З 1 ліпеня па 31 жніўня беларускія памежнікі выявілі каля 270 праблемных дакументаў. Па выніках летняга сезону памежнікі склалі своеасаблівы рэйтынг парушэнняў.
Аказалася, што іх найбольшую колькасць дапусцілі замежнікі — каля 150 фактаў. Як правіла, гаворка ідзе пра адсутнасць беларускай візы і перавышэнне тэрміну знаходжання ў краіне па бязвізе.
Затым ідуць сапсаваныя дакументы: беларусы і замежнікі за лета паказалі памежнікам больш за 60 пашпартоў з размытымі пячаткамі, фатаграфіямі і нават вырванымі старонкамі.
Замыкаюць тройку лідараў сярод парушэнняў пратэрмінаваныя пашпарты (больш за 50 фактаў выявілі за лета).
Былі выпадкі, калі людзі забывалі памяняць пашпарт пасля змены прозвішча ці не паспявалі вярнуцца з адпачынку да таго, як скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта.
Пры гэтым у Дзяржпагранкамітэце адзначаюць, што большая частка выпадкаў з пратэрмінаванымі пашпартамі — гэта паездкі грамадзян з краін пастаяннага пражывання. Напрыклад, у ліпені праз Беларусь у ЕС спрабавалі выехаць двое расіянаў з пашпартамі, у якіх тэрмін дзеяння скончыўся ў 2013 годзе.
Ёсць і тыя, хто здзяйсняе парушэнні наўмысна: за лета было затрымана дзевяць парушальнікаў з падробленымі пашпартамі.
Каментары