У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр
Праваабаронцы «Вясны» атрымалі пацвярджэнне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. Па папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года.
Дзмітрый Шлетгаўэр прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына ягонай смерці невядомая.
Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).
З сацсетак стала вядома, што Дзмітрыю Шлетгаўэру 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе ў Алтайскім краі. У 2018 годзе атрымаў беларускі ДНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
Крыху менш за год палітвязня ўтрымлівалі за кратамі. Па інфармацыі праваабаронцаў, таксама быў затрыманы і брат Дзмітрыя, але пазней яго дэпартавалі ў Расію.
Некалькі месяцаў таму над Шлетгаўэрам адбыўся суд паводле двух артыкулаў Крымінальнага суда. Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця.
У раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда не было інфармацыі пра разгляд яго крымінальнай справы — толькі дата разгляду яго апеляцыйнай скаргі. Апеляцыя прайшла 30 жніўня, рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна.
Па інфармацыі «Вясны», Дзмітрыю прызначылі 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Напачатку восені яго накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15. Незадоўга пасля этапу яго знайшлі памерлым, але дакладная прычына смерці невядомая.
Каментары