Лукашэнка расказаў, што прадстаўнікі Захаду прыязджалі да яго пагаварыць пра Емен і Кітай
Падчас інтэрв'ю з Лукашэнкам журналіст Бі-бі-сі Стывен Розэнберг згадаў пра факт нядаўніх перамоў Лукашэнкі з прадстаўнікамі заходніх краін, пра што той сам гаварыў у мінулую суботу на «Дажынках» у Валожыне. І захацеў даведацца падрабязнасці — з кім яны былі і пра што.
З кім менавіта вяліся тыя перамовы, Лукашэнка гаварыць катэгарычна адмовіўся — маўляў, гэта патрабаванне ягоных суразмоўцаў. Але размова, маўляў, была цікавая абодвум бакам, бо доўжылася ажно чатыры гадзіны.
Гаворачы ж пра тое, што стала прадметам абмеркавання, Лукашэнка прадставіў сябе палітыкам сусветнага значэння, з якім прадстаўнікі Захаду нібыта спецыяльна прыехалі абмеркаваць геапалітычныя праблемы.
Ён з імі нібыта гаварыў з вышыні свайго багатага вопыту пра тое, што калі Захад дазволіць Украіне біць па Расіі дальнабойнымі ракетамі, то тады і Расія мае права паставіць магутную берагавую артылерыю еменскім хусітам, каб яны маглі тапіць заходнія караблі, і гэта будзе справядліва. Таму ён іх ад гэтага і засцярог.
Таксама нібыта з Лукашэнкам шмат гаварылі пра Кітай і ягоную ролю ў сучасным свеце. Ён таксама засцярог заходнікаў адносна іхняй цяперашняй палітыкі, якая, на ягоную думку, толькі спрыяе ўмацаванню саюзу паміж Кітаем і Расіяй. І ўвогуле, маўляў, заходнікі спазніліся на 15-20 гадоў, і цяпер Кітай ужо такі магутны, што перамагчы яго немагчыма.
Пра Емен і Кітай Лукашэнка гаварыў ахвотна і шмат, а вось пра тое, што сярод іншага на той сустрэчы таксама абмяркоўваліся і ўнутрыпалітычныя праблемы ў Беларусі, згадаў толькі адной фразай, паміж іншым.
Розэнберг тады запытаў, ці азначае сам факт правядзення гэтых перамоў, што Лукашэнка зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Захадам, ён ахвотна ўзяўся разважаць пра тое, што ніколі і не быў за пагаршэнне, вось толькі Захад сам пайшоў на канфрантацыю, увёўшы санкцыі.
Рэагуючы ж на заўвагу журналіста, што санкцыі ўводзіліся ўсё ж не на роўным месцы, Лукашэнка выклаў фантастычную версію пасадкі ў Мінску вясной 2021 года самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, паводле якой самалёт нават даляцеў да самай Вільні, «пакружляў над ёй», а пасля чамусьці па рашэнні саміх пілотаў вырашыў ляцець у Мінск.
Каментары