Грамадства11

Што адбылося з палітвязнем Пятром Старацітаравым, адным з самых багатых бізнэсменаў Гомельшчыны?

Чалавеку з цяжкімі хваробамі, які перанёс у СІЗА інсульт, прысудзілі 5 гадоў зняволення. А праз месяц раптоўна выкраслілі са спісу «тэрарыстаў». Што гэта можа значыць?

Пётр Старацітараў. Фота: «Укантакце»

Пётр Старацітараў уваходзіў у топ-50 самых багатых бізнэсменаў Гомельшчыны. Ураджэнец мястэчка Церахаўка пад Добрушам, ён пабудаваў буйны бізнэс у Мазыры — яго кампанія «Лотас» выпускала жалезабетонныя вырабы, газасілікатныя блокі, займаўся мэбляй. У найлепшыя часы на прадпрыемстве было да 1200 супрацоўнікаў. У «Лотаса» былі свой кар’ер у Мазырскім раёне і філіялы ў Расіі. Сам Старацітараў быў праваслаўным мецэнатам, таксама пералічваў грошы на дапамогу жывёлам.

Усё ў жыцці 65-гадовага бізнэсмена змянілася пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне. Старацітараў меў выразную антываенную пазіцыю, якую трансляваў праз сацсеткі, у прыватнасці, праз свой акаўнт у фэйсбуку. Гэта і стала прычынай крымінальнага пераследу.

6 лютага 2023 года Пятра Старацітарава затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Злівачны міліцэйскі канал выклаў відэа з яго ўдзелам.

Яму інкрымініравалі ажно пяць артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 368 — абраза прэзідэнта;
  • ч. 1 арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • ч. 3 арт. 361 — заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • арт. 369-1 — дыскрэдытацыя Беларусі;
  • ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці.

Яшчэ да затрымання ў Старацітарава былі значныя праблемы са здароўем — бранхіяльная астма, артэрыяльная гіпертэнзія, — а ў зняволенні яны абвастрыліся. Тым не менш яго працягвалі трымаць за кратамі. Падчас знаходжання ў СІЗА у бізнэсмена здарыўся інсульт, увесь час ён праводзіў у медчасці СІЗА.

Нягледзячы на ўсё гэта, 21 жніўня 2023 года суддзя Яўген Шаршнёў на закрытым працэсе прысудзіў Старацітараву пяць гадоў калоніі.

10 лістапада 2023 года адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі бізнэсмена ў Вярхоўным судзе. Старшыня судовай калегіі Павел Каршуновіч пакінуў прысуд нязменным, і той уступіў у законную сілу. Услед за гэтым КДБ дадаў бізнэсмена ў спіс «тэрарыстаў».

14 снежня 2023 года адбыўся яшчэ незаўважаны суд над бізнэсменам — пра «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзенням прысуду ў выкананне». Што гэта магло быць? Хутчэй за ўсё, альбо выпраўленне дробнай недакладнасці ў прысудзе, альбо просьба пра адмену прысуду ў сувязі з цяжкай хваробай.

Такія сітуацыі — калі чалавека з вынесеным прысудам і крытычным станам здароўя адпраўляюць дадому з калоніі (ці СІЗА) — здараюцца. Камісія прыходзіць да высновы, што медыцынская дапамога больш не мае сэнсу і не дасць ніякага выніку. Але гэтыя выпадкі адзінкавыя.

У любым разе невядома, чым скончыўся той дадатковы суд над бізнэсменам.

Аднак неўзабаве — не адразу, а праз месяц, — 18 студзеня 2024 года, Старацітарава прыбралі са спісу «тэрарыстаў». Гэта і стала дадатковай зачэпкай, каб высветліць, што адбылося з палітвязнем. 

Рэч у тым, што ёсць толькі некалькі прычын, каб чалавек у Беларусі перастаў быць «тэрарыстам». У адпаведнай пастанове Савета міністраў пералічаныя восем пунктаў, з якіх да фізічных асобаў, асуджаных у Беларусі, можа падыходзіць чатыры:

  • адмова ад пераследу на этапе следства (спыненне справы);
  • адмена прысуду праз адсутнасць складу злачынства;
  • наяўнасць пагашанай судзімасці;
  • смерць чалавека.

Што з гэтага пасуе да сітуацыі Старацітарава? Незразумела, хоць, вядома, мы спадзяемся на лепшыя варыянты.

Калі ўявіць, што Старацітарава сапраўды адпусцілі 14 снежня 2023 года, то, згодна з законам, судзімасць з яго мусіла б здымацца цягам пяці гадоў (датэрмінова — праз два з паловай), бо адно са «злачынстваў», у якім яго вінавацілі, лічыцца цяжкім. Такім чынам, яго судзімасць не магла зняцца.

Усе іншыя людзі, выключаныя раней з «тэрарыстычнага» спісу, цалкам адбылі тэрмін і змаглі праз нейкі час пагасіць судзімасць. Акрамя Рамана Пратасевіча, якога сваім указам гучна памілаваў Лукашэнка. А вось пра Старацітарава падобных навінаў няма.

Пра бізнэсмена з таго часу ўвогуле нічога не чуваць. Ён не з'явіўся ў сацсетках, усе старыя кантакты, якія мы знайшлі з дапамогай праекта Digital intelligence team, неактыўныя. Сайт кампаніі і яе тэлефоны недаступныя, хоць на момант, калі выходзіла міліцэйскае відэа са Старацітаравым, яны працавалі.

Калі вам штосьці вядома пра лёс Пятра Старацітарава, просім паведаміць у «Нашу Ніву». Мы ўсведамляем права сям'і захоўваць таямніцу прыватнага жыцця, але лічым, што лёс кожнага палітвязня мае выключную грамадскую значнасць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • ❤️❤️❤️
    05.09.2024
    😢😢😢

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь170

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →