Вясковага праваслаўнага святара адхілілі ад служэння пасля паездкі ў Польшчу
У паведамленні Гомельскай епархіі БПЦ аб пасяджэнні Епархіяльнага савета, які прайшоў 14 лістапада, гаворыцца, што «асаблівая ўвага была ўдзелена стану спраў у прыходзе храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Прыбыткі». Што стаіць за гэтым адным радком, стала вядома з пабліка прыхода: у царкве, якая знаходзіцца ў памежнай з Украінай вёсцы, нечакана змянілі настаяцеля. Аб прычынах гэтага адхілення даведалася гомельскае выданне «Флагшток».
Шмат гадоў настаяцелем прыхода быў протаіерэй Пётр Пракапцоў — з сайта прыхода толькі нядаўна прыбралі яго прозвішча. За гады служэння ён зарэкамендаваў сябе добрым святаром, яго паважалі вернікі, давяралі яму. Але адносіны з гомельскім архіепіскапам Стэфанам у святара не склаліся.
На думку вернікаў, епіскап не раз спрабаваў знайсці нагоду, каб зняць настаяцеля ў Прыбытках, і нядаўна такую нагоду знайшоў — айцец Пётр без дазволу епіскапа з'ездзіў за мяжу. Святар пабываў у Польшчы, і за гэты час у прыходзе не адбыліся некалькіх службаў, таму фармальнай падставай для звальнення стаў «прагул».
«Айцец Пётр востра перажываў распачатую агрэсію Расіі супраць Украіны. Бо праз яго вёску, Прыбыткі, ехала тэхніка, каб забіваць, ляцелі верталёты, каб несці смерць. Як у такіх умовах можна спакойна праводзіць службы — як быццам нічога не адбываецца?
Ёсць вернікі, якія перасталі прыходзіць на службы, бо не хацелі памінаць у малітве патрыярха Кірыла, таму што ён адкрыта падтрымаў агрэсію. З-за гэтага некаторыя ўвогуле не хочуць больш мець нічога агульнага з РПЦ.
«Святар хацеў на час выехаць, каб неяк прыйсці ў сябе, але дазволу на гэта епіскап не даваў», — патлумачыў суразмоўца.
Паводле яго інфармацыі, святара цалкам адхілілі ад служэння ў епархіі і не прапанавалі новага месца служэння — ён застаўся без сродкаў да існавання.
Каментары