Кіроўца рэйсавага аўтобуса спрабаваў увезці з Польшчы каля 500 старажытных манет
Супрацоўнікі беларускай мытні канфіскавалі ў беларускага кіроўцы каля 500 старадаўніх манет, якія ён спрабаваў нелегальна завезці ў краіну з Польшчы, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі. Паводле інфармацыі мытнікаў, агульны кошт манет, прызнаных культурнымі каштоўнасцямі, склаў больш за 20 тысяч рублёў.
Паводле даных ДМК, 49-гадовы мужчына ехаў з Польшчы на рэйсавым аўтобусе праз пункт пропуску «Брэст».
«Культурныя каштоўнасці схаваў у падлакотніку, сейфе, інструментальнай скрыні, за заводскай абшыўкай столевай прасторы, бакавых сценак і дзвярэй транспартнага сродку», — паведамілі мытнікі.
Месцы схованак яны знайшлі дзякуючы выкарыстанню інспекцыйна-надгляднага комплексу.
Былі выяўленыя манеты з розных сплаваў (срэбных, алюмініевых, медных, нікелевых), розных наміналаў, гадоў выпуску і краін (Расійскай Імперыі, Швецыі, Італіі, Нідэрландаў, Венгрыі, Аўстрыі і іншых). Згодна з заключэннем эксперта, усе яны адносяцца да культурных каштоўнасцяў, бо былі выбітыя больш за 100 гадоў таму. Агульны іх ацэначны кошт склаў звыш 20 тысяч рублёў.
Мытня распачала адміністрацыйны працэс, мужчыну цяпер пагражае штраф у памеры да 30 базавых велічынь (1200 рублёў), а таксама канфіскацыя манет і транспартнага сродку.
Каментары