У Вільні вандалы дабраліся да магілы каліноўца Аляксандра Царука
Сёння дачка каліноўца Аляксандра Царука Вольга наведалася яго магілу ў Вільні і пабачыла, што рэчы там раскіданыя, шкло ў рамцы з фота разбіта, а бел-чырвона-белы сцяжок парваны. Яна лічыць гэта працягам правакацый у Літве.
Жанчына распавядае, што кожны месяц бывае на магіле бацькі і раней ніякіх непрыемных выпадкаў там не здаралася. Сёння Вольга каля 14.30 прыехала на могілкі і пабачыла хаос.
Вольга не верыць у тое, што здарылася ўсё выпадкова. Кажа, што спачатку падумала, што раскідаць знічкі мог вецер, бо сёння ў Вільні ветранае надвор’е. Але на ўсіх магілах побач нічога такога не назіралася. Асабліва яна звярнула ўвагу на невялікі сцяжок, укапаны ў зямлю — вецер наўрад ці мог яго пашкодзіць такім чынам. Тым больш, што адарваная частка знікла.
— Я не разумею, чаму так адбылося, але мяркую, гэта можа быць працягам правакацый супраць беларусаў у Літве. Нядаўна ж падпалілі дзверы Беларускага дома ў Вільні…
Раней акты вандалізму таксама ўчыняліся супраць таго самага Беларускага дома, крамы «Кропка», якую трымае былы палітвязень з Беларусі, і капліцы беларускай праваслаўнай парафіі Канстанцінопальскага патрыярхата, каля офіса «Дапамогі» і на сцяне каля ЕГУ.
Жанчына звярнулася ў паліцыю.
У 2020 годзе Аляксандр Царук правёў 40 сутак за кратамі і вымушана з’ехаў з Беларусі. Потым ён стаў добраахвотнікам палка Каліноўскага і меў пазыўны Сашко. Вярнуўшыся з вайны, мужчына цяжка захварэў на анкалагічную хваробу, якая хутка забрала ягонае жыццё. Яго пахавалі сёлета ў красавіку ў Вільні.
Каментары
Хопіць ужо трываць гэты здзек з беларусаў!