Мноства лотаў па продажы абсталявання Мазырскага спіртагарэлачнага завода заўважыла выданне «Флагшток» на электроннай гандлёвай пляцоўцы. У асноўным, гэта ўстаноўкі, ёмістасці і іншае абсталяванне, а найбольш буйныя лоты — будынкі ў Мазырскім раёне побач з МНПЗ. Гэта адміністрацыйна-бытавы будынак і інжынерны корпус.
У цэлым за комплекс будынкаў хочуць атрымаць больш за 1 млн рублёў (звыш 300 тысяч даляраў). Абодва будынкі, мяркуючы па фатаграфіях, яшчэ нядаўна выкарыстоўваліся.
Пабудовы маюць плошчу больш за 4 тысячы квадратных метраў. Патэнцыйнаму пакупніку прапануецца выкарыстоўваць іх «для будаўніцтва і абслугоўвання».
Сума ўсёй маёмасці, якая рэалізуецца, налічвае некалькі мільёнаў рублёў. Завод распрадае цэхі, трубаправоды, цыстэрны, тысячы адзінак шклатары, ачышчальныя збудаванні і нават пажарную частку.
У інфармацыі пра лоты паказана, што прадпрыемства-прадавец знаходзіцца ў статусе банкруцтва. Сайт прадпрыемства даступны і прапануе разнастайную прадукцыю: ад моцных алкагольных напояў да антысептыку. Хоць мяркуючы па распродажы аб'ектаў, ад інфраструктуры завода амаль нічога не засталося і для вытворчасці захаваныя толькі невялікія памяшканні.
Каментары