавым адрэзку.

Нідэрланды адправілі ва Украіну 269 гусенічных БМП YPR-765, але пастаўкі таксама пачаліся яшчэ ў 2022 годзе.

У кастрычніку стала вядома, што ў будучыні Аўстралія перадасць Украіне 49 танкаў M1A1 Abrams — гэта састарэлыя мадыфікацыі, якія аўстралійцы ўсё адно збіраліся спісваць. Толькі частка з гэтых танкаў будзе адрамантаваная і адправіцца ў бой, а іншая частка стане донарам запчастак. Тэрміны паставак і суадносіны дзейных і донарскіх машын невядомыя.

Уласная вытворчасць

Уласная прамысловасць Украіны можа забяспечыць толькі некаторыя асобныя віды ўзбраенняў. Як заявіў 1 кастрычніка Уладзімір Зяленскі, у месяц краіна вырабляе, напрыклад, 20 самаходак «Багдана», выкарыстоўваючы для гэтага шасі грузавікоў Tatra, вялікую колькасць дронаў рознага класу, уключаючы марскія, збірае боепрыпасы.

Гэтая вытворчасць пашыраецца, ва Украіне будуюцца тры заводы германскай кампаніі Rheinmetall, яшчэ адзін ужо пабудаваны і пачне вырабляць першую партыю БМП Lynx да канца года. Да жніўня 2025 года будзе пабудаваны завод па вытворчасці беспілотнікаў Bayraktar.

21 кастрычніка пасля перамоў з міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам прэзідэнт Зяленскі сказаў, што рыхтуецца яшчэ адзін пакет амерыканскай дапамогі — чыста фінансавы.

«Рыхтуецца і яшчэ асобны пакет — фінансаванне на вытворчасць украінскіх дронаў, 800 мільёнаў даляраў. Украіна ўдзячная за гэтую падтрымку», — заявіў Зяленскі.

Украіна ўкладае сур'ёзныя сродкі ў вытворчасць узбраенняў, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў. У канцы верасня міністр абароны Рустэм Умераў сказаў у інтэрв'ю выданню «Лівий берег», што вайскова-прамысловы комплекс на той момант вырабляў 20% неабходных узбраенняў і вайсковай тэхнікі. Гэта даволі шмат, але, як заявіў у гэтым інтэрв'ю Умераў, усё ж такі міжнародная дапамога — аснова падтрымкі Узброеных сіл краіны.

Аднак, са слоў экспертаў, Украіна ўсё ж такі запазнілася з разгортваннем вайсковай вытворчасці, што стала прычынай павелічэння залежнасці ад Захаду.

«У апошні час мы бачым паступовае раскручванне ўкраінскай вайсковай прамысловасці, але калі ўваход заходніх партнёраў тыпу Rheinmetall, магчыма, і нельга было паскорыць, то хутчэй раскруціць сваю ўласную вытворчасць было можна, і крытыкі на гэтую тэму нямала гучала ў самой Украіне. Яны адстаюць у тэмпах, Расія дзейнічае хутчэй», — сказаў Бі-бі-сі ізраільскі вайсковы эксперт Давід Гендэльман.

Паліва вайны

Ацаніць аб'ём паставак узбраенняў прасцей, калі параўноўваць яго са стратамі на фронце. А страты, мяркуючы па паведамленнях, вялікія. Гэта адлюстроўваюць зводкі прарасійскага праекта Lostarmour і заходняга Oryx. Яны падлічваюць страты тэхнікі па адкрытых крыніцах.

Паводле падлікаў Lostarmour, УСУ ў верасні страцілі 202 адзінкі бронетэхнікі. У кастрычніку, паводле даных праекта — 163 адзінкі баявой тэхнікі. Гэта ўключае ўсю бронетэхніку, як знішчаную, так і захопленую расіянамі.

Пра ўзровень стратаў расійскай арміі можна меркаваць, напрыклад, паводле апошняй публікацыі ад 23 кастрычніка адміністратара сайта Oryx Якуба Яноўскага. Публікацыя ахоплівае перыяд у 15 дзён у кастрычніку, на працягу якіх Расія страціла 54 танкі, 114 БМП, 15 БТР, 57 іншых баявых бронемашын, а таксама мноства іншай тэхнікі.

Зыходзячы з гэтых звестак, магчыма, няпоўных, можна меркаваць, што расійскія страты нашмат вышэйшыя. Але Расія сама вырабляе бронетэхніку, хоць яе вытворчасць і не пакрывае стратаў. Украіна ж знаходзіцца амаль у поўнай залежнасці ад паставак з Захаду.

Больш высокі ўзровень стратаў расійскай арміі шмат у чым тлумачыцца тым, што бок, які наступае, традыцыйна губляе больш тэхнікі і асабовага складу. Акрамя таго, ва УСУ, паводле ацэнак каментатараў з абодвух бакоў, ёсць перавага ў FPV-дронах, якія знішчаюць бронемашыны.

Аднак узровень страт УСУ таксама вельмі высокі: украінскія войскі вядуць манеўраную абарону, контратакуюць і, адпаведна, губляюць шмат сваіх танкаў.

На вайне ва Украіне страты бронетэхнікі вельмі высокія з абодвух бакоў. Фота: Getty images

Як расказаў у інтэрв'ю выданню Business Insider эксперт RAND Corporation Майкл Бонерт, высокія страты тэхнікі — нармальная сітуацыя для такой вайны:

«Мне цяжка гэта казаць, але мы на Захадзе павінны разумець, што кожны танк Abrams, які быў перададзены, кожны знішчальнік F-16 будзе, верагодна, знішчаны. Калі якія-небудзь з іх дажывуць да канца вайны, то, верагодна, іх не выкарыстоўвалі ў поўнай ступені».

І каб змяніць гэтую сітуацыю, трэба ў некалькі разоў больш тэхнікі, чым УСУ атрымліваюць цяпер. Пастаўкі апошніх месяцаў дапамагаюць Украіне стрымліваць праціўніка ў той ступені, у якой гэта адбываецца цяпер. Іх відавочна недастаткова, паколькі Расія наступае, і тым больш недастаткова для таго, каб неяк змяніць характар вайны.

Пастаўкі вызначаюць тактыку

Наменклятура і аб'ём паставак тэхнікі вызначаюць сабой характар баявых дзеянняў не менш, чым задумы штабоў і іх рэалізацыя.

Напрыклад, у жніўні 2022 года па пастаўках заходніх узбраенняў можна было меркаваць пра падрыхтоўку Украінай наступу. Ён і праўда пачаўся ў пачатку восені.

Пастаўкі інжынернай і бронетэхнікі папярэднічалі ўкраінскаму наступу ў 2023 годзе. Па іх таксама можна было вызначыць, што ВСУ збіраецца пераадольваць падрыхтаваныя лініі абароны.

У канцы 2023 года амерыканскі Кангрэс не змог прыняць закон аб фінансаванні вайсковай дапамогі Украіне, паколькі рэспубліканцы ўвязалі яго з прыняццем мер па ўмацаванні мяжы з Мексікай і ўзмацненні строгасці іміграцыйнай палітыкі. Тады Украіна засталася на некалькі месяцаў без амерыканскай дапамогі. Гэта адбілася не толькі на інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, калі ўкраінскім артылерыстам стала не хапаць снарадаў.

Перапынак у пастаўках аказаў уплыў і на планаванне. Плануючы будучыя аперацыі, Генеральны штаб звычайна зыходзіць з тых узбраенняў, якія гарантавана будуць у наяўнасці да вызначанага тэрміну.

Адпаведна, калі планы паставак не вызначаныя, то і ваенныя планы будуць значна больш сціплымі, альбо не будуць абапірацца на канкрэтныя даныя, што прывядзе да памылак у планаванні.

І калі паглядзець на пастаўкі ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі, а таксама боепрыпасаў з ЗША і іншых краін за апошнія паўгода, то можа скласціся ўражанне, што яны прызначаныя для падтрымання баяздольнасці ўкраінскай арміі на ўжо наяўным узроўні. Цяжкая бронетэхніка і інжынерныя машыны сведчылі б пра падрыхтоўку наступу. Авіяцыя і авіяцыйныя ўзбраенні — пра планы супрацьстаяння Расіі ў паветры.

У мінулыя месяцы ўзбраенні з ЗША і іншых краін дапамагалі Украіне адбіваць налёты дронаў і ракет, а таксама наносіць артылерыйскія і ракетныя ўдары па цэлях у найбліжэйшым тыле расіян. Запчасткі, выбуховыя рэчывы, транспарт і іншыя пазіцыі ў самым канцы спісу таксама важныя, але яны толькі дапамагаюць трымацца.

«Я проста не ведаю, ці можам мы вырабляць дастаткова, даваць дастаткова. У нас больш няма нічога, каб даць ім, не пайшоўшы на сур'ёзныя рызыкі ў іншых месцах», — цытуе часопіс Economist словы дасведчанай амерыканскай крыніцы.

Рэч у грашах

Заходняя дапамога Украіне можа яшчэ і скараціцца.

У пачатку кастрычніка праект Ukraine Support Tracker, створаны нямецкім Кільскім Інстытутам сусветнай эканомікі, выпусціў даклад, у якім прааналізаваў будучыню замежнай дапамогі Украіне ў 2025 годзе. У ім гаварылася, што Украіну чакаюць нялёгкія часы, таму што замежная дапамога можа моцна скараціцца ў параўнанні з 2024 годам.

Фактарамі нестабільнасці даследчыкі называюць верагоднасць прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа і новыя схемы фінансавання дапамогі, якія выкарысталі заходнія саюзнікі Украіны. Гаворка ідзе пра выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў або ўнёскаў НАТА ў якасці замены еўрапейскай дапамогі.

У самым пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання заходнія краіны замарозілі рэзервы расійскага цэнтральнага банка, якія знаходзіліся ў іх юрысдыкцыях, яны ацэньваюцца прыкладна ў 300 млрд даляраў. Пасля гэтага неаднаразова прапаноўвалася канфіскаваць гэтыя сродкі і накіраваць іх непасрэдна на патрэбы Украіны ў кошт кампенсацыі за панесеныя ёй страты. Аднак заходнія краіны не адважыліся гэта зрабіць, баючыся, што гэта створыць непажаданы прэцэдэнт і прывядзе да вываду актываў іншых дзяржаў, калі тыя страцяць упэўненасць у тым, што на Захадзе іх авуары абароненыя.

Урэшце ЗША зацвердзілі крэдыт Украіне ў памеры 20 млрд даляраў пад заклад прыбытку ад расійскіх суверэнных актываў, замарожаных у ЗША. Яшчэ 30 млрд даляраў дадуць Еўрасаюз, Вялікабрытанія, Канада, Японія і іншыя. Украіна зможа выкарыстоўваць гэтыя даходы для абслугоўвання крэдытаў — важным фактарам тут будзе тое, што гэтыя крэдыты будуць нямэтавымі, гэта значыць выдаткоўваць іх Кіеў зможа паводле свайго ўласнага меркавання.

Акрамя таго, краіны НАТА ўзгаднілі дапамогу Кіеву на 40 млрд еўра у 2025 годзе. Тагачасны генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг выступаў за тое, каб зрабіць гэты плацеж рэгулярным, але гэтая прапанова не прайшла, і ў выніку яго прыйдзецца ўзгадняць кожны год.

Паводле падлікаў Ukraine Support Tracker, максімальны аб'ём дапамогі Украіне можа скласці больш за 100 млрд еўра, што будзе ўключаць у сябе 59 млрд еўра вайсковай і 54 млрд проста фінансавай дапамогі. Аднак, як адзначаецца ў даследаванні, калі прэзідэнт ЗША спыніць перадаваць новыя пакеты дапамогі, то вайсковая падтрымка скароціцца да 34 млрд еўра, а фінансавая дапамога — да 46 млрд.

Калі еўрапейскія краіны скароцяць сваю дапамогу Украіне, то вайсковая падтрымка, паводле падлікаў даследчыкаў, можа абваліцца да 29 млрд еўра, а фінансавая — да 27 млрд. Такі варыянт цалкам рэальны — Францыя збіраецца скараціць сваю дапамогу з трох амаль да двух мільярдаў еўра. Германія таксама скароціць дапамогу з 7,5 млрд еўраў у 2024-м да 4 млрд у 2025 годзе.

План Зяленскага

Украінскае кіраўніцтва, відавочна, разумее цяжкасць сітуацыі, якая склалася, і шукае выхады з яе.

У сярэдзіне кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прадставіў заходнім партнёрам свой «План перамогі». Тры з пяці пунктаў гэтага плана — вайсковыя. Яны закліканыя дапамагчы Украіне выстаяць у вайне з Расіяй.

▪️Запрашэнне Украіны ў НАТА;

▪️ Працяг аперацый на тэрыторыі Расіі, зняцце абмежаванняў па ўдарах па яе тэрыторыі, сумеснае з партнёрамі знішчэнне расійскай авіяцыі, пашырэнне выкарыстання дронаў і ракет, доступу да разведданых саюзнікаў;

▪️ Размяшчэнне на тэрыторыі Украіны нейкага няядзернага стратэгічнага пакета стрымлівання.

Хоць у «вайсковых» пунктах плана Зяленскага і не гаворыцца літаральна пра пастаўкі ўзбраенняў, ягоную прапанову ў заходняй прэсе ўспрынялі менавіта так.

Ва Уладзіміра Зяленскага ёсць план дзеянняў, але для яго таксама патрэбныя пастаўкі ўзбраенняў. Фота: Getty Images

«Гэта больш падобна не на дарожную карту з выразным планам яе рэалізацыі, а на віш-ліст, таму ён і не надта ўразіў Вашынгтон ды Еўропу», — напісаў у Х карэспандэнт Financial Times у Кіеве Крыстофер Мілер.

«План Зяленскага ў значнай ступені абапіраецца на павелічэнне дапамогі замежных партнёраў Украіны, але пакуль невідавочна, што яны яго падтрымаюць», — згаджаецца The New York Times.

Гэты план сапраўды не дае адказу на два надзённыя пытанні: дзе Украіна возьме снарады і дзе яна возьме салдат? Адказу на гэтыя пытанні няма, паколькі Захад відавочна не можа знайсці для УСУ столькі сама снарадаў, колькі Уладзімір Пуцін знайшоў у КНДР, а ўрад Украіны не можа забяспечыць столькі ж навабранцаў, колькі расійскія ўлады змаглі набраць падчас маштабнай кампаніі па прыцягненні людзей у войска вялікімі выплатамі.

Далёкая рука Кіева

Магчыма, будучая тактыка Украіны будзе грунтавацца на далёкіх ударах па расійскай інфраструктуры і стрымліванні па меры сілаў расійскага наступу на зямлі.

Амерыканская газета The New York Times сцвярджае, спасылаючыся на ананімныя крыніцы, што ў сакрэтнай частцы свайго «Плана перамогі» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запытаў у ЗША крылатыя ракеты Tomahawk.

Гэта цэлае сямейства крылатых ракет з далёкасцю да 2500 кіламетраў, якія запускаюць з зямлі, самалётаў, караблёў і падводных лодак. Яны выкарыстоўваюць некалькі розных боегаловак з аскепкава-фугаснай і пранікальнай баявымі часткамі.

Запытаць — не значыць атрымаць. Да гэтага часу Кіеў не змог атрымаць у ЗША дазвол на прымяненне тактычных ракет ATACMS, а Tomahawk — зброя стратэгічная, і верагоднасць таго, што Кіеў зможа яе атрымаць, вельмі невялікая.

Але гэты запыт дэманструе нацэленасць украінцаў на паражэнне аб'ектаў у глыбіні Расіі. Украіна ўкладае вялікія сродкі ў вытворчасць далёкіх ударных беспілотнікаў. Гэтая праграма дазволіла зрабіць серыі буйных налётаў на нафтаперапрацоўчыя заводы, склады боепрыпасаў, аэрадромы і іншыя цэлі.

Украінскія інжынеры стварылі новы апарат, які яны называюць беспілотнікам з рэактыўным рухавіком, але які па сутнасці з'яўляецца невялікай крылатай ракетай з далёкасцю ў сотні кіламетраў. Гэты дрон назвалі ўкраінскім словам «Паляныця» — лічыцца, што яго цяжка вымавіць рускамоўным людзям.

Аднак і расейская СПА відавочна навучылася калі не прадухіляць удары, то як мінімум прыкрываць найбольш важныя аб'екты.

У канцы кастрычніка ўкраінскія дроны ўдарылі па некалькіх спіртзаводах у Расіі. Гэта крыху дзіўны выбар цэляў, і суразмоўца Бі-бі-сі, звязаны з вайсковым кіраўніцтвам УСУ, каментуючы ўдары, хоць і не адказаў адкрыта на пытанне пра мэты, якія пераследваліся, усё ж адзначыў, што гэтыя аб'екты былі найменш абароненыя сродкамі СПА і радыёэлектроннай барацьбы.

«Апошнія месяцы ў Расіі значна ўзмацнілі супрацьпаветраную абарону, нашым дронам ужо стала значна цяжэй пераадольваць гэтую абарону. А гэтыя аб'екты былі менш прыкрытыя», — растлумачыў ён.

Таму тактыка стрымлівання на зямлі і ўдараў па тылах можа быць няпростай у рэалізацыі.

Знясіленне

Вайна на знясіленне не была першапачаткова абраная расійскім Генштабам як стратэгія перамогі — там відавочна разлічвалі зламаць супраціў Украіны адным рашучым ударам. Аднак гэтага не атрымалася, і характар канфлікту змяніўся сам сабой.

Расійская палітычная мэта вайны застаецца прадметам здагадак — у Крамлі яе дагэтуль выразна не сфармулявалі. Ваенная мэта выглядае больш зразумелай. Расія, імаверна, хоча знясіліць украінскае войска настолькі, каб можна было перайсці да манеўранай вайны і перамагчы УСУ на полі бою.

Тэарэтычна гэта магчыма. Расійская армія і дзяржава павінны вытрымаць нягоды вайны на знясіленне, дачакаўшыся, калі Украіна падыдзе да мяжы магчымасцяў.

У Маскве, верагодна, лічаць, што ў Расіі ёсць усе шанцы перамагчы — у яе большая эканоміка, большае насельніцтва, нарэшце, большая армія. У многіх галінах, такіх як авіяцыя, Расія далёка наперадзе Украіны.

Аднак знясіленне вайной адбіваецца і на Расіі. Вайсковая моц, перавага ў жывой сіле дазваляюць расійскай арміі павольна наступаць на некалькіх кірунках, але забяспечыць вырашальную перавагу яна не ў стане.

«Цяпер у Расіі няма дастатковых сіл для канцэнтрацыі. Калі б яны дамагліся прарыву, яны не змаглі б яго выкарыстоўваць», — цытуе Economist высокапастаўленага прадстаўніка НАТА.

Паспяховы наступ на горад Пакроўск, які прыводзяць у прыклад расійскія прапагандысты, у маштабах усяго фронту не выглядае такім ужо буйным — з лютага да лістапада расійскае войска прасунулася ўсяго прыкладна на тры дзясяткі кіламетраў, заплаціўшы за гэты высокую цану.

Руская служба Бі-бі-сі сумесна з «Медыязонай» і групай валанцёраў займаецца пошукам згадак у адкрытых крыніцах пра гібель расейскіх салдат. На сярэдзіну кастрычніка ўдалося пацвердзіць гібель больш за 74 тысячы чалавек.

Паводле падлікаў Бі-бі-сі, Расія магла страчваць ад пяцісот да паўтары тысячы чалавек на тыдзень. І гэта даволі шмат, але рэальныя лічбы павінны быць нашмат большыя, бо падлік вёўся толькі па пацверджаных даных.

Эканоміка таксама з цяжкасцю спраўляецца з ваеннай нагрузкай. Мяркуючы з праекта федэральнага трохгадовага бюджэту, у 2025 годзе расійскія ўлады збіраюцца выдаткаваць на вайну рэкордныя 13,5 трлн рублёў, а на сілавікоў — яшчэ 3,5 трлн. У сукупнасці на гэтыя два артыкулы — абарону і нацбяспеку — прыпадае каля 40% усіх выдаткаў бюджэту ў 2025 годзе.

Расіі востра не хапае кадраў для працы на абаронных прадпрыемствах: такія заводы шукаюць дзясяткі тысяч новых супрацоўнікаў.

Аб'ёмы вайсковай вытворчасці з цяжкасцю паддаюцца ацэнцы, аднак сам факт таго, што Расія паспрабавала атрымаць снарады з КНДР, кажа пра тое, што яна не ў стане забяспечыць такую вялікую перавагу ў боепрыпасах самастойна.

Сузаснавальнік Цэнтра аналізу і стратэгій у Еўропе Уладзіслаў Іназемцаў у інтэрв'ю The Washington Post сказаў, што, на яго думку, у найбліжэйшыя гады Расія можа дазволіць сабе працягваць баявыя дзеянні на цяперашнім узроўні.

«Яна здольная падтрымліваць вайну столькі, колькі Украіна і, магчыма, Захад не змогуць трымацца. Гэта праблема. Пуцін перакананы, што можа рухацца наперад год, два ці тры. Цяпер сітуацыя здаецца стабільнай», — сказаў ён.

За некалькі гадоў Расія ператварылася ў даволі закрытую краіну, і меркаваць пра тое, наколькі гэтае перакананне Пуціна адпавядае рэчаіснасці, цяжка.

У канцы кастрычніка Цэнтрабанк Расіі павысіў ключавую стаўку з 19% да 21%, паставіўшы гістарычны рэкорд. Такой высокай стаўка не была нават у пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Прычына — у ЦБ пакуль не атрымліваецца ўтаймаваць высокую інфляцыю.

Расія відавочна знясільваецца ад вайны. Міністэрству абароны відавочна не хапае салдат на полі бою — Расія падымае аплату за заключэнне вайсковага кантракту да нябачаных на рынку працы узроўняў. Арміі не хапае бронетэхнікі — яна не столькі вырабляе яе, колькі здымае з захоўвання закансерваваныя савецкія рэзервы.

Аднак у Расіі разлічваюць на тое, што Украіна ўсё адно адчувае значна большыя цяжкасці. Яе інфраструктура падвяргаецца жорсткім ударам расійскімі ракетамі, прамысловасць на ўсходзе краіны разбураная, армія адчувае недахоп усяго, ад танкаў і снарадаў да навабранцаў.

Але галоўнае — Крэмль відавочна разлічвае на тое, што Захад стаміўся ад гэтай вайны.

«Гэтая стомленасць рэальная і яна нарастае», — сказала ў сярэдзіне кастрычніка міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен у інтэрв'ю Financial Times.

Гэты матэрыял перадрукавалі многія расійскія праваенныя тэлеграм-каналы. Праўда, сэнс яе слоў быў у тым, што Еўропа, нягледзячы на стомленасць, павінна павялічыць дапамогу Украіне.

«Еўрапейцам было б важна ўсвядоміць, што калі мы дазволім Расеі перамагчы ва Украіне, то мы, фактычна, пакладзем канец даверу да нашай палітыкі стрымлівання», — заўважыла Валтанен.

Аднак ўсведамленне гэтай небяспекі не так лёгка ператварыць у танкі.

Каментары3

  • Джо
    02.11.2024
    Зноў расейская ббс, якая дагэтуль выкарыстоўвае слова Белоруссія
  • Васіль
    02.11.2024
    Гэта расейская прапаганда ад расейскай агентуры на захадзе. Было б жаданьне - даць Расеі па мардасам можна вельмі лёгка.
  • Зорге
    02.11.2024
    Очень важно понимать, что такое поведение Запада во многом продиктовано просто неадекватным поведением политического руководства Украины. Тотальная коррупция, прав Свитан, когда сказал, что страна стала концлагерем для простых людей. При этом верхушка жирует, ворует и пилит деньги, все "инвалиды" и имеют бронь от мобилизации. Разворовано денег на 2 бюджета страны. Когда летом в Покровске озеленяли газоны, в то время как до линии фронта оставалось 10 км, то как это назвать? Посмотрите Бутусова, на днях очень подробно ситуацию в войсках освещал. Просто трэш и лютая некомпетентность! И никто ни за что не ответил! Система прогнила насквозь. Ну не будет Запад и дальше помогать тем, кто сам себе враг!

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах2

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Усе навіны →
Усе навіны

Стварылі першае беларускамоўнае радыё, дзе замест вядучых — штучны інтэлект15

Апазіцыянер Абозаў пагражае тым, хто з’явіцца на ўчасткі: Вы падтрымліваеце Лукашэнку і адкажаце за падтрымку дзяржаўнага перавароту32

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр1

Яшчэ адным прэтэндэнтам у кандыдаты стаў Віктар Кулеш3

Самы доўгі падвесны мост у Беларусі хочуць адкрыць датэрмінова3

«Самы нізкі паказчык ВУП за 27 гадоў». Улады расказалі, як эканоміка прасела пасля пачатку вайны3

Жыхар расійскага Сыктыўкара паедзе на вайну за пляшку гарэлкі5

Палітычныя затрыманні ў Хойніках: прыйшлі да двух дзясяткаў людзей

2 лістапада чакаюць моцнага ветру2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах2

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Галоўнае
Усе навіны →