Свет1818

Масква з дапамогай агента-амерыканца стварыла ў ЗША сетку рэгіянальных псеўдаСМІ

Апублікаваныя расследавальнікамі дакументы раскрываюць механізмы дзеяння сеткі дэзынфармацыі. Частку яе матэрыялаў рэпосцяць і беларускія дзяржаўныя каналы.

Джон Марк Дуган John Mark Dougan
Джон Марк Дуган. 2016 год. Фота: Olga Leonova / Wikimedia Commons

Былы марскі пехацінец і намеснік шэрыфа акругі Палм-Біч у Фларыдзе Джон Марк Дуган стаў вядомы пасля публікацыі канфідэнцыйных даных тысяч паліцыянтаў і суддзяў у 2016 годзе. Гэта прывяло да ператрусу ў яго доме і абвінавачанняў па 21 пункце, уключаючы вымагальніцтва і незаконнае праслухоўванне. У 2017 годзе Дуган збег у Маскву. Цяжка сказаць, ці ён працаваў на Расію да таго, ці пачаў працаваць пасля таго, але цяпер ён стаў важнай постаццю крамлёўскай прапаганды.

Як піша The Washington Post, цяпер Дуган цесна супрацоўнічае з расійскай вайсковай разведкай (ГРУ), займаецца стварэннем дыпфэйкаў і распаўсюджваннем дэзынфармацыі.

У распараджэнні выдання аказаліся больш за 150 дакументаў, якія ахопліваюць перыяд з сакавіка 2021 года па жнівень 2024 года. У іх раскрываюцца ўнутраныя механізмы сеткі дэзынфармацыі, звязанай з Джонам Маркам Дуганам, якая, на думку даследчыкаў і разведкі, стала адной з найбольш магутных крыніц фэйкавых навін, якія распаўсюджваюцца з Расіі і нацэленыя на амерыканскіх выбаршчыкаў.

Згодна з дакументамі, атрыманымі адной з еўрапейскіх разведак, Дуган звязаны з высокапастаўленым афіцэрам ГРУ, які дзейнічае пад псеўданімам Юрый Харашэўскі. Выданне сцвярджае, што ў рэальнасці імя афіцэра Юрый Харошанькі, і ён служыць у падраздзяленні ГРУ 29155, якое займаецца сабатажам, палітычнымі аперацыямі і кібервайной супраць Захаду.

Дакументы паказваюць, што Джон Марк Дуган таксама атрымлівае фінансавую падтрымку і ўказанні ад «Цэнтра геапалітычных экспертыз», заснаванага Аляксандрам Дугіным. Кантакт Дугана ў гэтай установе — дырэктар Валерый Каровін, які ў 2023 годзе быў узнагароджаны Пуціным медалём за выкананне «спецыяльных задач». Каровін таксама цесна супрацоўнічае з Харошанькім, які пад сваім выдуманым імем з'яўляецца намеснікам дырэктара інстытута.

Дакументы ўтрымліваюць інфармацыю аб прамых плацяжах ад Харошанькага на банкаўскі рахунак Дугана ў Маскве, пачынаючы з красавіка 2022 года, і частыя сустрэчы паміж Харошанькім, Дуганам і Каровіным. Згодна з дакументамі, Харошанькі даваў Каровіну інструкцыі, у тым ліку па асвятленні вайны ва Украіне. Напрыклад, патрабаваў ад журналістаў, уключаючы Дугана, неадкладна публікаваць матэрыялы пра нібыта знішчаных нібыта наёмнікаў ва Украіне.

Дакументы таксама паказваюць, што Каровін і Харошанькі спрыялі Дугану ў яго імкненні атрымаць расійскае грамадзянства, якое яму далі летам 2023 года. Да расійскага ўварвання Дуган ездзіў ва Украіну, а затым выклаў на YouTube відэа пра тое, што Злучаныя Штаты нібыта кіруюць там лабараторыямі па стварэнні біялагічнай зброі. Гэтае лжывае сцвярджэнне Расія выкарыстала ў якасці адной з прычын для сваёй вайны. Два гады таму пра «біялабараторыі» штодзень пісалі ўсе расійскія і лукашэнкаўскія каналы, цяпер пра гэтую выдумку болей не ўспамінаюць.

Пасля пачатку ўварвання Дуган прапаноўваў Каровіну сваю дапамогу ў навучанні расійскіх салдат, выкарыстоўваючы свой досвед службы ў марской пяхоце, але Каровін адказаў, што будзе больш карысці, калі той працягне займацца дзейнасці ў інфармацыйным полі.

Да сярэдзіны 2023 года Дуган актыўна ствараў кантэнт для свайго сайта DC Weekly, выкарыстоўваючы штучны інтэлект для перакладу расійскіх навін на англійскую мову і распаўсюджвання антызаходніх наратываў, накіраваных супраць НАТА і ЗША.

У кастрычніку 2023 года ён выпусціў свой першы вірусны артыкул, у якім сцвярджалася, што жонка Уладзіміра Зяленскага, Алена Зяленская, выдаткавала $1,1 млн у краме Cartier. Артыкул быў чыстай фальшыўкай, але разляцеўся інтэрнэце і дагэтуль рэпосціцца рэсурсамі тыпу беларускіх дзяржаўных.

У іншай фальшыўцы, створанай Дуганам, гаварылася, што Зяленскі выкарыстаў дапамогу ЗША для куплі дзвюх раскошных яхтаў. Ілжывае сцвярджэнне было прыведзенае некалькімі высокапастаўленымі рэспубліканцамі ў якасці прычыны для спынення фінансавання Украіны.

Згодна з дакументамі і інфармацыі спецыялістаў па выяўленню дэзынфармацыі, Дуган нясе адказнасць за кантэнт на дзясятках псеўдаСМІ з назвамі тыповымі для рэгіянальных парталаў кшталту DC Weekly, Chicago Chronicle і Atlanta Observer.

Увесну 2023 года некалькі яго сайтаў пачалі адчуваць тэхнічныя цяжкасці, некаторыя дамены былі заблакаваныя. Тады Дуган пачаў прасіць фінансаванне ў сваіх расійскіх саюзнікаў, каб генераваць кантэнт з дапамогай уласнага штучнага інтэлекту (ШІ), пазбягаючы залежнасці ад заходніх тэхналогій.

Пасля перазапуску на новых рэсурсах і на аснове генератара ШІ, выдзеленага ГРУшнікамі, яго сайты і фэйкавыя відэа сталі аднымі з самых вірусных крыніц расійскай дэзынфармацыі.

За некалькі месяцаў колькасць праглядаў яго сетак павялічылася з 37,7 мільёна ў маі да 64 мільёнаў у кастрычніку 2023 года. Нягледзячы на ​​тое, што СМІ выкрываюць адзін яго фэйк за другім, яго фэйкі працягвалі даходзіць да шырокай аўдыторыі, што сведчыць аб тым, як цяжка змагацца з такімі дэзынфарматарамі.

На гэты момант Дуган і яго паплечнікі сканцэнтраваныя на дыскрэдытацыі Камалы Харыс. Ёсць падставы думаць, што неўзабаве пяройдуць да вытворчасці дыпфэйкаў, якія будуць ставіць пад сумнеў сумленнасць падліку галасоў на выбарах у ЗША.

Даследчык Макензі Садэгі з кампаніі NewsGuard, якая адсочвае дэзынфармацыю, адзначае, што Дуган, у адрозненне ад многіх ранейшых ГРУшнікаў, выразна разумее, што выклікае водгук у заходняй аўдыторыі.

Каментары18

  • абалдзець. Зь імі можна рабіць што хочаш
    24.10.2024
    Фашык Салаўеў Дугана ўжо 3 гады рэпосьціць а ту і ЦРУ прачнулася
  • Аххаха
    24.10.2024
    абалдзець. , дык выбары праз два тыдні! Ды й трэба ж будзе патлумачыць потым, чаму камсамолка і спарцменка прайграла рудому гітлеру.
  • Fredeberg Tate
    24.10.2024
    відавочна , што амэрыканцы маюць вялікі палітычны крызыс , - не далі рады знайсьці на пасаду прэзідэнта 330 мільённага краю кандыдатау́ па 35-45 гадоу́ )))
    выставілі 79 г ідыёта і лявацкую юрыстку з атачэньня Байдэна

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску41

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

«Могуць пайсці і знайсці іншага лоха!» Трамп перасцярог БРІКС ад спробаў увесці ўласную валюту14

Коля Лукашэнка расказаў, ці сядзіць ён у сацсетках17

«Лукашэнка ў Ісламабадзе». Найлепшыя твіты тыдня5

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць70

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром4

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску41

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →