Канапацкая: Бабарыка — ідэйны прабацька пралубянскай нечысці, якая акапалася ў дарагіх офісах Варшавы і Вільні
Палітычную заяву «рэальнай апаненткі ўлады», як дасціпна сябе называе Ганна Канапацкая, у фэйсбуку лайкнулі толькі пяць чалавек з яе 5400 падпісчыкаў. Дый сярод тых двое рагочуць са спарынг-партнёркі Аляксандра Лукашэнкі.
Кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая выказалася наконт палітвязня Віктара Бабарыкі, якога паказалі ўпершыню за доўгі час:
«Маё стаўленне да гэтай асобы з гадамі не змянілася. Ну, можа, крыху жалю дадалося. Але гэта хутчэй — жаночае. Для мяне як палітыка ён — фінансавы і ідэйны прабацька трагедыі беларускага народа лета — восені 2020 года і ўсёй вылупленай з тых падзей пралубянскай нечысці, якая цяпер акапалася ў дарагіх офісах Варшавы і Вільні».
Разам з тым Канапацкая, якая называе сябе «рэальным апанентам улады», вітае памілаванне палітзняволеных. На яе новай мове гэта называецца «дзеянні, скіраваныя на аднаўленне згоды ў грамадстве па пытанні змякчэння ўмоў для тых, хто адбывае пакаранне, звязанае з падзеямі мінулага электаральнага цыклу».
«Калі гэта звязана з электаральнай кампаніяй, у якой я прымаю непасрэдны ўдзел, — значыць, мы ўсё робім правільна», — падсумоўвае Канапацкая.
Каментары