Грамадства55

Афіцэр-пагранічнік, які прайшоў праз турму, расказвае пра жыццё «да» і «пасля» дый не шкадуе слоў пагарды для амапаўцаў

Пасля 19 гадоў службы Аляксандр Велясніцкі з-пад Століна не змаўчаў у 2020-м. Памежнік расказаў «Нашай Ніве» пра суд над сабой і 42 прозвішчы тых, каму ён не даруе сваё зняволенне. «Хачу пабачыць свет і нешта пакінуць пасля сябе», — кажа ён пра сваё цяперашняе жыццё.

Аляксандр Велясніцкі. Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Аляксандру і яго сям'і — паўдзельнічаць можна тут. Або, калі вы жадаеце дапамагчы яму нейкім іншым чынам, можаце напісаць Аляксандру ў фэйсбуку.

«Было смешна чытаць, як нейкі амапавец не можа звольніцца, бо на яго тады павесілі б кантрактныя. Не мог ты звольніцца, бо не хацеў гэтага»

Аляксандру Велясніцкаму 46 гадоў, ён родам з вёскі Бухлічы на Століншчыне, што амаль на мяжы з Украінай. Мужчына згадвае, што з дзяцінства марыў насіць пагоны і нават спрабаваў паступіць у навучальную ўстанову МУС, але не дазволілі абставіны.

У канцы 90-х Велясніцкі атрымаў дыплом юрыста ў Столінскім сельгастэхнікуме, а ў 2000-м паступіў служыць па кантракце на мяжу з Украінай. Пачынаў з кантралёра аддзялення памежнага кантролю — правяраў падставы для перасячэння мяжы. Збольшага ён служыў у двух пунктах на мяжы з Украінай — Верхні Церабяжоў, гэта міжнародны пункт пропуску, і чыгуначны пункт пропуску Гарынь, дзе знаходзіўся большую частку часу. Але даводзілася працаваць і ў іншых месцах, у тым ліку Аляксандр неяк ахоўваў беларускую амбасаду ў Варшаве — гэта таксама функцыя памежнай службы, таму што тэрыторыя амбасады — гэта тэрыторыя краіны.

На службе яго называлі апазіцыянерам, кажа Велясніцкі:

«Мог пастаяць за сябе і сваіх падначаленых, задаваў няёмкія пытанні кіраўніцтву, мог выказаць сваё меркаванне, крытычнае да іх загадаў. Напрыклад, у любога пункта пропуску мусіць быць свая тэрыторыя, абгароджаная пэўнымі інжынернымі пабудовамі, хаця б той жа плот мусіць быць, не кажучы пра сігналізацыю, каб на тэрыторыю пункта пропуску не мог бы трапіць ніхто чужы. Але за ўсе гады маёй службы пункт пропуску Гарынь так і не быў абгароджаны.

Паколькі няма агароджы, любы чалавек, які хацеў нелегальна з’ехаць у тую ж Украіну, мог прыйсці ў пункт пропуску, схавацца ў грузавым саставе і паехаць туды».

Таксама, успамінае мужчына, яго прымушалі рэгістраваць мізэрныя парушэнні з боку іншаземцаў. Напрыклад, цягнік прыехаў на станцыю ў 00:30, а ў чалавека, які вяртаецца ва Украіну, рэгістрацыя скончылася апоўначы. Гэта адміністрацыйнае парушэнне. Але, кажа Аляксандр, вялікай шкоды ў гэтым ён не бачыў, тым больш што закон у такіх выпадках даваў яму — супрацоўніку, які выявіў парушэнне — права вырашаць, ці трэба заводзіць на замежніка адміністратыўку. Тым не менш, кіраўніцтва патрабавала заводзіць такія справы.

Аляксандр падчас службы. Фота: архіў суразмоўцы

Велясніцкага на службе шанавалі.

«Мне ўсё падабалася, лічыў, што я на сваім месцы. Меў пэўную юрыдычную практыку, што было блізка мне па адукацыі, прысутнічаў цікавы мне вайсковы складнік. Збольшага кантактаваў з тымі, хто працаваў «на зямлі» — звычайныя прапаршчыкі, якія выйшлі з народа, а не мажорныя афіцэрчыкі — сыны палкоўнікаў. Апошнія былі заточаныя на ваеншчыну, і мне з такімі людзьмі было цяжка», — згадвае Аляксандр гады службы.

У 2019-м Велясніцкі пайшоў з памежных войскаў, бо адчуваў, што выгарэў у змаганнях з кіраўніцтвам. Не дачакаўся канца кантракту і напісаў рапарт на звальненне па ўласным жаданні, давялося пазмагацца, каб той рапарт прынялі.

Сістэма яго проста так не адпусціла:

«Шмат хто кажа, што не можа звольніцца з такіх структур, бо тады на яго павесяць выплаты дзяржаве кантрактных, павесілі іх і на мяне. Плаціў па 50 рублёў у месяц, калі не маеш прыбытку, можаш не плаціць, і ніхто не патрабуе выплаціць адразу ўсю суму. 

Таму мне было смешна чытаць, як нейкі амапавец не можа звольніцца, бо на яго тады павесілі б кантрактныя. Не мог ты звольніцца, бо не хацеў гэтага, а выплаты — не той тормаз, які абцяжарвае чалавека, што не жадае служыць той сістэме. Іншая справа — грошы, якія мусяць выплачваць курсанты пасля вучобы ў гэтых мянтоўскіх акадэміях, там вялікая сума».

За час службы Аляксандр зарабіў некалькі ўзнагародаў, у тым ліку медаль «За бездакорную службу» трэцяй ступені — яго даюць за дзесяць гадоў службы без «сур’ёзных залётаў». Прызначалі і на другую ступень, але тады атрымаць медаль перашкодзіла адміністратыўка.

Падчас службы суразмоўца пачаў рыхтавацца да далейшага жыцця: пайшоў вучыцца на кіроўцу катэгорый С і Е, збіраўся пайсці ў дальнабойшчыкі. Жонка мужчыны аформіла ІП, сям’я ўзяла ў лізінг старэнькую фуру. Паўтары года спрабавалі працаваць на сябе, але нічога не атрымоўвалася, так што вырашылі пазбавіцца той фуры. Аляксандр пайшоў працаваць наёмным кіроўцам. 

«Бачыў некалькі выпадкаў, калі мянты збівалі людзей, проста каб чалавек паставіў подпіс у адміністрацыйным пратаколе»

Яшчэ ў сваю бытнасць памежнікам Велясніцкі аказваў юрыдычную дапамогу людзям, якія атрымлівалі адміністратыўкі, збольшага звязаныя з ДАІ. Шмат на што нагледзеўся:

«Для мяне тады выразна склалася, што з сябе прадстаўляе міліцэйская банда, як яны плююць на свае ж законы. Сам бачыў некалькі выпадкаў, калі мянты збівалі людзей, проста каб чалавек паставіў подпіс у адміністрацыйным пратаколе, не кажу пра нейкія сур’ёзныя справы.

Калі ў 2017-м задушваліся пратэсты «дармаедаў», усё ў мяне кіпела, але мусіў маўчаць — быў на службе і разумеў, што, калі пачну гаварыць, пастаўлю на сабе вялікую кропку. А ў 2020-м я ўжо быў не звязаны са службай. Пасля разгонаў сілавікоў пачалі ўзнагароджваць медалём «За бездакорную службу», а я разумеў, што гэта немагчыма нават у юрыдычным плане. Людзей збівалі, некаторыя з іх загінулі. Тут павінны працаваць следчыя, пракуратура, а сілавікам замест гэтага медалі вешаюць». 

Каб паказаць сваю нязгоду, мужчына размясціў у сеціве ролік, дзе адмаўляўся ад свайго медаля «За бездакорную службу». Чакаў, што па яго прыйдуць сілавікі і, хутчэй за ўсё, адправяць на суткі па адміністратыўцы, але гэтага не адбывалася. І толькі праз год, летам 2021-га, Велясніцкага папярэдзілі, што ім цікавіцца КДБ. 

Мужчыну затрымалі, калі ён знаходзіўся дома паміж рэйсамі:

«29 верасня 2021-га прыехалі кадэбэшнікі і пара столінскіх мянтоў, у 20:00 надзелі на мяне кайданкі і павезлі ў пінскі КДБ. Тыкалі мне ў нос тэкст каментара пра Зельцэра, патрабавалі прызнаць, што гэта я яго напісаў, і тады абяцалі мяне адпусціць. 

Каментар быў такі: «Ликвидирован член группировки КДБ. Погиб наш. Вечная память и слава герою». Мог бы і згадзіцца, што яго напісаў я, бо там няма ніякіх зняваг. Але не разумеў, чаму яны так хочуць, каб я гэта зрабіў. Не пагадзіўся ні на што, і яны павезлі мяне на Акрэсціна ў Мінск».

Мужчыну пасадзілі ў кадэбэшную «Шкоду» і павезлі на трасу Брэст-Масква, завезлі на запраўку. Там яго забраў аўтазак з Брэста і давёз да Акрэсціна.

Далей было так, як і ў іншых фігурантаў справы Зельцэра:

«Пяць дзён правялі на Акрэсціна, потым было 40 дзён у жодзінскай турме, дзе нас трымалі ў рэжыме ІЧУ. Поўная адсутнасць сувязі з роднымі, 21-22 чалавекі на дзесяцімясцовую камеру. А потым мяне і яшчэ некалькі чалавек этапавалі ў брэсцкае СІЗА».

«Верыць лукашыстам з боку Дзяржпамежнай службы Украіны было смешна»

Аляксандр тлумачыць, што каментар, які яму прад’яўлялі па артыкуле 130, насамрэч існаваў, але пісаў яго не ён. Мужчына расказвае, што ў матэрыялах яго справы ёсць дэталізацыя яго тэлефонных злучэнняў. Па ёй бачна, што ў час, калі размяшчалі той самы каментар, тэлефон бяздзейнічаў. 

Аляксандр Велясніцкі, 2021 год. Фота: архіў суразмоўцы

А на наступны дзень, калі тэлефон апынуўся ў руках кадэбэшнікаў, на яго прыходзілі паведамленні ад Google і тэлефонныя званкі з кодам ЗША. Гэта падобна да сітуацыі, калі ў тэлефоне адкрываюць акаўнт у праграме, нейкім чынам прывязанай да Google — туды паступаюць званкі, на якія не трэба адказваць. І Велясніцкі лічыць, што ў той час на яго тэлефоне якраз спрабавалі адкрыць акаўнт, з якога быў створаны той самы каментар:

«Агучваў на судзе ўсю тую дэталізацыю, каб гэта было зафіксавана. Усё гэта не адыграла ніякай ролі, мы нават не глядзелі там відэа забойства Зельцэра. Але паглядзелі маё відэа з тым медалём, якое не мае ніякага дачынення да справы Зельцэра».

Калі 24 лютага 2022-га пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, Аляксандр знаходзіўся ў Брэсцкім СІЗА. Для яго, ураджэнца вёскі на мяжы з Украінай, гэта былі вельмі складаныя навіны, тым больш што мужчына амаль два дзесяцігоддзі адслужыў на той мяжы, і ў тым рэгіёне жывуць яго родныя.

Аляксандр згадвае гнеўны ліст, які ў першыя дні вайны напісаў Анатолю Лапо, тагачаснаму старшыні беларускага Памежнага камітэта, кіраўнік украінскіх памежнікаў. Велясніцкі быў бы гатовы далучыцца да такога ліста:

«Лапо абяцаў [украінскаму калегу], што не будзе ніякага нападу з беларускай тэрыторыі, і праз некалькі дзён усё і здарылася. Верыць лукашыстам з боку Дзяржпамежнай службы Украіны было смешна, нельга так рабіць. Калі ты заявіў, як яно будзе, а потым табе сказалі паднімаць шлагбаумы і прапускаць танкі ва Украіну, ты мусіў або зняць пагоны, або дастаць пісталет і пусціць сабе кулю ў лоб. 

Але там [у кіраўніцтве Памежнага камітэта] няма людзей, здатных на такі ўчынак. Падчас службовага росту за імі назіраюць — адсочваюць нелаяльнасць да ўладаў, здольнасць выказваць сваё меркаванне і крытыкаваць дзеянні кіраўніцтва. Такіх людзей пакідаюць на пасадах, якія нічога не значаць, не дапускаюць да пасадаў, на якіх чалавек мог бы нешта зрабіць як самастойная адзінка.

Афіцэры камітэта ад маёра, падпалкоўніка і вышэй ужо не здольныя на самастойнасць. Канечне, сярод маладых афіцэраў ёсць людзі, якія маюць вочы і розум, умеюць крытычна мысліць і разумеюць, што адбываецца. Я такіх ведаў».

«Зразумеў, што калі ты зацікавіш гэтую банду, цябе могуць зрабіць сакральнай ахвярай»

Мужчына мае спіс з 42 прозвішчаў людзей, хто ўдзельнічаў у тым, каб ён трапіў за краты і каб яго тэрмін быў цяжкім. Гэты спіс, як і іншыя матэрыялы па справе, Аляксандр паказаў рэдакцыі «Нашай Нівы».

У ім пазначаныя прозвішчы следчых і суддзяў па яго справе, лейтэнанта КДБ, які яго затрымліваў, пракурораў, супрацоўнікаў Следчага камітэта і Дэпартамента выканання пакаранняў, а таксама некаторых супрацоўнікаў калоніі №15, дзе Аляксандр адбываў тэрмін. Нарэшце, там і імёны супрацоўнікаў столінскага РУУС, дзе мужчына мусіў адзначацца пасля вызвалення.

Адна з бірак Аляксандра ў калоніі. Фота: архіў суразмоўцы

Пра некаторых з гэтых людзей Велясніцкі расказвае больш падрабязна. Ён згадвае брэсцкага следчага Сяргея Яцука, які прыйшоў да яго толькі аднойчы — прынёс на подпіс гатовую крыміналку: маўляў, падпісвай хутчэй, тады дам спатканне з жонкай. Ці суддзю Андрэя Васілюка:

«Гэта быў той чалавек, з якім я больш за ўсё камунікаваў. Лукашыст як лукашыст, рабіў выгляд, што нават хоча ў нечым разабрацца. Пракурор прывёў эксперта, які расказваў, як працуе тэлеграм і што там нельга ўставіць каментар задняй датай. Я задаў ім шмат пытанняў, якія маглі даказаць маю невінаватасць, і суддзя мусіць звяртаць на гэта ўвагу.

Ён тады сказаў: «Мне здаецца, нехта хоча ўвесці нас у зман». Можна было падумаць, што ён задумаўся наконт аргументаў у маю невінаватасць — маўляў, гэта следства хоча ўвесці ў зман, бо яно кажа, што я размясціў той каментар, а па факце гэтага каментара там не было. Было ўражанне, што суддзя на маім боку».

Аляксандр згадвае, што суддзя загадаў выклікаць на наступнае паседжанне кадэбэшнікаў, якія затрымлівалі мужчыну, і спецыяліста з МТС. Але на наступным паседжанні суддзя сам адмовіў у выкліку таго спецыяліста, а кадэбэшнікі аказаліся «на аператыўным заданні». У канцы паседжання суддзя спытаў, ці будзе Аляксандр насіць той самы медаль і атрымаў адмоўны адказ, а на наступным паседжанні абвясціў прысуд — 2,5 года зняволення.

Фота: архіў суразмоўцы

У калоніі №15 Велясніцкі правёў восем месяцаў, бо яго пратрымалі 15 месяцаў у СІЗА — дзень у СІЗА роўны 1,5 дня ў калоніі. Мужчына кажа, што схаваў глыбока ўнутр сябе ўспаміны пра той час, бо згадваць гэта занадта цяжка.

Яшчэ за кратамі мужчына вырашыў, што на волі з’едзе з Беларусі:

«Зразумеў, што калі ты зацікавіш гэтую банду, цябе могуць зрабіць сакральнай ахвярай. Калі ў Мачулішчах падарвалі расійскі самалёт, была закранутая Століншчына — фігурант той справы Швец хаваўся там. Столін — маленькае мястэчка, такіх «экстрэмістаў», як я, там некалькі чалавек. І калі такая сітуацыя здарыцца, згадаюць мяне, тым больш што я — былы вайсковец, вучыўся антыдыверсійнай дзейнасці»

У жніўні 2023-га Аляксандр выйшаў на волю, а ў лістападзе 2023-га, калі ён яшчэ не паспеў выехаць, яго выклікалі ў столінскі РУУС. Мужчына вырашыў не рызыкаваць і з’ехаў у Грузію, а пазней перабраўся ў Польшчу.

Цяпер ён жыве з сям’ёй у Варшаве і чакае міжнародную абарону. Перад ад'ездам Велясніцкі развітаўся з бацькам, бо разумеў, што жывым яго ўжо не пабачыць. Той памёр у сакавіку, і Аляксандр прызнаецца — не чакаў, што гэта адбудзецца так хутка.

«Трэба шукаць працу, каб я мог тут для сваёй сям’і нешта зрабіць. Не так шмат засталося таго жыцця, і хочацца нешта пакінуць пасля сябе, можа і пабачыць хоць які свет. Калі будзе магчымасць, паспрабую вярнуцца за стырно фуры і паездзіць па Еўропе, папрацаваць кіроўцам», — дзеліцца планамі суразмоўца.

«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Аляксандру і яго сям'і — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ
 

Каментары5

  • Беларус
    18.10.2024
    Дзякуй сапраўднаму афіцэру!
  • Gorliwy Litwin
    18.10.2024
    Глыбокі рэспект! надзвычай годны чалавек

    але здаецца, ён цалкам страчаны для велічнага Нацыянал-Чэкісцкага Прымірэньня, пра якое так мараць усё больш і больш сьвядомых спадароў
  • Ксенія
    21.10.2024
    Чалавеча, годнасць! Аляксандр, ад усяго сэрца зычу вам і вашай сям’і найлягчэй ды хутчэйўладкавацца на новым месцы. Так прыемна чытаць і ведаць, што есць такія людзі, як вы. Дзякуй. Мне вельмі шкада, што вам прыйшлося прайсці праз усе гэта гадства

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

У Шчучынскім раёне двое дзецюкоў скралі, а затым вярнулі назад двух парсючкоў

Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?12

У Данецку пасля выбуху ў машыне загінуў начальнік Аленаўскай калоніі ДНР. Яго жонцы адарвала нагу10

Пентагон назваў выдаткі Расіі на вайну з Украінай1

Даляр каштуе менш за 3,4 рубля

Барысаў чакае Лукашэнку — тэрмінова кладуць асфальт і косяць траву5

Беларускі IT-прадпрымальнік Маханёк расказаў, чаму выбраў для жыцця дарагі Нью-Ёрк3

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў15

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →