Беларус Павел Валужын дэбютаваў у Нью-Ёркскім Метраполітэн-опера — адным з самых прэстыжных тэатраў у свеце. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце амерыканскага калектыву, заўважыла «Люстэрка».
Беларус выканаў партыю герцага Мантуанскага ў оперы Джузэпэ Вэрдзі «Рыгалета».
Павел Валужын нарадзіўся ў Радашковічах. Скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя Агінскага, пасля Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю. У 2013—2016 гадах быў артыстам маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі, у 2016—2018-м — салістам опернай трупы Вялікага тэатра.
У 2017-м адбыўся еўрапейскі дэбют Валужына ў тэатры швейцарскага Базэля («Багема» Джакама Пучыні), за ім пайшлі выступленні ў нямецкай оперы ў Берліне, Дрэздэнскай Земперопер, Венскай Фольксопер, оперы Тулона, на Брэгенцкім фестывалі. З 2018-га — саліст дзяржаўнай оперы Штутгарта (Германія).
Да Валужына з беларусаў на нью-ёркскай сцэне выступалі толькі салісты санкт-пецярбургскага Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук і Ірына Гардзей, салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі Аксана Волкава, а таксама Аляксандр Рославец, саліст Гамбургскага Опернага тэатра (Германія).
Каментары