Уладзімір Пугач: Вельмі цяжка сёння ўсведамляць — што Радзіма напаўжывая
Пра новыя справы, двойчы акупаваную Беларусь, і што выцягвае з дэпрэсіі, «Салідарнасці» распавёў Уладзімір Пугач, лідар гурта J:Морс, які 2 лістапада ў Варшаве адзначае вялікім канцэртам сваё 25-годдзе. Музыка больш за два гады вымушана жыве ў Варшаве, дзе стаў яшчэ і акцёрам, сыграўшы разам з купалаўцамі ў спектаклі «Зэкамерон».
— Уладзімір, у 2009-м, калі вам споўнілася 33, а «J:Морс» святкаваў 10-годдзе, вы апроч іншага расказалі, што пахудзелі на 33 кілаграмы, бо адмовіліся ад алкаголю.
Цяпер ужо Алег Гарбуз казаў, што вы ўтрох, з Сяргеем Чубам, не адзначылі прэм’еры «Зэкамерона» ў тым ліку таму, што «Пугач не п’е». Гісторыя паўтараецца?
У 2009-м вы сур’ёзна казалі, што «ў 30 гадоў адчуваеш, што ў цябе ёсць цела». Сёння гэта смешна згадваць…
— Ну вядома, у мяне дачцэ 30 гадоў цяпер, падаецца, зусім яшчэ маленькая. Я сапраўды мала ўжываю алкаголь, а не святкавалі таму, што прэм’ера «Зэкамерона» адбылася ў маі, а на наступны дзень я паляцеў на гастролі ў Штаты.
Што тычыцца вагі, то, на жаль, усе мае 30 лішніх кіло са мной, вярнуліся праз стрэс апошніх гадоў. Кожны па-свойму рэагуе на стрэс: хтосьці п’е, хтосьці прымае антыдэпрэсанты, у мяне вяртаецца вага.
Паліць я кінуў паўгода таму. Не магу сказаць, што цалкам не п’ю, раз на паўгода магу выпіць віна. Але гэта не было прычынай адмены ніводнага святкавання. Алег насамрэч пажартаваў. Апошнія спектаклі «Зэкамерона» мы гралі ў верасні, у Алега тады быў дзень народзінаў. І тое што я не п’ю, ніяк не замінала нам разам адсвяткаваць.
«Змена роду заняткаў вельмі дапамагае не звар’яцець»
— У нейкі момант пачынаеш разумець, што трапіў у такое становішча, і самае апошняе, што трэба рабіць, гэта пачынаць сябе шкадаваць і ўсё дазваляць. Бо гэта такая падманка. Мне здаецца, трэба рабіць наадварот.
Я здымаю стрэс зменай роду заняткаў. Займаўся музыкай, потым мяне запрасілі граць у тэатры, і гэта вельмі цудоўная падзея ў маім жыцці. Яшчэ займаюся прадзюсаваннем аўдыякніжак. Змена роду заняткаў вельмі дапамагае не звар’яцець у дадзеных абставінах. Не абавязкова паліць і бухаць.
— «Зэкамерон» пачынаецца з радкоў, якія вы дужа кранальна, да слёз, спяваеце пад гітару:
«Я б цябе запрасіў у сваю хату, тут заўсёды частуюць гарбатай. І ніколі не гасне святло. Але ты… не прыходзь. Тут не дрэнна, але тыдні знікаюць дарэмна, Быццам увогуле іх не было…»
Спрабавала адшукаць гэтую песню цалкам, але яе няма.
— Гэта радкі Максіма Знака, якія ён напісаў за кратамі. Што тычыцца песні, для ўсяго свой час. Увогуле праца над спектаклем пачалася толькі ў лютым мінулага года. І гэтыя радкі адмыслова для спектакля. Але ёсць ідэя зрабіць не адну песню, а цалкам запісаць і выдаць увесь саўнд-трэк да спектаклю.
Першапачаткова мая задача была знайсці вершы беларускіх палітвязняў, іх шмат. Я шукаў менавіта тыя, што чапляюць. У спектаклі ёсць вершы Максіма Знака, два вершы журналіста Андрэя Кузнечыка. Некаторыя я сам напісаў.
То-бок я абіраў тэксты, якія падаліся вельмі шчырымі і якія выклікаюць пранізлівыя адчуванні. І задаволены, што дасягнуў мэты, і што людзі, якія глядзяць спектакль, адчуваюць нешта падобнае.
— Як увогуле вы трапілі ў «Зэкамерон»? І ці мо вас зараз клічуць «купалаўцам», ці мо вы самі сябе ім лічыце?
— З Алегам [Гарбузам] мы сябруем ужо колькі гадоў. І калі абодва, кожны сваёй дарогай, трапілі ў Варшаву, то сустракаліся, рабілі разам аўдыякніжкі. Алег начытваў іх для майго выдавецтва Litaralna. А ў лютым патэлефанаваў і кажа: «Слухай, а калі мы такое вось паспрабуем зрабіць — дапаможаш?»
«Зэкамерон» — гэта не 20 апавяданняў, якія мы ўключылі ў спектакль, іх там больш, каля 100. Для мяне гэта гонар з самага пачатку, бо гэта найбуйнейшы і галоўны тэатр краіны, маёй роднай Беларусі. І для мяне вялікі гонар, калі я ў спектаклі і з гэтымі людзьмі.
Я ж не акцёр і не ведаю, як гэта ўсё робіцца. Яны вучылі мяне як іграць, давалі парады. Войцек Урбаньскі, наш цудоўны рэжысёр, дапамагаў мне, каб на фоне Гарбуза і Чуба не выглядаць зусім аматарам. І для мяне гэта важная частка жыцця і вельмі-вельмі важны досвед.
— Ваш гумар утрох на сцэне — гэта нешта файнае!
— Дык у нас усё праз гумар, мы ўвесь час падкалваем адзін аднаго. Гэта вельмі дапамагае. Яшчэ і таму, што нам было вельмі важна перадаць тое, што закладваў Максім Знак у сваіх расказах. Каб не было ўвесь час надрыву. Каб нават такія чорныя моманты ў жыцці можна было ўспрымаць і праз светлы бок.
Напэўна, гэта ўсё перадалося гледачам і ад нашых асабістых адносін з Алегам Гарбузам і Сяргеем Чубам. І з нашым рэжысёрам Войткам Урбаньскім, які цягам працы над спектаклем авалодаў беларускай мовай.
«Дапамагае адчуванне, што ты не адзін»
— Для мяне самае цяжкае ў эміграцыі, што не магу пабачыць блізкіх, на іншае і скардзіцца не варта. Так, бывае дэпрэсія і туга. Насамрэч рана ці пазней, але гэта адбываецца амаль ва ўсіх вымушаных беларускіх эмігрантаў. Спачатку часцей, потым меней.
Час ад часу надыходзіць плынь, якая не дае пакою. Хочацца дахаты, узнікаюць пытанні, што я тут раблю і як сюды трапіў? Гэта ўсё адбываецца, але яно і мінае.
Важна працягваць займацца тым, у што ты верыш. І я так раблю, і Алег. Не спыняцца, ісці далей. Так, ёсць пэўны негатыў: што мы трапілі ў цудоўную Польшчу незапланавана, не па сваёй волі і не можам зараз вярнуцца ў Беларусь.
Але ж гэта наш выбар — увесь час пра гэта думаць ці думаць пра нешта іншае. Пра тое, што зараз перад намі ўвесь свет, і мы можам працаваць для беларускіх дыяспар паўсюль.
Што мы і робім, і з гуртом, і са спектаклем. Знаёмімся з новымі цікавымі людзьмі, з канцэнтраваным інтэлектуальным грамадствам Беларусі, якое пабудавалася ў Польшчы.
Узнікае шмат праектаў, больш, чым нават у Беларусі да 2020-га. Гэта такая мэта — Беларусь, якая чакае свайго часу, каб вярнуцца на сваю тэрыторыю.
— Але ўвечары кладзешся ў ложак і накрываюць сумныя думкі. Што дапамагае?
— Адчуванне, што ты не адзін. Скардзіцца тут няма сэнсу, бо ты можаш паскардзіцца іншаму чалавеку. Дапамагае прыгадваць нешта смешнае, сяброў і блізкіх. Дачка мая тут таксама ў Варшаве жыве. І праца.
А сумныя вечары бываюць ва ўсіх, страхоўкі няма, такое нават і раней здаралася, яшчэ ў Беларусі да 2020-га. Сумныя вечары ў любыя часы — гэта неад’емная частка нашага жыцця.
«Раней я быў чалавек-выбух»
— У 2009-м, мо на эмоцыях, аднойчы казалі, што вы «тыран і эгаіст». Мо з цягам апошніх 15-ці год нешта змянілася?
— Зразумела, зараз я больш разумны, мяккі, не рэагую рэзка на ўсё, што адбываецца навокал. І гэта вельмі дапамагае захаваць добрыя адносіны з атачэннем. Не ў апошнюю чаргу з-за гэтага мы захавалі гурт, не разышліся, працуем далей.
У нас адзін да аднаго цярплівасць, сяброўства і павага. Такое стаўленне да жыцця вельмі дапамагае. Да гэтага прыходзіш, з такім не нараджаешся.
Я, вядома, раней быў чалавек-выбух. Цяпер — не, цяпер я спакайнейшы, але мне падаецца, што становішча, у якім сёння апынуўся, дазваляе больш глыбока аналізаваць жыццё, свет навакол і тое, што адбываецца.
— Пугач — чалавек-выбух? Во дзівосная заява! Вы ж заўсёды на публіку ціхенькі і інтэлігентны здаваліся. Ці то былі рамкі, якія вы самі ўсталявалі?
— Калі мне было 30, я мог даволі рэзка рэагаваць на нешта. Быў не стрыманы ў адносінах з людзьмі, мог рэзка адказаць, нават пакрыўдзіць словамі. Цяпер такога амаль няма, і мне гэта падабаецца.
— А што зараз можа выцягнуць на паверхню Пугача-тырана?
— Вельмі не люблю крывадушнасці і дурасці. Асабліва калі яны ідуць у спалучэнні.
«Наша мэта — зрабіць даступнай для беларускай моладзі літаратуру пра сваю краіну, гісторыю»
— Вы яшчэ і рэдактар выдавецтва Litaralna, запісалі аўдыякніжкі Кастуся Каліноўскага «Мужыцкая праўда» і Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам». І з Алегам Гарбузам супрацоўнічалі.
—Так, мы нават запісалі з ім ужо дзве кніжкі. Пачалі з запісу выбітных кніжак канца XIX стагоддзя, якія ілюстравалі жыццё ў Беларусі таго часу. Ігнацы Яцкоўскі і яго «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды» — кніжка напісаная ў сярэдзіне XIX стагодзя, якая распавядае пра жыццё Наваградка і наваколля падчас Айчыннай вайны 1812 года. Вельмі цікавы твор.
Таксама мы запісалі і Яна Баршчэўскага, «Шляхціц Завальня» — цудоўны твор фантастычных апавяданняў заходняй беларускай міфалогіі.
Запісалі, на мой погляд, і галоўны філасофскі твор пачатку XX стагоддзя Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам». Саша Памідораў цудоўна яго агучыў.
Зрабілі праект «Мужыцкая праўда», дзе паўдзельнічалі 7 чалавек, у тым ліку і я.
І яшчэ з Алегам Гарбузам запісалі «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Даволі простая кніжка, якая мо і не вытрымлівае стандартаў XXI стагоддзя, але вельмі важная і адна з першых гістарычных кніг, якая разглядае беларускі народ, як самастойны гістарычны суб’ект.
Для мяне важна было перавесці яе ў стандарт аўдыя, каб яе магла слухаць і моладзь. Падаецца, па колькасці праслухоўванняў яна цяпер у нас на першым месцы.
— Выдавецтва прыносіць вам больш грошай сёння, чым гурт?
— Не, наша выдавецтва гэта не бізнэс насамрэч. Гэта аўдыякніжкі. У нас няма складоў, друкарань. Мая праца — арганізаваць працу студыі запісу, аформіць, зрабіць звядзенне матэрыялу, вокладкі і распаўсюдзіць.
І вельмі важна тое, што нашы кніжкі ў свабодным доступе, яны бясплатныя. Гэта некамерцыйны праект, мы знайшлі грошы і зрабілі яго. І цяпер ізноў працягваем шукаць сродкі, каб яго працягваць. Наша мэта — зрабіць даступнай для беларускай моладзі літаратуру пра сваю краіну, гісторыю.
«Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы, гэта двойчы акупаваная краіна»
— Цяпер шмат у каго ёсць страхі пра Трэцюю сусветную, бо занадта вялікі ціск на межах Беларусі. На ваш погляд, рызыка вялікая?
— Тая турбулентнасць, якая цяпер адбываецца ў свеце, вельмі небяспечная. Але калі рэтраспектыўна прааналізаваць жыццё чалавека, то большая частка — гэта альбо войны, альбо турбулентнасць міжваенных падзей.
Падаецца, гэтыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай, якія пражылі нашы бацькі, і мы зачапілі — гэта, хутчэй, выключэнне.
Наша спакойнае жыццё дагэтуль — вынятак. Тое, што зараз адбываецца ў свеце і адбывалася большую частку чалавечай гісторыі, здаецца, норма для сённяшняга свету.
І зараз мы да гэтага павінны прызвычайвацца, мусім неяк з гэтым жыць.
Такія сітуацыі нагадваюць, што мір і жыццё — сапраўдныя каштоўнасці, а не проста словы з плакатаў і лозунгаў. У такія часы пачынаеш цаніць мір і тое, што твае блізкія цяпер побач з табой.
Турбулентнасць — так. Цяжкая і напружаная міжнародная палітыка — так. А ці будзе сусветная вайна?.. Да таго, як Расія напала на Украіну, большасць экспертаў казала, што гэта немагчыма. І гэта нас павінна было шмат чаму навучыць. Бо можна хоць 100 экспертаў пасадзіць, а ўсё будзе наадварот.
Тое, што свет сёння цяжарны ваеннымі канфліктамі — ну так. А дзе і калі яны адбудуцца — ніхто не ведае. Напружанасць у свеце такая, што можа палыхнуць дзе заўгодна.
— Вам не страшна? І што робіце, калі накатвае?
— Калі б у Варшаву прыляталі дроны, то было б страшна. Але, дзякуй Богу, не. Мне хутчэй страшна за тых, хто ва Украіне, там у мяне і сябры, і знаёмыя. Але і гэта не страх, больш спачуванне.
— Але і ў Беларусь дроны залятаюць. Што пра яе?
— Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы, гэта двойчы акупаваная краіна. Спачатку бандай, што захапіла ўладу, а потым і Расіяй. Бо выглядае так, што ад Расіі цалкам залежыць тое, што адбываецца ў Беларусі. У тым ліку і ваенная палітыка, і ядзерная зброя, якая зараз размешчаная ў Беларусі.
Здаецца, Беларусь для іх, пакуль не афіцыйна, — «Северо-западны край». Гэта вельмі не радасная абставіна для мяне. Ім засталося толькі рэферэндум правесці, як на Данбасе, і ўсё.
На мой погляд, спыняе іх зараз толькі тое, што яны сёння занятыя Украінай. Вельмі-вельмі цяжка мне сёння ўсведамляць, але гэта так — што мая Радзіма напаўжывая.
«Важна разумець, што мы тут зараз сумуем па тых рэчах у Беларусі, якія больш не існуюць увогуле»
— Што зрабілі б перадусім, калі заўтра можна было б вярнуцца ў вольную Беларусь?
— Вельмі важна разумець, што мы тут зараз сумуем па тых рэчах у Беларусі, якія больш не існуюць увогуле. Мы сумуем па Беларусі, якой больш няма. І вельмі-вельмі важна разумець, у якую Беларусь мы вернемся.
Цяпер, калі мне падаецца, што я прыеду і выйду на вакзале ў Менску, то пашпацырую па праспекту Незалежнасці ажно да Уручча. Проста пайду і буду ўзгадваць што і калі са мной адбывалася.
А яшчэ мяне турбуе, што большая частка нашых слухачоў і сёння знаходзіцца ў Беларусі. І я не хачу пра гэта забываць, мы працуем у першую чаргу для іх.
Каментары