Перад «Марафонам адзінства» ў Жлобіне дзяцей навучаць імітаваць «актыўны партэр»
У навучальныя ўстановы Жлобінскага раёна паступіла разнарадка аб прыцягненні вучняў да ўдзелу ў масоўцы так званага «Марафону адзінства». Пра гэта стала вядома выданню «Флагшток» ад крыніцы, звязанай з сістэмай школьнай адукацыі.
Акцыя гэтай прапагандысцкай кампаніі, прымеркаванай да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных сёння на 26 студзеня 2025 года, пройдзе ў Жлобіне 25-26 кастрычніка.
Для рэпетыцыі дзеянняў масоўкі пад сцэнай дзяцей павінны накіраваць 24 кастрычніка ў палац гульнявых відаў спорту. Рэпетыцыя будзе праходзіць у вучэбны час на працягу сямі гадзін. Выязное харчаванне дзецям арганізоўваць не плануецца.
У адпаведнасці з патрабаваннем Жлобінскага райвыканкама, неабходна «забяспечыць удзел» згодна з загадзя падрыхтаванымі спісамі і праінфармаваць пра гэта аддзел ідэалагічнай работы.
Дзецям прыйдзецца рэпеціраваць «актыўны партэр» — энергічную падтрымку выступоўцаў. У Гомелі гэтую ролю адыгрывалі студэнты ВНУ, апранутыя ў чырвоныя і зялёныя футболкі.
Падчас акцыі ў Жлобіне анансаваныя «выставы, квэст, сустрэчы з вядомымі людзьмі, канцэрт найлепшых творчых калектываў краіны». Пад «вядомымі людзьмі» маецца на ўвазе, у прыватнасці, дэпутат-прапагандыст Вадзім Гігін.
Каментары