І ці ёсць свая назва для трэцяга боку цэглы, звычайна схаванага ад вачэй?
Такімі тэрміналагічнымі пытаннямі задаліся ў тэлеграм-канале «Спадчына».
Будаўнічая тэрміналогія звычайна вельмі распрацаваная, бо нават у вясковым дойлідстве патрабуецца дакладна разумець, пра што ідзе гаворка. Тры рознага памеру грані цэглы традыцыйна маюць свае назвы ва ўсіх мовах, бо ад іх размяшчэння ў муры залежыць яго трываласць і знешні выгляд.
Самыя вядомыя назвы маюць вузейшыя грані — бакавая і тарцовая. Па іх чаргаванні вызначаецца тып муроўкі, а калі на іх паставіць цэглу, то яе размяшчэнне будзе апісвацца адрозным чынам.
Будучых будаўнікоў сёння на вучобе знаёмяць з гэтымі тэрмінамі выключна па-руску. Найменшая тарцовая грань гэта «тычок», вузкая выцягнутая бакавая грань — «ложок», а самая шырокая, на якую звычайнай кладзецца цэгла, — «постель».
З першымі дзвюма гранямі асаблівых праблем няма, шмат хто яшчэ памятае іхнія беларускія назвы, бо традыцыйная пераемнасць ад майстра да вучня ў вясковым дойлідстве спынілася не так даўно, а таксама яны зафіксаваныя ў слоўніках.
Па-беларуску тарцовая грань гэта старча́к. Так называецца любы прадмет, які стаіць старчма, то-бок вертыкальна. Менавіта так і будзе стаяць цагліна, калі паставіць яе на гэты бок. У муроўцы трохі іншая логіка, таму «класці цэглу старчаком» будзе азначаць выкладаць яе тарцом да плоскасці сцяны.
Выцягнутая бакавая грань цэглы па-беларуску гэта руб. Гэта таксама ўніверсальны тэрмін для вузкага краю або вузкага боку любога прадмета. З той жа асновай словы рубец (след на целе, шво) і рубаха (ад старажытнарускага «рубъ» — кавалак, абрывак тканіны).
Чаргаванне руба і старчака цэглы вызначае тып муроўкі: два-тры рубы і адзін старчак — балтыйская муроўка як у Крэўскім замку, адзін руб і адзін старчак — гатычная муроўка, як у Сынкавіцкай царкве-крэпасці, калі адзін рад быў выкладзены рубам, а іншы старчаком — рэнесансная муроўка і г.д.
Самым загадкавым аказаўся трэці бок цэглы, на які яна ў большасці выпадкаў кладзецца. Гэты бок звычайна схаваны ўнутры мура, а таму пра яго згадваюць значна радзей, чым пра старчак і руб.
Па-польску гэта «podstawa», па-руску «постель», па-англійску «bed», але двухмоўныя слоўнікі не даюць адзінага і пераканаўчага перакладу, які б можна было адназначна звязаць з цэглай. Нічога канкрэтнага не адшукалася і ў іншых слоўніках.
Але актывісты, перабіраючы розныя варыянты, натыкнуліся на некалькі крыніц, у якіх найбольшая грань цэглы называецца словам пасцель.
Па-першае, гэта Энцыклапедыя сельскага гаспадара, якая выйшла ў 1993 годзе пад рэдакцыяй гісторыка Міхася Ткачова і змяшчае шмат карыснай інфармацыі па прыватным будаўніцтве на беларускай мове.
Цікава, што на схеме з цаглінай найменшая грань пазначана як папярочка, але далей сустракаюцца толькі старчак і старчаковы.
Энцыклапедыя таксама прыводзіць назвы непаўнамернай цэглы: трохчвэртка (3/4 звычайнай цагліны), палавінка (1/2) ды чвэртка (1/4).
Слова пасцель Ткачоў выкарыстоўваў і ў сваёй кнізе «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст.» 1978 года, калі распавядаў пра падоўжаныя барозны на цэгле, з якой складзена Камянецкая вежа.
Археолаг Алег Трусаў піша ў кнізе «Манументальнае дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў: гісторыя будаўнічай тэхнікі», выдадзенай у 2001 годзе, што шырокія бакі цаглін навукоўцы называюць пасцель і яе агляд часта дапамагае атрымаць звесткі пра тэхналогію іх вытворчасці.
Пачынаючы з XIII стагоддзя на пасцелі беларускай цэглы з'яўляюцца доўгія барозны, праведзеныя пальцамі або (радзей) спецыяльнай прыладай накшталт грабеньчыка.
Трусаў таксама прыводзіць гістарычныя назвы непаўнамернай цэглы: дзявятка, або трохчвэртка (3/4 звычайнай цагліны), палавінка, або шасцёрка (1/2), квартка, ці чацвярцінка (1/4), а таксама бэлечка (1/2), атрыманая пры разломванні цагліны ўдоўж.
У першым томе выдання «Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце», выдадзеным у 2005 годзе, беларуская мастацтвазнаўца Тамара Габрусь таксама згадвае пра нягладкую пасцель цэглы-плінфы, якую рабілі дзеля лепшага злучэння з рошчынай.
Звычайна пад пасцеллю разумеецца месца для спання з пасланымі на ім спальнымі рэчамі, але слоўнікі сапраўды даюць і другое яго значэнне — частка вырабу ці якой-небудзь прылады, на якой размяшчаецца што-небудзь. Пасцель, напрыклад, ёсць у падшыпніка, гэтае ж слова цалкам пасуе і для цэглы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары