Вайна1010

Ці сапраўды «пасыпаўся» ўкраінскі фронт на Данбасе?

Расійская армія значна паскорыла тэмпы свайго наступлення ў Данецкай вобласці. За першыя два месяцы восені ёй удалося захапіць тут значную тэрыторыю, што, па падліках экспертаў, з'яўляецца рэкордам з пачатку поўнамаштабнай вайны. Асобныя вайскоўцы і палітыкі пачалі казаць, што ўкраінскі фронт «пасыпаўся». Ці так гэта, разбіралася Украінская служба Бі-бі-сі.

Расійскія вайскоўцы ўсталёўваюць сцяг РФ на даху шматпавярховіка ў цэнтры Сялідава. Украінскія сілы адступілі з населенага пункта, каб не трапіць у акружэнне. Фота: Мінабароны Расіі

«Усе мы ведаем і я не адкрыю вайсковую таямніцу, што фронт у нас пасыпаўся», — заявіў у інтэрв'ю 27 кастрычніка вядомы ўкраінскі генерал Дзмітрый Марчанка, які кіраваў абаронай Мікалаева ў пачатку вайны. Прычынамі гэтага «абвалу фронту» ён назваў дэфіцыты боепрыпасаў і асабовага складу ва Узброеных сілах Украіны, а таксама «разбалансаванне кіравання».

Што тычыцца апошняга, то Марчанка адзначыў, што мае на ўвазе ў прыватнасці частую змену камандуючых у вайсковых падраздзяленнях і перакіданне непадрыхтаваных часцей на новыя напрамкі, што, у прыватнасці, адбылося каля Вуглядара ў пачатку кастрычніка.

Тэзіс пра тое, што фронт «сыплецца», адразу падхапілі расійскія прапагандысты і Z-каналы, а таксама асобныя ўкраінскія палітыкі і ваенкары. Што ж насамрэч адбываецца на лініі судакранання ў Данецкай вобласці?

Падрыхтоўка да вырашальнага штурму

Міністэрства абароны Расіі 29 кастрычніка паведаміла пра захоп горада Сялідава, што за 15 км ад Пакроўска. Доўгі час украінскія сілы абаранялі гэты населены пункт, але з другой паловы кастрычніка расійскія войскі паступова змаглі абыйсці яго з флангаў, адрэзаўшы шляхі забеспячэння, а затым пачалі штурм жылых кварталаў. Каб не трапіць у акружэнне, сілы абароны Украіны, відавочна, адступілі з горада, а праціўнік даволі хутка заняў яго.

Генштаб УСУ сітуацыю каля Сялідава не каментуе, а блізкі да Мінабароны аналітычны цэнтр DeepState пацвердзіў 30 кастрычніка, што горад ужо акупаваны праціўнікам. Падзенне Сялідава адкрывае дарогу расійскай арміі да наступлення на паўднёвы фланг Пакроўска, а таксама працягу руху ў бок Курахава, а менавіта да яго паўночных ускраін.

Менавіта гэтыя два гарады — важныя лагістычныя і прамысловыя цэнтры Данбаса — імаверна, будуць асноўнымі мэтамі расійскіх наступаў найбліжэйшым часам, кажа ўкраінскай Бі-бі-сі высокапастаўленая крыніца ва ўладзе.

Ад Пакроўска па стане на пачатак лістапада фронт — на адлегласці каля 6 км, а што тычыцца Курахава, то, па словах расійскіх ваенных блогераў, армія Расіі ўжо спрабуе зачапіцца за яго ўсходнюю ўскраіну. Таксама расійская армія набліжаецца да яго з поўдня з боку акупаванага Вуглядара, прарваўшы лінію абароны УСУ каля Богаяўленкі і Шахцёрскага.

Украінскае камандаванне, паводле звестак Бі-бі-сі, накіроўвае дадатковыя падраздзяленні на абарону гэтага кірунку. Аднак не выключана, што расійская армія паспрабуе паўтарыць манеўр, які атрымаўся з Вуглядарам і Сялідавым, гэта значыць абысці гарады з флангаў, а не штурмаваць іх «у лоб».

Былы начальнік упраўлення стратэгічных камунікацый Генеральнага штаба УСУ, палкоўнік Яўген Сасько называе гэты тактычны прыём расіян «жаваць сківіцамі». Гэта значыць, з паўночнага і паўднёвага флангаў фармуюцца магутныя «сківіцы», якія паступова расхістваюць і «зжоўваюць» абарону вакол горада, што ў выніку прыводзіць да яго падзення.

Такая ж сітуацыя можа паўтарыцца ў раёне Курахава, калі Расія паспрабуе абысці горад на захадзе ў раёне сёлаў Канстанцінопаль і Андрэеўка, якія ляжаць на трасе Запарожжа — Данецк. Менавіта ў бок гэтага надзвычай важнага для Украіны лагістычнага маршруту цяпер адначасова з поўдня і поўначы наступаюць расійскія войскі. Да трасы застаецца каля 11 км з абодвух флангаў.

«Спадзяюся, што «курахаўская кішэня» не з'явіцца ў выніку сустрэчных удараў (расіян) на Андрэеўку і «пажаваць сківіцамі» там не атрымаецца», — піша палкоўнік Сасько.

Менш амбіцыйны варыянт для расіян: абысці Курахаўскае вадасховішча з поўначы і перарэзаць трасу ў раёне заходняга прыгарада Курахава — сяла Дачнае. У гэтым выпадку для РФ таксама важна ўзяць пад кантроль сяло Успенаўка, што знаходзіцца за 8 км на поўдзень. Тут сыходзяцца дарогі з Курахава, Дачнага, Кацярынаўкі і Вялікай Навасёлкі. Апошнюю з іх расійская армія ўжо перарэзала ў раёне Шахцёрскага.

Сітуацыя ў раёне Пакроўска таксама не надта спрыяльная для УСУ. Яшчэ ў канцы лета ўкраінскія абаронцы з дапамогай прыцягнення рэзерваў змаглі спыніць імклівае прасоўванне праціўніка да ўсходніх ускраін гэтага горада і яго спадарожніка Мірнаграда. Расіянам таксама не ўдалося перарэзаць важную трасу Пакроўск — Канстанцінаўка. Але цяпер, пасля падзення Сялідава, ВС РФ змогуць зноў актывізаваць рух у гэтым раёне, але абыходзячы горад з поўдня ўздоўж рэчышча ракі Салонай і чыгуначнага палатна ў кірунку пасёлкаў Наватроіцкае і Шаўчэнка.

У ваколіцах самога Пакроўска УСУ ўзводзяць фартыфікацыйныя збудаванні, заявіў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Пакроўска Сяргей Дабрак у эфіры нацыянальнага тэлемарафона 30 кастрычніка. Сам населены пункт будзе часткова заблакаваны для ўезду і выезду, дадаў ён.

«Фартыфікацыйныя збудаванні ўзводзяцца ў Пакроўску, і ўжо мы заходзім у горад, і пэўныя ўчасткі горада будуць блакавацца… Цяпер у горадзе ўжо пабудавана некалькі эшалонаў, якімі часткова будуць перакрытыя вуліцы і мікрараёны Пакроўска», — растлумачыў кіраўнік горада выданню «Суспільне Донбас».

Паводле яго звестак, каля 80% інфраструктуры горада знішчана, аднак у ім усё яшчэ застаецца амаль 12 тысяч чалавек, сярод іх 55 дзяцей.

Ці можна называць гэта абвалам фронту

Паводле падлікаў аналітыкаў нямецкага Welt, расійскія войскі з пачатку кастрычніка захапілі 478 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, што стала найбольшым прагрэсам з моманту актыўнай фазы баявых дзеянняў у сакавіку 2022 года.

Паводле звестак украінскага праекта DeepState, у мінулым месяцы расіянам удалося акупаваць каля двух дзясяткаў населеных пунктаў, а таксама гарады Вуглядар і Сялідава.

Ізраільскі вайсковы эксперт Давід Гендэльман кажа, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра адступленне ўкраінскіх сілаў ва ўмовах значнай перавагі праціўніка ў жывой сіле і ў паветры. Пры гэтым прасоўванне войскаў РФ на самай справе даволі павольнае.

«Такія заявы пра «абвал фронту» — гэта ў асноўным эмоцыі. Да рэальнага абвалу там далёка», — гаворыць аналітык украінскаму Бі-бі-сі і дадае, што фронт падчас гэтай вайны «пасыпаўся» адзін раз і гэта было з расійскага боку.

«Апошні такі прыклад быў восенню 2022 года менавіта з расійскага боку, калі быў украінскі прарыў на Харкаўскім кірунку. Там сапраўды пасыпаўся фронт на канкрэтным вялікім участку».

У верасні 2022 года УСУ змаглі прарваць расійскую абарону каля горада Балаклея на Харкаўшчыне і за кароткі прамежак часу вызвалілі вялікую тэрыторыю. Пры гэтым адступленне расіян на некаторых участках было хаатычным, яны траплялі ў акружэнне і кідалі вялікія арсеналы зброі і боепрыпасаў.

У адрозненне ад гэтай сітуацыі, адступленне УСУ з населеных пунктаў паўднёвага і цэнтральнага Данбаса адбываецца ў асноўным арганізавана, часта з ар'ергарднымі баямі ва ўмовах, калі далейшая абарона гэтых тэрыторый будзе азначаць значныя страты.

Гэта кантрастуе з тактыкай папярэдніх гадоў, якая ярка праявіла сябе падчас бітвы за Бахмут у 2023 годзе. Тады УСУ страцілі вялікую колькасць падрыхтаваных байцоў падчас вулічных баёў у горадзе.

Асноўнай праблемай Украіны цяпер Гендэльман называе дэфіцыт жывой сілы ва УСУ. З-за адсутнасці асабовага складу армія вымушаная распыляць сілы на розных участках фронту, і гэта дазваляе расіянам біць у стык паміж падраздзяленнямі або праціскаць «стомленую» абарону праціўніка.

Дырэктар вайсковых праграм кіеўскага Цэнтра Разумкова, палкоўнік запасу УСУ Мікалай Сунгуроўскі кажа, што, акрамя праблем з мабілізацыяй, расійскі наступ на Данбасе выявіў яшчэ шэраг недахопаў ва ўкраінскім кіраўніцтве.

«Так, гэта не абвал фронту, але, сапраўды, ёсць сур'ёзныя недахопы і сур'ёзныя праблемы. Усё залежыць ад таго, як хутка і змястоўна адрэагуе на іх улада», — сказаў эксперт украінскаму Бі-бі-сі.

Ён звяртае ўвагу на недастатковую падрыхтоўку каманднага складу УСУ, недахопы кіравання і вайсковай арганізацыі. Некаторыя пытанні ўжо вырашаюцца ўнутры арміі, але каб наладзіць сістэму, патрэбныя актыўныя дзеянні з боку палітычнай улады.

Ці магчыма ў такіх умовах утрымаць Пакроўск і Курахава ад акупацыі?

«Калі казаць пра кароткатэрміновую перспектыву, то гэта магчыма за кошт прымянення аператыўных і стратэгічных рэзерваў», — адзначае Сунгуроўскі.

«Але яны пакуль не ўсе і не ў поўнай ступені гатовыя, а па-другое, я так разумею, што яны ствараліся, скажам так, для зімова-вясновага контрнаступлення і не вельмі хочацца іх менавіта цяпер выкарыстоўваць, таму што гэта паўплывае на далейшыя планы УСУ».

Крыніца Бі-бі-сі ў палітычным кіраўніцтве Украіны прызнае, што сітуацыя на фронце «вельмі дрэнная». Але спадзяецца, што, па-першае, расійскі наступ затармозіць непагадзь ва Украіне ў пачатку лістапада, а па-другое, многае ў плане далейшых перспектыў стане зразумела пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

«Сітуацыя вельмі дрэнная, але не катастрафічная. Падкрэсліваю, гэта яшчэ не катастрофа», — сказаў чыноўнік.

Ён не выключыў падзення Пакроўска і Курахава ў найбліжэйшыя месяцы, але падкрэсліў: галоўная мэта — не проста захаваць Украіну як дзяржаву, але і не страціць больш ніводнага абласнога цэнтра.

Відавочна, гаворка можа ісці пра Херсон і Запарожжа, якія Уладзімір Пуцін публічна называе «расійскай тэрыторыяй» і патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з гэтых абласных цэнтраў.

Каментары10

  • Водя
    03.11.2024
    Абсолютно некомпетентное управление Московского режима загнало страну в тупик. Сносного для страны выхода не просматривается.
  • Игорь
    03.11.2024
    Вадя, Пiдозра! Пiздле перемоги украиньци бувут самiе бохатiе. Бувут лъотать по всъому свiту, а усе платiть им коштi да восхищуваться тому що перемогли Орду.
  • feafania
    03.11.2024
    Вадя, лепш за мінскім рэжымам назірай. для мінскага рэжыму ўсё зусім сумна

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →