Грамадства

Беларус расказаў, як рэгулярныя наведванні радзімы ледзь не вылезлі яму бокам

Мінскі айцішнік Улад (імя змененае ў мэтах бяспекі сваякоў) актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года, хадзіў на нядзельныя маршы, а падчас антываеннага мітынгу ў дзень рэферэндуму 27 лютага 2022 года нават трапіў на суткі. Пасля таго выехаў за мяжу, але працягваў ездзіць на радзіму. Але цяпер гэтага рабіць ужо не будзе, піша «Вясна».

Амапаўцы на антываенным мітынгу ў Мінску 27 лютага 2022 года. Фота: ТАСС

Амапаўцы на антываенным мітынгу ў Мінску 27 лютага 2022 года. Фота: ТАСС

«Мяне выцягнулі з аўтамабіля і збілі да непрытомнасці»

Улад у тую нядзелю вырашыў далучыцца да мітынгоўцаў, аднак да месца падзей даехаць на сваім аўтамабілі не паспеў — вуліцы былі перакрытыя. Ён завярнуў у двор, дзе адразу звярнуў увагу на амапаўцаў, якія выцягвалі з пад’езда мужчын.

«Мяне ў гэты момант перамкнула, з’явілася такое міжвольнае жаданне напалохаць іх, і я газануў трохі ў іхні бок. Тады яны кінулі затрыманых і да мяне.

Я паспеў па сустрэчнай паласе ад’ехаць за вугал, у суседні дворык, але там ужо на мяне накінуліся — сталі дручкамі біць па аўтамабілі, мяне дасталі з салона і адразу вырубілі моцнымі ўдарамі.

Калі крыху апрытомнеў, то выгляду не паказваў, каб больш не білі. Чуў толькі, што па рацыі перадаюць адзін аднаму, што я ледзь не збіў аўтамабілем амапаўца і яшчэ крыху напалохаліся, што перастараліся і са мной нешта не тое. 

Затым паклалі тварам на капот, сталі запытваць, навошта я збіў супрацоўніка АМАПа, хто я такі, прозвішча і ўсё гэта яны запісвалі на відэа. Я паўтараў толькі адно: нікога не збіваў», — расказвае мужчына.

Потым Улада адвялі ў найбліжэйшы аўтазак і перадалі супрацоўнікам міліцыі са словамі, што гэты вось збіў амапаўца. У РУУСе, куды дастаўлялі затрыманых, усіх паставілі каля сцяны, а яго адразу прыгнулі на калені і надзелі кайданкі.

«Я баяўся, што мяне ўжо надоўга ўпакуюць. Яшчэ і супрацоўнікі міліцыі палохалі: «Ну ўсё, табе 15 год гарантавана». Але потым склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, дзе напісалі, што я нібыта выкрыкваў «Слава Украіне!»

У ІЧУ на Акрэсціна, куды мяне разам з іншымі даставілі вечарам, чакаў суда трое сутак.

І вось разгляд маёй справы. У судзе Ленінскага раёна на калідор, бачу, заходзіць нейкі цывільны з дакументамі, і адразу чую сваё прозвішча. Суддзя распытвала, як і дзе мяне затрымалі, што я рабіў там, пыталіся, дзе мой аўтамабіль.

У выніку далі 12 сутак арышту і адвезлі ў Жодзіна, бо ў тыя дні Акрэсціна было перапоўненае затрыманымі ўдзельнікамі антываеннага мітынгу.

А ў Жодзіна, як і паўсюль тады: камеры перапоўненыя, ні матрацаў, ні перадач, ні прагулак… нічога. Увесь час я перажываў і хваляваўся, што ўжо не выйду, што завядуць крыміналку нібыта на наезд на амапаўца».

Людзі збіраюцца на мітынг у Мінску

Людзі збіраюцца на мітынг у Мінску 27 лютага. Фота з сацыяльных сетак.

Пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання сябры параілі Уладу тэрмінова набываць квіток і з’язджаць з Беларусі хоць куды — хоць у Арменію, ці Казахстан. На той час фірма, дзе ён працаваў тэсціроўшчыкам, рэлакавалася ў Літву, і таму яму дапамаглі хутчэй выехаць і атрымаць працоўны ДНЖ.

«Я яшчэ ездзіў час ад часу ў Беларусь, але калі ў Мачулішчах у лютым 2023 года спрабавалі ўзарваць самалёт, я ўжо больш не рызыкаваў. Так прайшло паўтара года. А гэтым летам, у ліпені, паехаў, каб зрабіць даверанасць. На мяжы мяне знялі з аўтобуса і адправілі на «гутарку».

Я рыхтаваўся да такіх падзей, яшчэ раз прагледзеў свой тэлефон і нават адшукаў ранейшы данат праз фэйсбук. Мяне распытвалі, чаму я ў базе знаходжуся. Адказаў ім, што адміністратыўка была ў 2022 годзе за тое, што выкрыкваў «Слава Україне!». А ў тэлефоне нічога крамольнага не адшукалі», — кажа Улад.

«Лепей у Беларусь не вяртацца, бо невядома, чым гэта скончыцца»

На гэтым прыгоды айцішніка не скончыліся. Паколькі ў яго сканчаўся тэрмін дзеяння пашпарта, ён вырашыў рызыкнуць яшчэ раз і выправіўся ў Мінск. Спецыяльна выбраў суботу, бо ў гэты дзень невялікая верагоднасць трапіць на «гутарку» да беларускіх спецслужбоўцаў.

«У суботу, 10 жніўня, я паехаў ізноў у Мінск, а ў канцы месяца хацеў атрымаць новы дакумент. У аддзеле па міграцыі мне адказалі, што біяметрычны пашпарт мне аддаць не могуць, паколькі, як аказалася, мне закрыты выезд з Беларусі. Тады я папрасіў вярнуць стары пашпарт, каб паспрабаваць вырашыць пытанне з выездам у міліцыі.

Але ў РУУСе інфармацыі такой не было. Сказалі звяртацца ў аддзел міграцыі па месцы жыхарства. Атрымалася замкнёнае кола. Удалося толькі даведацца, што 12 жніўня мяне ўнеслі ў базу невыязных, і што я лічуся падазраваным па арт. 342 Крымінальнага кодэкса».

Адразу Улада пачалі шукаць супрацоўнікі міліцыі, распытвалі сваякоў, ён вымушаны быў хавацца і жыць у знаёмых. Улад пачаў думаць, як можна бяспечна выехаць з Беларусі. Спрабаваў праз «Байсол», але не атрымалася на той час.

«Я ведаў, што можна гэта зрабіць, што ёсць варыянты, але не ўяўляў, наколькі шлях да волі можа быць цяжкім і складаным. Нягледзячы на вялікія перашкоды і праблемы, на магчымасць затрымання і прымусовага вяртання ў Беларусь, я змог вярнуцца назад у Літву, праўда, без новага пашпарта. Так эксперыментаваць не варта».

Улад выказаў жаданне расказаць пра гэты выпадак, каб перасцерагчы іншых беларусаў ад паездак у Беларусь нават па важнай прычыне, паколькі ніколі не можна дакладна ведаць, што там можа цябе чакаць.

Каментары

Стала вядома пра арышт мінскага хірурга з 17-гадовым стажам. Ёй пагражае агромністы тэрмін за палітыку5

Стала вядома пра арышт мінскага хірурга з 17-гадовым стажам. Ёй пагражае агромністы тэрмін за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Скандал ва Украіне: вайсковец катаваў падначаленых і прыкрываўся сваімі сямейнымі сувязямі7

Тры сцэнары, па якіх «Белтэлекам» стане мабільным аператарам9

У Мінску заўважылі абрыкосы амаль па 100 рублёў за кілаграм

Напярэдадні СБУ прад'явіла падазрэнне забітаму ў Маскве генерал-лейтэнанту за прымяненне хімічнай зброі2

Латвійскі баскетбаліст Ціма скончыў жыццё самагубствам у цэнтры Масквы — на дзень нараджэння былой жонкі, спявачкі Седаковай1

У Маскве падарвалі генерал-лейтэнанта і яго памочніка4

У Беларусі распаўсюдзяць Віфлеемскі агонь, але даставяць не з Віфлеема

Улады знайшлі спосаб забяспечаць насельніцтва айчыннай свінінай. Вось план5

Былы кіраўнік МЗС Літвы пра Макея: Я казаў яму, зрабіце нармальныя выбары. Што вы ўвесь час нейкія рэпрэсіі?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт мінскага хірурга з 17-гадовым стажам. Ёй пагражае агромністы тэрмін за палітыку5

Стала вядома пра арышт мінскага хірурга з 17-гадовым стажам. Ёй пагражае агромністы тэрмін за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →