Грамадства106106

Газета Мінабароны апублікавала артыкул пра тое, што ў Курапатах расстрэльвалі немцы. Вось што адказвае Макараў 

У «Беларускай ваеннай газеце» днямі апублікавалі артыкул, які называецца «Куропаты — наглая ложь «свядомых». 

У тэксце ў безапеляцыйным тоне адстойваецца думка, што людзей у Курапатах расстрэльвалі немцы. Артыкул — пераказ кнігі «Курапаты: ля вытокаў гістарычнай сенсацыі» аўтарства выкладчыка Ваеннай акадэміі, падпалкоўніка запаса Аляксандра Плавінскага. 

Гіпотэзы, выказаныя ў гэтай кнізе, пярэчаць высновам следстваў, праведзеных беларускай пракуратурай і вайсковай пракуратурай у 1980-я, 1990-я і 2000-я гады — а яны выявілі, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры сталінізму.

Чытайце. Курапаты: на сёння вядома амаль усё

Карэспандэнт «Нашай Нівы» з гэтай нагоды пазваніў прэс-сакратару Мінабароны Уладзіміру Макараву.

Арцём Гарбацэвіч: У «Беларускай ваеннай газеце» апублікаваны матэрыял, у якім сцвярджаецца, што ў Курапатах расстрэльвалі немцы, а не НКВД. Гэта як расцэньваць, як афіцыйную пазіцыю ведамства? 

Уладзімір Макараў: Афіцыйная пазіцыя ваеннага ведамства апублікавана яшчэ ў 1994 годзе, пры спадары Казлоўскім [міністр абароны Павел Казлоўскі — Рэд.].

Артыкул выйшаў у ваеннай газеце «Во славу Родины», аўтар — герой СССР, камандзір партызанскай брыгады. Ён аскепкаў не пакідае ад канцэпцыі БНФ і паказвае: хто, дзе і калі забіваў габрэяў, якія былі вывезеныя ў Смаленск, а потым перавезены ў Курапаты. 

Вось, калі ласка, чытайце яе. Яна, дарэчы, у тысячу разоў мацнейшая за кнігу гэтага вучонага Плавінскага.

Наступным крокам я хацеў і прапаноўваў апублікаваць той самы артыкул 1994 года.

Арцём Гарбацэвіч: Карацей, афіцыйная пазіцыя ведамства — расстрэльвалі немцы. Так? 

Уладзімір Макараў: Пры чым тут афіцыйная пазіцыя ведамства?

У нас свабодная краіна, свабодная прэса. І меркаванне вучонага, кандыдата гістарычных навук, выкладчыка факультэта ўнутраных войскаў, вельмі і вельмі каштоўнае ў гэтым пытанні.

Арцём Гарбацэвіч: Ці правільна я разумею, што пад словамі ў загалоўку «Курапаты — нахабная хлусня «свядомых», маюцца на ўвазе, у тым ліку, і дзеянні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — замоўцы мемарыяла ў Курапатах, на якім напісаны словы «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў ХХ стагоддзя»?

Уладзімір Макараў: Яшчэ раз падкрэсліваю, што апублікавана меркаванне вучонага. Што датычыць афіцыйнай пазіцыі, высказанай яшчэ пры Казлоўскім, то звярніце ўвагу на тэкст героя СССР, камандзіра партызанскай брыгады.

[Далей Макараў пачаў апісваць досвед размовы з адным з журналістаў тэлеканала «Белсат», але мы не можам спраўдзіць змест іхняй размовы, таму не будзем гэта прыводзіць.] 

Арцём Гарбацэвіч: Калі ўявіць, што я прымаю вашу пазіцыю, якія нам высновы трэба зрабіць? Што з помнікам у Курапатах, на якім напісана «Ахвярам палітычных рэпрэсій» — яго трэба прыбраць адтуль? Ці надпіс проста замяніць?

Уладзімір Макараў: Не трэба нічога мяняць, бурыць. Гаворка пра іншае — пра праўду гістарычную. А рана ці позна яна будзе вядома. У нашых інтарэсах, каб менавіта праўда была вядома, каб не паўтарыць мінулае. Наконт рэпрэсій — чытайце мае артыкулы «Рэвалюцыя і вайна», там напісана, што любая рэвалюцыя — гэта вельмі страшна.

І не дай бог нам, як злобна кажуць на Усходзе: «Каб вы жылі ў час перамен». Таму што ёсць закон рэвалюцыі, сфармуляваны Дантонам. Стоячы перад трыбуналам, ён кінуў словы сваім будучым забойцам: «Гэта я стварыў ваш подлы трыбунал, хай даруюць мне людзі. Рэвалюцыя пажырае сваіх дзяцей». 

Гісторыя французскай рэвалюцыі вельмі крывавая, у ёй знайшлі спачын і лідары, і ахвяры.

А ў Савецкім Саюзе да 40-х гэта працягвалася, было страшна. Таму давайце думаць, каб у нас гэта не паўтарылася. 

Арцём Гарбацэвіч: Я не зразумеў цяпер вас — дык рэпрэсіі былі ці не былі? 

Уладзімір Макараў: Канечне, былі! Пытанне толькі дзе, калі і колькі. Гэта цяжкае пытанне, якое трэба даследаваць вучоным, спецыялістам з мацнейшымі аргументамі і толькі фактамі.

Арцём Гарбацэвіч: Як тады вы публікуеце ў «Ваеннай газеце» тэксты, у якіх няма ніводнага факта? Якія там факты?

Уладзімір Макараў: Там гаворка пра кнігу, якая заслугоўвае ўвагі. Кніга выйшла афіцыйна, з рэцензентамі. Чаму вы верыце не навукоўцам, а камусьці іншаму? 

Арцём Гарбацэвіч: Гісторык Ігар Марзалюк, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка кажуць, што ў Курапатах расстрэльвала НКВД — каму трэба верыць, ім ці Плавінскаму? 

Уладзімір Макараў: Вы перадзёргваеце факты! Гаворка пра канкрэтную кнігу, меркаванне навукоўца. Вашы пазіцыі — гэта самы сапраўдны таталітарызм, вы не прыслухоўваецеся да альтэрнатыўнага меркавання. Прыслухайцеся, падумайце, калі ласка. 

Давайце акуратна ставіцца да ўсіх навукоўцаў, у тым ліку да меркавання чалавека, які займаецца непасрэдна гэтай праблемай. 

Арцём Гарбацэвіч: Ці будзеце вы публікаваць па такой логіцы і альтэрнатыўныя погляды альтэрнатыўных навукоўцаў на Халакост? 

Уладзімір Макараў: Што датычыць Халакоста, мы асвятлялі гэта вельмі падрабязна, улічваючы, якое месца там займае беларуская калабарацыя і Вільгельм Кубэ. 

Што датычыць палітычных рэпрэсій, то ім ацэнка дадзена адназначная. Гэта праблема не толькі гісторыкаў, але псіхолагаў, псіхіятраў, сацыёлагаў. 

Не трэба нацягваць лішняга на НКВД, улічваючы біяграфіі кіраўнікоў, якія заўчасна сышлі ў нябыт. 

Каментары106

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне17

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве пасажырскі аўтобус урэзаўся ў слуп ВІДЭА1

Захворванні на кавід у Мінску за месяц знізіліся на 17 працэнтаў6

Чэргі з фур на выезд з Беларусі прыкметна скараціліся. Чаму так адбываецца?2

Мікрааўтобус жорстка сутыкнуўся з легкавіком у Брэсце, магчыма, ёсць пацярпелыя

Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам4

Беларус закінуў беларусу шайбу ў Канадзе ВІДЭА3

Элітная 155-я брыгада Ціхаакіянскага флоту Расіі страціла 80% складу пад Вуглядарам6

На Эверэсце знайшлі парэшткі альпініста, які знік 100 гадоў таму2

18 чалавекам стала млосна ад сцэн жорсткага сэксу падчас оперы ў Германіі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне17

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Галоўнае
Усе навіны →