«Усе размаўляюць на рускай? Не, не і яшчэ раз не». Расійскі журналіст расказаў пра свой водпуск у Беларусі
«Беларусь, нягледзячы на сваё некаторае падабенства з Расіяй, насамрэч зусім іншая краіна са сваёй доўгай і старажытнай гісторыяй».
Карэспандэнт рэгіянальнага партала Яраслаўскай вобласці Расіі YarNews разам з сябрамі вырашыў правесці водпуск у Беларусі і падзяліўся ўражаннямі пра падарожжа.
У тэксце журналіст адразу адзначае, што Беларусь — ягоны першы выезд за мяжу за 11 гадоў, і што ў самым пачатку падарожжа ён быў цалкам перакананы, быццам знаходзіцца ўсё яшчэ ў Расіі. Да першай сустрэчы з міліцыяй.
«Пры ўездзе ў Беларусь варта адразу забыць, што можна перавышаць хуткасць на 20 кіламетраў. Не, тут толькі на 10, інакш штрафы. І, не сумнявайцеся, вас рана ці позна спыняць. Мы якраз трапілі ў такую сітуацыю, бо перавысілі не наўмысна. А ў выніку міліцыя спыніла нас зусім у іншай лакацыі. Пакуль мы аплачвалі штраф, інспектары спынілі яшчэ пяць ці шэсць машын. Усе яны былі з расійскімі нумарамі», — распавядае расійскі журналіст.
Па словах журналіста, калі ён прыехаў у Віцебск, то адчуў, што «гэты ўзорны сацыялістычны горад са сваімі тыповымі новабудоўлямі-чалавейнікамі з вялікай адлегласцю паміж дамамі выклікае настальгію на апошніх гадах Савецкага Саюза», і заўважыў, што хоць Яраслаўль таксама называюць горадам шырокіх праспектаў, але «яму не параўнацца з прасторамі Віцебска і тым больш Мінска».
Далей журналіст апісвае цяжкасці з расійскімі банкаўскімі картамі, адзначаючы, што ў Беларусі іх нельга папоўніць і таму прыйдзецца афармляць новую ў мясцовых банках ці загадзя браць наяўныя грошы.
Мужчына таксама заяўляе, што «цэны на тавары і паслугі ў Мінску прыблізна такія ж, як для турыста ў Санкт-Пецярбургу, і нават даражэйшыя, чым у Маскве». Але пры гэтым хваліць беларускую кухню, архітэктурную разнастайнасць, а яшчэ адзначае, што некаторыя расійскія стэрэатыпы пра беларусаў не маюць ніякай сувязі з рэальнасцю.
«Ці праўда, што ўсе беларусы гавораць па-руску? Не, не і яшчэ раз не. Усё залежыць ад таго, дзе вы знаходзіцеся. За пару дзён у Віцебску, напрыклад, я ніводнага разу не чуў, каб хтосьці гаварыў не па-руску. Затое ў Мінску даволі часта можна пачуць, як нехта размаўляе па-беларуску. Таксама ёсць «тэрыторыі беларускай мовы», як Брэст і Гродна. Дарэчы, усе дарожныя паказальнікі, дошкі на будынках і значныя шыльды ў краіне напісаныя па-беларуску. І асаблівых праблем з гэтым няма», — дзеліцца карэспандэнт YarNews.
Ён падкрэслівае, што «Беларусь, нягледзячы на пэўнае падабенства з Расіяй, з'яўляецца зусім іншай краінай са сваёй доўгай і старажытнай гісторыяй», з якой ён раіць чытачам пазнаёміцца бліжэй.
«Нас родніць агульнае савецкае мінулае і даволі блізкая сучаснасць. Але Рэспубліка Беларусь — гэта зусім іншая дзяржава з доўгай і старажытнай гісторыяй.
І, насамрэч, чым далей у лес, тым больш будзе адрозненняў. Бо гэта ўсё ж такі краіна, якая раней была часткай сярэднявечнай Еўропы. У Беларусі шмат замкаў, а ў Мінску захаваліся кварталы, якія выглядаюць як тыповыя вуліцы Прагі, Будапешта ці Варшавы. І я раю вам пазнаёміцца з усім гэтым бліжэй, пабыўшы хаця б на стандартнай агляднай экскурсіі», — падагульняе расійскі журналіст.
Каментары
Рэд.
водпуск
отпуск — 1) (действие) водпуск, -ку муж.
отпуск — 2) (по работе) водпуск, -ку муж., адпачынак, -нку
Можна прыгожае слова "вакацыі", нават тут быў асобны артыкул пра гэта не вельмі даўно.