За прэтэнзіямі Трампа на Панаму, Канаду і Грэнландыю можа хавацца тонкі перамоўны разлік
Падчас аўторкавай прэс-канферэнцыі абраны прэзідэнт ЗША прадставіў бачанне свайго другога тэрміну, якое многіх шакавала. За экстравагантнай рыторыкай, аднак, могуць хавацца цалкам рацыянальныя пастулаты, дапускаюць некаторыя эксперты.
Трамп, у прыватнасці, агучыў жаданне распасцерці амерыканскую сферу ўплыву ад Панамы да Канады і нават да Грэнландыі. На пытанне журналіста, ці ў сваім імкненні атрымаць гэтыя тэрыторыі ён гатовы «адмовіцца ад выкарыстання ваеннай сілы або эканамічнага ціску» Трамп адказаў: «Не, я не магу вас запэўніць ні ў адным з гэтых двух. Але магу сказаць адно: нам яны патрэбныя для эканамічнай бяспекі».
Журналісты The Wall Street Journal Вівіян Салама і Аляксандр Уорд, абазнаныя з гісторыяй і актуаліямі нацыянальнай бяспекі ЗША, паспрабавалі разабрацца, што стаіць за такога тыпу заявамі.
Грэнландыя: задача не ў тым, каб анексаваць, а каб не даць туды пранікнуць Расіі і Кітаю
Грэнландыя стала аб’ектам цікавасці Дональда Трампа яшчэ падчас яго першага тэрміну на пасадзе прэзідэнта ЗША. У 2019 годзе ён публічна прапанаваў набыць гэты дацкі паўаўтаномны рэгіён.
Асноўных прычын такога кроку было дзве. Першая — багатыя запасы рэдказямельных металаў, жыццёва неабходных для сучасных тэхналогій і абаронных сістэм. Другая — геаграфічнае становішча Грэнландыі, якая з’яўляецца часткай Паўночнай Амерыкі і мае выхад да Арктыкі, дзе раставанне лёду адкрывае новыя транспартныя шляхі і рэсурсныя магчымасці.
Акрамя таго, увага Трампа да Грэнландыі была абумоўлена жаданнем не дапусціць доступу да стратэгічных рэсурсаў і Арктыкі для аўтарытарных гегемонаў з Усходу, якія становяцца ўсё больш агрэсіўнымі.
Як пісала «Наша Ніва», Кітай успрымае Грэнландыю як частку свайго Палярнага шоўкавага шляху. Ёсць рызыка, што Пекін можа стварыць у Арктыцы ваенныя базы, выкарыстоўваючы шматгадовае эканамічнае супрацоўніцтва з Грэнландыяй. Расія, у сваю чаргу, ужо доўгія дзесяцігоддзі ўтрымлівае моцную ваенную прысутнасць у гэтым рэгіёне.
Некаторыя з дарадцаў Трампа сцвярджаюць, што яго публічныя заявы — гэта «тэставыя кулі» (trial balloons), скіраваныя на тое, каб распачаць перамовы аб пашырэнні амерыканскай прысутнасці на востраве.
Вынікам такіх перамоў, мяркуюць журналісты WSJ, мог бы стаць перагляд дамоваў паміж Даніяй і ЗША ў сферы абароны. Іншым варыянтам можа стаць заключэнне «пагаднення аб асацыяцыі», падобнага да дамоў ЗША з Мікранезіяй ці Палау, пры якім ЗША атрымліваюць правы на базіраванне і ўзмацненне ўплыву без анексіі тэрыторыі.
«Мы аддавалі канал Панаме, а не Кітаю»
Панамскі канал, завершаны ў 1914 годзе, доўгі час знаходзіўся пад кіраваннем ЗША.
Ён меў ключавое значэнне як у ваенным, так і ў камерцыйным плане. Канал дазваляў хутка перамяшчаць караблі паміж Атлантыкай і Ціхім акіянам, умацоўваючы эканамічны і ваенны патэнцыял ЗША. Аднак у 1977 годзе, пад ціскам унутраных і міжнародных фактараў, прэзідэнт Джымі Картэр падпісаў Тарыхас-Картэраўскія пагадненні, паводле якіх Панама атрымала поўны кантроль над каналам у 1999 годзе.
Вонкава ўсё гэта выглядае лагічна і справядліва, калі б не адзін нюанс: два асноўныя марскія парты Панамы ўжо шмат гадоў кіруюцца кампаніяй з Ганконга — тэрыторыі, якая пакуль што яшчэ захоўвае палітычную аўтаномію, але яна ўсё больш занепадае на карысць камуністычнага Кітая. У 2047 годзе Ганконг павінен цалкам перайсці пад кантроль Кітая.
У гэтым кантэксце можна зразумець Трампа, калі ён кажа: «Мы аддалі канал Панаме, а не Кітаю».
У сувязі з гэтым ён абяцае размяшчэнне амерыканскіх ваенных караблёў вакол панамскіх вод ці ўвядзенне тарыфаў, якія могуць зруйнаваць эканоміку Панамы, калі не будуць зроблены саступкі.
Абодва падыходы сталі б сур’ёзным адхіленнем ад сучасных нормаў знешняй палітыкі ЗША. Аднак Трамп разглядае гэта як ураўнаважванне сітуацыі ў глабальнай эканамічнай барацьбе з Кітаем і аднаўленне, на яго думку, «законнага» становішча Амерыкі ў заходнім паўшар’і.
Канада: пытанне ў эканоміцы
Адной з самых, бадай, шакавальных заяў Трампа стала заява пра магчымую анексію Канады. Маўляў, «штучная мяжа» паміж дзвюма краінамі перашкаджае стварэнню адзінай палітычнай і эканамічнай прасторы. Гэтая заява здаецца асабліва дзёрзкай, бо Канада — краіна «Вялікай сямёркі», саюзнік па НАТА і другі па значнасці гандлёвы партнёр ЗША.
Асноўныя прэтэнзіі Трампа да Канады тычацца гандлёвых адносін і абаронных выдаткаў. Ён даўно ўжо скардзіцца на канадскія субсідыі ў малочнай прамысловасці, аўтамабільныя пагадненні і «несправядлівыя» ўмовы двухбаковых здзелак.
Трамп таксама крытыкаваў Канаду за невыкананне рэкамендацыі НАТА адносна абароннага бюджэту ў памеры 2% ад ВУП, называючы краіну «дармаедам» у саюзе.
Пагроза анексіі або ўвядзення жорсткіх тарыфаў выглядае хутчэй як перамоўны манеўр, мяркуюць Салама і Уорд, спасылаючыся на апытаных экспертаў. Каб пазбавіць Канаду суверэнітэту, спатрэбілася б аднагалоснае галасаванне канадскага парламента, дэпутатаў правінцыйных радаў і рашэнне Кангрэса ЗША — рэч практычна немагчымая.
Гэтыя і іншыя заявы Трампа адпавядаюць яго тактыцы — пачынаць з правакацыйных прапаноў, каб падняць стаўкі ў перамовах. У рэальнасці абраны прэзідэнт хоча дамагчыся ад Канады павелічэння абаронных выдаткаў, справядлівага падзелу выдаткаў на арктычныя праекты і адмовы ад гандлёвых здзелак, якія, на яго думку, шкодзяць ЗША.
Каментары
Пытанне ў тым, такі "перамоўны манеўр" павышае ўзровень міжнароднай палітыкі або паніжае?
Ужо як з Лукашэнкай або Пазняком. Адзін плявузгае, пасля дарадцы і аналітыкі пачынаюць тлумачыць, а што наш лідар жадаў сказаць "насамрэч", якія "сігналы" ён дае.
Выбіраюць неразумных мутных недалікатных, пасля расшыфроўваюць тыя сігналы.