Усяго патроху2828

Беларус, які жыве разам з мужам у Эквадоры, — пра тамтэйшы побыт, кухню, забастоўкі і настальгію па драніках

Далёкі Эквадор знаходзіцца на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. Беларус Андрэй Рубцоў пераехаў туды шмат гадоў таму і зараз жыве там са сваім мужам. Ён расказаў пра мясцовыя заробкі, экзатычную кухню, масавыя пратэсты ў кастрычніку і стаўленне дзяржавы да аднаполых шлюбаў.

«Застаўся ў Эквадоры, хоць гэта ніколі не было ў маіх планах»

Упершыню ў Эквадоры Андрэй апынуўся ў 1990-х, а затрымаўся там воляй лёсу. Выпускнік мінскага Лінгвістычнага ўніверсітэта, ён тады вучыўся ў аспірантуры Гаванскага інстытута мастацтваў на Кубе, а ў Эквадор прыязджаў пагасціць да сяброў. У апошнюю з такіх паездак у Андрэя скралі пашпарт — амаль год ён быў без дакументаў.

«Акурат гэта быў развал Саюза, вяліся спрэчкі, хто павінен выдаваць мне новы пашпарт. Беларусь адмовіла ў грамадзянстве. Адказалі, што не маю падставаў, хоць я беларус, бацькі таксама, большую частку жыцця пражыў у Беларусі. Я думаю, гэта адмова звязана з нейкай палітычнай дзейнасцю ў мае студэнцкія гады. На сёння маю расейскі пашпарт, і ў студзені будзе іспанскі. 

Так аказалася, што я застаўся ў Эквадоры, хоць гэта ніколі не было ў маіх планах: пасля заканчэння інстытута мне прапаноўвалі працу ў Мексіцы і Злучаных Штатах».

Цяпер мужчына працуе праект-менеджарам у фірме, якая займаецца распаўсюдам тканін з нанатэхналогій. Жыве ў сталіцы Эквадора — Кіта. Успамінае свае першыя ўражанні ад краіны:

«Уявіце сабе: з Беларусі, дзе пагорак вышынёй 300 метраў над узроўнем мора завуць гарой, прыляцець у краіну, дзе самае нізкае месца — гэта 2800 метраў. І вакол горы. Тут няма пораў года. Лета — гэта калі няма дажджу, а зіма — калі ён ідзе».

За гэтыя гады Андрэй аб’ездзіў амаль увесь Эквадор. Не быў толькі ў адной правінцыі на мяжы з Перу — Лоха.

Фота unsplash.com.

«Тое, што лічылася беднасцю ў Беларусі, тут было сярэднім класам»

У 90-я ўзровень дабрабыту ў Эквадоры быў не надта высокі.

«У той час мы ўсе скардзіліся на беднасць. Але тое, што лічылася беднасцю ў Беларусі, тут — сярэдні клас, — расказвае мужчына. — Гадоў 20 таму гэтага сярэдняга класу амаль што не было. Былі вельмі бедныя і вельмі багатыя людзі. Але амаль 12 гадоў стабільнасці, без палітычных эксцэсаў [пры былым прэзідэнце. — NN.by], прывялі да таго, што праслойка сярэдняга класу павялічылася. Няма працоўнай эксплуатацыі дзяцей, хоць раней гэта было нармальнай з’явай. Цяпер каля 95% дзяцей наведвае школу».

Фота pixabay.com.

У дзяржаўных школах вучацца ў асноўным бяднейшыя слаі насельніцтва, якасць адукацыі там горшая, чым у прыватных. Але калі казаць пра каледжы, то якраз дзяржаўныя больш прэстыжныя.

Сённяшні побыт гараджан тут у многім падобны да еўрапейскага. Адзінае, што адрознівае эквадорскія кватэры — гэта шмат прасторы і вялікія вокны. Двухпакаёўка па мясцовых стандартах — гэта кватэра з дзвюма спальнямі, гасцёўняй і сталовай.

Афіцыйны мінімальны заробак у Эквадоры — 394 даляры. Андрэй адзначае: у сталіцы пражыць на гэтыя грошы амаль немагчыма.

«Я жыву ў самай дарагой частцы горада. Паход у краму і харчовыя закупкі на тыдзень — гэта каля 200 даляраў. Шмат хто з мясцовага насельніцтва ходзіць на кірмашы, дзе значна танней. Але для мяне гэта не варыянт: як толькі прадаўцы бачаць белага замежніка, адразу ж цэны падскокваюць у два-тры разы».

Па назіраннях мужчыны, ашчаджаць тут вельмі складана.

«Большая частка людзей не мае ўласных дамоў, кватэр. Я таксама здымаю жыллё. Шмат хто не можа ўзяць іпатэку з-за таго, што не мае магчымасці выплачваць яе і не мае даверу перад банкамі. Цана жылля залежыць ад раёна, тыпу пабудовы. У раёне, дзе я жыву, купіць у новым будынку кватэру на дзве спальні, з залай і кухняй будзе каштаваць 300 тысяч даляраў. Але цана можа даходзіць і паўмільёна».

Школа ў Эквадоры. Фота pixabay.com.

Каб мець права на пенсію ў Эквадоры, трэба адпрацаваць мінімум 12 гадоў. Калі хтосьці мае 20 год стажу на адным прадпрыемстве, то будзе мець двайныя выплаты — і ад дзяржавы, і ад работадаўцы. У разлік бяруць заробак за лепшыя пяць гадоў стажу. А памер пенсіі можа вагацца ад 400 да 2500 даляраў.

Медыцынская сістэма, кажа Андрэй, за апошнія гады стала лепшай. Калі раней, каб разлічваць на нармальнае абслугоўванне, трэба было мець міжнародную страхоўку і звяртацца ў прыватныя лякарні, то цяпер да нармальнага ўзроўню падцягнуліся і дзяржаўныя паліклінікі. Калі ты захварэў і хочаш трапіць да доктара, запісваешся па тэлефоне на канкрэтны час, а не сядзіш у чарзе па некалькі гадзін.

«Калі цябе накіроўваюць да спецыяліста, ты не плаціш за медыкаменты, калі ў цябе ёсць дзяржаўная страхоўка. На яе ідуць адлічэнні, якія мы плацім у органы сацыяльнай абароны.

Людзі, якія па розных прычынах не маюць дзяржаўнай страхоўкі (не працуюць, замежнікі), незалежна ад іх міграцыйнага статусу, па канстытуцыі Эквадора таксама маюць права на бясплатную медыцыну», — расказвае Андрэй.

«Адзінае, чаго я не каштаваў, — смажаная марская свінка»

У мясцовай культуры Андрэй адзначае такую асаблівасць: 

«Уразіла сямейная структура — настолькі яна моцная. Тут адзін аднаго падтрымліваюць і клапоцяцца. Традыцыі шмат у чым падобныя да беларускіх — тыя ж пахавальныя абрады».

У гарадскіх сем’ях звычайна па трое-пяцёра дзяцей, у вясковых бывае і да 12.

Эквадорская кухня, жартуе мужчына, спадабаецца беларусу, бо ў ёй шмат бульбы і свініны.

Бананаў тут больш за 100 сартоў — розных памераў і ступені салодкасці (ёсць нават кіслыя), ад чорных да чырвоных. Некаторыя ўжываюць як гародніну — смажаць, вараць. Калі ж выбіраць бананы на дэсерт, то Андрэй раіць тыя, на якіх толькі з’явіліся чорныя кропачкі — і па смаку, і па карысці для здароўя яны найлепшыя.

Трапічныя фрукты ў Эквадоры даступны круглы год.

З экзатычных страў, якія ядуць тут, — куй, ці смажаная марская свінка.

«Гэта адзінае чаго я не каштаваў з мясцовага — псіхалагічны бар’ер, не магу, — кажа Андрэй. — Марская свінка для мяне — хатняя жывёла. Затое ў рэгіёне Амазонкі каштаваў казурак, змеяк, яшчарак.

З любімай мясцовай ежы — арнада. Гэта запечаны цалкам парсюк, якога падаюць з аладкамі, вельмі падобнымі да нашай таўканіцы, але з сырам. Ёсць такая страва «тамаль» — робіцца з маладой белай кукурузы, начыняецца мясам ці сырам і запякаецца. Нечым падобна да беларускіх калдуноў».

Эквадор займае першае месца ў свеце па вытворчасці кансерваў з тунца і адно з першых — па экспарце бананаў. У іншыя краіны пастаўляюць таксама крэветкі, какаву, шакалад.

«Для мяне самы лепшы шакалад — менавіта эквадорскі. Ён адметны якасцю, бо робіцца з горнага какава. Эквадор экспартуе шакалад як экзатычны прадукт — той жа чорны шакалад з горнай соллю».

«Маглі затрымаць, калі ты проста выходзіў на вуліцу»

У кастрычніку Эквадор ускалыхнулі пратэсты. Яны пачаліся пасля прыняцця дэкрэта № 883, які ануляваў субсідыі на паліва. З-за гэтага цэны на розныя віды паліва выраслі на 30—120%.

«Асабліва скачок адбіўся на самым бедным насельніцтве. Калі дагэтуль сяляне, каб заправіць трактар і апрацаваць кавалак зямлі, павінны былі заплаціць умоўныя 90 даляраў, то пасля дэкрэта — 200. Адмена субсідый на паліва адбілася і на цэнах — рэзка падаражэлі амаль усе тавары».

Першымі баставаць сталі транспартнікі, потым далучыліся студэнты. 8 кастрычніка пачалася агульная забастоўка. У Кіта з усіх правінцый накіраваліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, каб выказаць сваю незадаволенасць. А на наступны дзень цалкам спынілася вытворчасць, закрыліся ўсе установы — нават хлеба купіць было складана.

«Была паралізацыя краіны. Паколькі паліцыя і вайскоўцы былі сканцэнтраваны на разгоне дэманстрантаў больш, чым на кантролі крымінальнікаў, пачаліся акты вандалізму і марадзёрства. 10 кастрычніка ўвялі каменданцкі час ад пачатку ночы. А 11-га — кругласутачны каменданцкі час.

Маглі затрымаць, калі ты проста выходзіў на вуліцу. Было адменена права на маніфестацыю, публічныя сходы — нават выгульваць сабак стала складана», — дзеліцца Андрэй.

Для пратэстоўцаў, якія прыехалі ў сталіцу з жонкамі і дзецьмі, мясцовы нацыянальны дом культуры адкрыў свае залы, каб людзі маглі размясціцца. Але паліцыя закідвала месцы начоўкі гранатамі са слезацечным газам. Пазней студэнты медыцынскіх факультэтаў, валанцёры атачалі гэтыя месцы жывым ланцугом, каб паліцыя не магла падысці.

Забастоўка скончылася 14 кастрычніка. Па словах Андрэя, вынікам пратэстаў сталі каля 10 забітых, 100 зніклых без звестак, тысяча затрыманых і амаль дзве тысячы параненых.

«Сітуацыя цалкам не вырашаная. Урад пераглядае дэкрэт №883. Замежныя інвестары цяпер будуць скептычна настроены. Амаль усе амбасады свету не раяць сваім грамадзянам ляцець у Эквадор. Пацярпела гістарычная частка Кіта — уся брукаванка разабрана, з яе складалі барыкады. Апроч таго, колькі дзён паралізацыі ўсёй эканамічнай дзейнасці адбіваецца на краіне.

Я супраць гвалту, марадзёрства. Але, калі ёсць магчымасць мірнага пратэсту, трэба пратэставаць, — кажа Андрэй. — Канешне, ёсць пабочныя эфекты, гэта адбіваецца на заробках, але калі маўчаць, зменаў не даб’ешся».

«Калі прыязджаю ў Беларусь, прашу зрабіць дранікі»

За гэтыя гады мужчына паспеў стаць у Эквадоры сваім.

«Я не свой толькі на пашпартным кантролі, — жартуе ён. — Тут сябры, хрэснікі. Адчуваю, што гэта цалкам мая краіна, і ўсё, што тут адбываецца, мне ніяк не абыякава. З суседзяў нават ніхто і не пытаецца, адкуль я, бо па-іспанску размаўляю амаль што без акцэнту. Мясцовыя людзі не заўсёды цябе прымаюць хутка, але калі прымаюць, то на ўсё жыццё».

Андрэй у курсе і беларускіх навін. Сочыць за тым, што адбываецца ў Курапатах з рэстаранам «Паедзем, паядзім», як рыхтуюцца да перапахавання парэшткаў Каліноўскага.

«У пэўны час быў блізкі з Беларускім народным фронтам, а цяпер ёсць нейкае расчараванне. Ніколі не думаў, што ён трансфармуецца ў кансерватыўную партыю. Можа ў мяне ўяўленне не зусім поўнае, але бачу, што моладзь зараз больш апалітычная».

Сваякі Андрэя жывуць у Бярозе (Брэсцкая вобласць). Апошні раз ён там, як і ў Беларусі наогул, быў шэсць год таму. Кажа, што да 2000 года ўсё думаў, што вернецца на радзіму, лічыў сябе часовым мігрантам. Цяпер ужо не збіраецца пераязджаць — ёсць пэўныя прычыны.

«У Беларусі гамафобію ніхто не адмяняў, і ў гэтым сэнсе змагацца за тое, што нармальна, недзе прыкрываць сваё ўласнае жыццё для мяне ўжо не варыянт,

— кажа Андрэй, які 26 год жыве разам з каханым мужчынам. — У Эквадоры ў свой час закон наконт аднаполых стасункаў быў вельмі падобны да савецкага, прадугледжваў турэмнае пакаранне, але ў 1997-м ён быў аднагалосна адменены ў парламенце. А ад лютага гэтага году ўжо дазволены афіцыйныя шлюбы».

Андрэй разам з мужам.

Андрэй распісаўся са сваім мужчынам шэсць гадоў таму ў Іспаніі. Прыёмных дзяцей у пары няма, але ў партнёра засталася дачка ад першага шлюбу і двое ўнукаў.

Андрэй не хавае, што сумуе па Беларусі.

«Нядаўна быў у Монтавідэа, і горад мне падаўся падобным да Мінска. Ёсць кулінарная настальгія — па тым, што мама ці баба гатавалі.

Калі прыязджаю, прашу зрабіць дранікі, калдуны ці верашчаку. Калі мама была жывая, абуралася, бо імкнулася гатаваць больш модна. Я заўсёды адказваў, што мяса па-французску магу паесці ў любым месцы, а вось бульбу ў мундзірах з кількаю — не».

Топ-5 месцаў, якія варта пабачыць у Эквадоры

Сталіца Кіта. Яна была пабудавана на месцы старажытанага горада інкаў і мае цікавую каланіяльную архітэктуру. Гістарычны цэнтр уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Фота unsplash.com.

Галапагоскія выспы. Сюды варта ехаць, каб паглядзець на дзікую прыроду і сустрэць чарапах, пінгвінаў, фламінга.

Нацыянальны парк Мачалілля. Ён знаходзіцца на Ціхаакіянскім узбярэжжы, і ад кастрычніка і да лютага гэта месца шлюбных гульняў кітоў.

Сэльва Амазонкі. Сюды едуць, каб пабачыць сапраўдныя джунглі.

Анды. Калі ў Японіі ёсць кананічна ідэальная Фудзіяма, то ў Эквадоры — яе гара-«блізня» Катапаксі.

Дарога ў Эквадор нятанная. Па словах Андрэя, прасцей ляцець праз Парыж ці Амстэрдам (каштуе 700 еўра туды-назад). Каб злятаць на Галапагосы, спатрэбіцца на 400 еўра больш.

Каментары28

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні3

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Усе навіны →
Усе навіны

Някляеў: Вельмі шмат было зроблена памылак — і ўладай, і апазіцыяй20

Расійскія ваенкары пішуць пра «крах абароны» расійска-сірыйскіх сілаў пад Алепа. Асад спешна вылецеў у Маскву17

У Магілёве прадаюць 23-гадовы VW Golf 4 за 9000 даляраў. Што ў ім такога?1

Стала вядома, колькі сёлета давядзецца заплаціць за натуральную навагоднюю ялінку1

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта16

Вярхоўны суд адмяніў прысуд арт-менеджару Аляксандру Чахоўскаму, справу будуць пераглядаць

У Мінску адкрыецца рэстаран, які прапрацуе ўсяго год

«Даляраў столькі, што хоць печку імі палі». Азаронак на камеру спаліў купюру ў 1 даляр22

Кіраўнік нямецкай разведкі: Расія можа напасці на краіны Балтыі або атакаваць архіпелаг Шпіцберген8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні3

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Галоўнае
Усе навіны →