Грамадства1313

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Ганна Канапацкая вырашыла ўвайсці ў адну рэчку двойчы і зноў удзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах — нягледзячы на тое, што ў 2020-м ёй намалявалі менш за 2%, а сама Ганна прызнавала тыя выбары несапраўднымі. Цяпер яна зноў робіць выгляд, што збірае подпісы. І зноў спрабуе дэманстраваць, што мае ўсе шанцы пазмагацца з Лукашэнкам за прэзідэнцкі трон. Але навошта гэты спектакль дачцэ беларускага даляравага мільянера? Як з апазіцыянеркі, якая выступала ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга і Курапат, яна ператварылася ў падкантрольнага палітыка з лазневым узроўнем дыскусіі? 

Культавае фота Ганны Канапацкай з лазні

Ганна — карэнная мінчанка і юрыстка па адукацыі. Яе дзявочае прозвішча па бацьку — Трухановіч. Ганне пашанцавала нарадзіцца ў сям’і палешука з бізнэсовай жылкай: у пачатку 90-х бацьку Анатоля называлі першым даляравым мільянерам у Беларусі. Адзін са сваіх бізнэсаў Анатоль назваў у гонар трох любімых жанчын — жонкі і двух дачок: «АДЛ» (па першых літарах іх імёнаў). Другая дачка, Дар'я, цяпер лічыцца кіраўніцай ініцыятыўнай групы сястры.

Але не выключна бізнэсам цікавіўся спадар Трухановіч: ён быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, доўгі час удзельнічаў у ёй і фінансаваў. А ў пэўны момант прывёў на чарговы з’езд сваіх дачок.

Ганна Канапацкая з бацькам. Фота: instagram.com/anna.kanopatskaya

Ганна ў выніку прабыла членам партыі з 1995 па 2019 год, калі яе адтуль выключылі. Выключэнне стала фармальнай працэдурай, бо напярэдадні Канапацкая сама заявіла, што пакідае АГП пасля таго, як не пабачыла свайго імені ў партыйных спісах вылучэнцаў на чарговыя парламенцкія выбары.

Абранне Ганны дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў у 2016-м стала прычынай сур’ёзнага ідэйнага расколу ў АГП. Для ўсіх было відавочна, што сумленнага падліку галасоў ні на яе акрузе, ні на іншых акругах не было. Таму некаторыя партыйцы зацята крытыкавалі згоду на прызначэнне Канапацкай у парламент з улікам ранейшай палітыкі прызнавання выбараў нелегітымнымі.

Палітык Анатоль Лябедзька расказваў, што прызначэнне Ганны ў дэпутаты стала для іх нечаканасцю, і выбар паміж тым, ці гуляць у гэтую гульню, ці адмовіцца, быў няпростым:

«Мяне разбудзілі ноччу і сказалі: «У нас дэпутат». — «Які дэпутат? Адкуль?» — «Ганна Канапацкая». І вось мы тэрмінова збіраемся і разумеем, што гэта гульня, якую нам прапануюць. І што тут трэба рабіць?».

У выніку ў партыі прызналі карысць ад таго, каб на свае вочы пабачыць плюсы і мінусы валодання дэпутацкім мандатам. З самой Канапацкай пры гэтым была падпісаная дамова, у якой пералічвалася, чаго ад яе чакае партыя. Адно з чаканняў тычылася эканамічных рэформ, праграмы «Мільён працоўных месцаў». А найбольш адказным тэхнічным заданнем стала лабіяванне тэмы свабодных і сумленных выбараў. З апошнім Канапацкая экзамен па выніку праваліла.

Сітуацыя з тымі парламенцкімі выбарамі — 2016 насамрэч была абсурдная — Канапацкая на той момант жыла на дзве краіны і збіралася асядаць разам з дзецьмі ў Германіі. Аднак прызначэнне ў парламент прымусіла яе вярнуцца ў Беларусь.

«Законапраект аб гарантыях прэзідэнту яна дакладна не распрацоўвала, ёй прапанавалі гатовы тэкст зверху»

Пры ўсёй неадназначнасці падзеі траплянне ў парламент двух апазіцыйных дзеячаў — Ганны Канапацкай і Алены Анісім — у 2016 годзе многімі ўспрымалася з аптымізмам і надзеяй: нешта з гэтага будзе.

Фота: instagram.com/anna.kanopatskaya

Сярод важных праектаў, да якіх разам з камандай паспела прыкласці руку Ганна Канапацкая, напрыклад, праца над змякчэннем 328-га «наркатычнага» артыкула Крымінальнага кодэкса. Таксама яна вяла працу над законапраектам па ахове бел-чырвона-белага сцяга з унясеннем яго ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дэпутатка падрыхтавала законапраект, які змяншаў ролю дзяржавы ў зямельных адносінах.

Далучылася яна ў новым статусе да абароны Курапат, што ў сённяшніх рэаліях з боку дэпутатаў нават складана ўявіць. Канапацкая звярталася ў пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці перагляду межаў ахоўнай тэрыторыі, у выніку якога там пабудавалі рэстаран «Поедем Поедим».

Скрыншот: instagram.com/anna.kanopatskaya/

У перыяд з 2016 па 2019 заўважна палепшаў дыялог паміж уладай і апазіцыяй: у тым ліку дзякуючы мандату Ганны праводзіліся сумесныя круглыя сталы і ладзіліся сустрэчы.

Таксама Канапацкая выступала за выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, якую называла «мёртванароджаным дзіцём». Але тэму свабодных і сумленных выбараў, Канапацкая з трыбуны так і не агучыла, хоць і абяцала аднапартыйцам.

«Гэта даказала для нас, што ўсе дэпутаты так ці інакш пад кантролем, у іх ёсць дамоўленасці, тэмы-табу: эканоміка — калі ласка, але ніякай крытыкі першых асобаў, сілавікоў, самой сістэмы, — каментуе Анатоль Лябедзька. — У выніку мы выключылі Канапацкую з партыі менавіта таму, што яна не рэалізоўвала магчымасці дэпутацкага мандата і не выканала аднаго з пунктаў нашай дамовы».

Атачэнне Канапацкай яшчэ больш непрыемна здзівілася, калі ў 2019-м яна вынесла на разгляд адыёзны законапраект «Аб гарантыях прэзідэнту Беларусі, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям’і». Гэта сур’ёзна запэцкала яе імідж. Адзін з пунктаў законапраекта абвяшчаў, што «кіраўнік дзяржавы не можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні, учыненыя ім у перыяд выканання паўнамоцтваў у якасці прэзідэнта».

«Я ведаю на 100%, што яна не распрацоўвала гэты праект закона, — каментуе былы памочнік Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка. — Я бачыў, што ў яе нават фізічна не было на гэта часу. Праект гэты, на мой погляд, быў крокам рэжыму — ёй прапанавалі гатовы тэкст, які яна проста агучыла. У той момант яна рэзка памяняла сваю рыторыку. Было зразумела, што ўжо пачалася падрыхтоўка да яе ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

Законапраект аб гарантыях прэзідэнту стаў сур’ёзным маркерам, што ўся апазіцыйнасць Канапацкай на гэтым сканчваецца».

Гэты ж эпізод згадвае і Вольга Кавалькова, яшчэ адна з памочніц Канапацкай-дэпутаткі.

«Пры наяўнасці паміж намі працоўных адносін пра той закон я даведалася ў інтэрнэце, са СМІ.

Я не бачыла, каб Ганна над ім працавала.

Для мяне гэты Закон быў нечаканым і я запытвала ў Ганны: адкуль гэта? Можна ж было зрабіць па-іншаму, каб гэта не выклікала такую негатыўную рэакцыю і ў апазіцыі, і ў грамадства агулам. Але потым я зразумела, што гэта быў такі тэст сістэмы — праверыць, наколькі грамадства гатовае да такога. І вось у 2019-м яно аказалася негатовым даваць прэзідэнту такія гарантыі. КДБ — ці хто там распрацоўваў той законапраект — паглядзелі на гэта, зафіксавалі, і ініцыятыва пайшла ў цень».

Закон аб пажыццёвых гарантыях прэзідэнту ў выніку прынялі ў 2024-м годзе. Канапацкая адрэагавала на гэта наступным чынам: «Прымі Палата яшчэ ў лістападзе 2019-га гэты закон, калі я распрацавала законапраект і ўнесла яго для разгляду, вельмі шмат якія працэсы ў Беларусі маглі б пайсці па-іншаму. Іншай была б уся электаральная кампанія 2020 года. Не было б, па яе сканчэнні гэтай сусветнай ганьбы з самазванкай і яе бадзяжным шапіто, што доўжыцца ўжо які год. Найхутчэй не было б сотняў паламаных лёсаў простых беларусаў, якія сталі ахвярамі брудных палітычных маніпуляцый, і тысяч збеглых суайчыннікаў за межамі нашай краіны. І не было б дыпламатычнай ізаляцыі і эканамічных санкцый, пра што я ведаю дакладна».

Дабрабыт бацькі як зарука згодлівасці?

На думку Анатоля Лябедзькі, Канапацкая пачала гуляць на баку Лукашэнкі адначасова з атрыманнем дэпутацкага мандата ў 2016-м:

«Пэўны кантракт паміж Канапацкай і сістэмай дзейнічаў і тады, і ў 2020-м, працуе і цяпер. Дадаткова ўсё падмацоўваецца амбіцыямі, якія ў Ганны ёсць».

Былыя паплечнікі заўважаюць, што ў Лукашэнкі было спецыфічнае стаўленне да Канапацкай падчас пасяджэнняў Палаты — ён часта аджартоўваўся і ўвесь час аказваў ёй усякага роду знакі ўвагі. Фота: instagram.com/anna.kanopatskaya

Гэтую ж версію пацвярджае і яшчэ адна блізкая да сітуацыі крыніца. Суразмоўца тлумачыць, што Ганну-дэпутатку зляпілі эканамічныя праблемы з бізнэсам бацькі. Маўляў, ён сам праз знаёмых прапанаваў кандыдатуру дачкі. Рэжыму былі патрэбныя апазіцыянеры ў парламенце для імітацыі дэмакратычнасці, а Ганнай было лёгка кіраваць, бо на коне, калі што, была свабода бацькі.

«Можа, гэта супадзенне, але ў 2020-м годзе Пухавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў даравалі пазыкі», — каментуе гэту версію Дзяніс Ціханенка.

Бацьку Канапацкай, мажарытарнаму акцыянеру камбіната, дазволілі адкласці доўг перад дзяржавай на $8,5 мільёна.

Шэсць тысяч подпісаў — рэальны вынік у 2020-м

2020 год для Ганны выдаўся максімальна насычаным. Усё пачалося са сварак паміж удзельнікамі праймерыз па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата.

Працягнулася кавідным напружаннем у грамадстве: Ганна спрабавала прыцягнуць тагачаснага міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка да крымінальнай адказнасці за бяздзейнасць. 

Сола-пікет. Фота: instagram.com/anna.kanopatskaya

Чым бліжэй было да выбараў, тым атмасфера больш напальвалася. Некаторыя выхадкі Ганны непрыемна здзівілі нават членаў яе сям’і. У прыватнасці, бацька Анатоль, які, між іншым, стаў даверанай асобай дачкі, раскрытыкаваў яе выказванні на адрас Бабарыкі, якога Ганна параўнала з педафілам у дзіцячым садку.

Вольга Кавалькова згадвае:

«У прэзідэнцкую кампанію — 2020 у нас былі пікеты разам на Гомельшчыне. Мы размаўлялі, і яна тады досыць радыкальна адгукалася пра Ціханоўскага: што гэта праект Масквы, што Бабарыка прарускі. І яна гаварыла такімі, ведаеце, сістэмнымі наратывамі. Я тады падумала, што хтосьці побач ёсць, хто з ёй так размаўляе».

Гэта агулам было яе асноўнай стратэгіяй на апошніх выбарах — брудная крытыка апанентаў і пусканне пылу ў вочы сваёй дзейнасцю. У рэальнасці ж амаль адразу пасля пачатку збору подпісаў яе 1300 «штыкоў» і «палевікоў» (так яна называла членаў сваёй ініцыятыўнай групы) знялі пікеты і спынілі абыход кватэр.

Як цяпер ужо больш дакладна распавёў «Нашай Ніве» адзін з членаў ініцыятыўнай групы, па факце за Канапацкую тады сабралі ўсяго шэсць тысяч подпісаў. Нагадаем, што сама яна заяўляла, што аднесла ў Цэнтрвыбаркам крыху больш за 110 тысяч, а там ёй намалявалі ўвогуле 146 588.

«Там і збораў нармальных не было. Таму гэта максімум — 6 тысяч рэальных подпісаў. Па маёй інфармацыі, Аператыўны аналітычны цэнтр пры прэзідэнце даў ёй каля $20 тысяч на кампанію. А свае грошы яна не хацела ўкладаць», — расказвае былы член каманды Ганны, які папрасіў застацца ананімным.

Адказ Канапацкай Вераніцы Цапкала, Марыі Калеснікавай і Святлане Ціханоўскай у 2020-м на заклік зняць сваю кандыдатуру

«У асобе Канапацкай улада хоча пабачыць хаця б мінімальнага прадстаўніка апазіцыі»

Амаль адразу пасля выбараў-2020, крыху пагуляўшыся ў пакрыўджанага вынікамі палітыка, Ганна знікла з радараў. Спачатку яна агучыла жаданне стварыць уласную нацыянал-дэмакратычную партыю, але ініцыятыва заглохла.

Пазней мільганула ў справе амніставання зняволеных, у тым ліку наладжваючы дыялог з заходнімі дыпламатамі і палітыкамі. Але пра дакладныя пазітыўныя вынікі працы Ганны так і не стала вядома, а звычайна яна не скромнічае ў прыпісванні сабе заслуг.

«Так склалася гістарычна, што ўвесь працэс камунікацыі з так званай апазіцыяй у пэўны момант замкнулі на Васкрасенскім, і Канапацкая стала папросту не патрэбная ў гэтым пытанні, хаця яна пра тую ж амністыю казала нават на УНС. Але мне падаецца, што з яе боку гэта былі проста гучныя заявы для таго, каб не выпадаць з медыйнай павесткі. А потым яна знікла, таму што пачалася максімальная зачыстка палітычнага поля.

Было б нелагічна, калі б падчас татальнага разгрому ўсёй ранейшай партыйнай сістэмы, нехта на фоне пачаў бы будаваць новую, нацыянал-дэмакратычную партыю. Відавочна, быў дадзены загад (ці парада) не высоўвацца», — выказвае здагадку абазнаная крыніца.

На выбары-2025 Ганна ідзе ў якасці проста індывідуальнай прадпрымальніцы, ніяк не тлумачачы, якім бізнэсам займаецца. У 2020-м ж яна нібыта займалася юрыдычнымі кансультацыямі для аўстрыйскай кампаніі Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH. Яшчэ раней была кіраўніцай у такіх фірмах, як «Грынрэй», «КапітэльБелБуд», «Южцэнтрабуд». Па выніку ўсе яны ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Для многіх застаецца таямніцай сэнс існавання бізнэсаў, кліентаў якіх складана адшукаць.

«Выглядае, што той жа «Грынрэй» — гэта была проста псеўдакантора, якая павінна была паказаць яе статус падчас парламенцкай кампаніі», — мяркуе чалавек з атачэння Ганны.

«У мяне вялікія сумневы наконт Канапацкай як юрысткі — магу казаць гэта, прайшоўшы праз пэўную супрацу. Тая ж праца ў парламенце прадугледжвае здольнасці да заканадаўчай працы. Я там не заўважыў ні экспертызы, ні кампетэнцый — большасць тэкстаў законапраектаў рыхтавалі яе памочнікі. Думаю, што юрыдычная кампанія была зробленая пры дапамозе грошай бацькі, а далей, калі ўжо трэба было ўкладваць свае кампетэнцыі і досвед, проста не ўдалося», — дадае яшчэ адзін суразмоўца.

Пры гэтым Ганна, як сама яна прызнавалася не раз, умее і любіць траціць грошы. Вялікае задавальненне ёй заўсёды прыносілі, у прыватнасці, машыны.

«У адрозненне ад «найбяднейшага прэзідэнта ў свеце», у якога чвэрць стагоддзя «нічога няма», я ўмею і добра зарабляць, і добра траціць!» — хвалілася Канапацкая.

Выбар Ганны — Range Rover Evoque 2017 г. в. Па інфармацыі «Белпола», Ганна 55 разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ

Словам, нават пры адным заробку дэпутаткі Ганна заўсёды дадаткова магла пакласціся на мужчын побач. Бізнэсовец у сям'і быў не толькі бацька, але і былы муж, з якім яны, праўда, развяліся ў 2008 годзе. Дзмітрый Канапацкі быў заснавальнікам і дырэктарам кампаніі «Аскайд», якая спецыялізуецца на аптовым гандлі адзеннем. Сёння ён, як мы змаглі даведацца, сканцэнтраваўся на рынку Казахстана і Расіі і ўзначальвае кампанію «Белснаб Камплект», якая з'яўляецца дылерам сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку з Беларусі.

Новы партнёр Ганны, па інфармацыі знаёмага сям'і, таксама мае бізнэс у сферы права і будаўніцтва.

Нядаўна стала вядома, што, грошы, «зэканомленыя на выбарчай кампаніі-2020», Ганна ўклала ў крыптавалюту. Будзе выдаткоўваць іх на кампанію-2025?

Цяпер яна посціць у інстаграме фотаздымкі са сваіх пікетаў і абяцае «ісці да канца». Выглядае, што гэтыя пару пікетаў — напрыклад, у гандлёвым цэнтры «Сталіцы» і на Камароўцы — і ёсць адзіная актыўнасць Канапацкай.

У 2020-м Канапацкая змагла сабраць хаця б спіс намінальных паплечнікаў, паабяцаўшы грошы за збор колішнім актывістам БНФ і іншых партый. Камусьці заплаціла абяцанае, хтосьці застаўся расчараваным. 

Сёлета ж няма нават гэтых намінальных актывістаў — апазіцыянеры ці выехалі з краіны, ці спрабуюць не адсвечваць, каб не прыцягваць да сябе ўвагу.

У выніку выглядае, што Канапацкая збірае подпісы сама. Колькі ўдасца сабраць? Наўрад ці набярэцца хоць 1000 подпісаў, але ў цяперашніх рэаліях гэта не мае ніякага значэння. Калі Цэнтрвыбаркам атрымаў загад рэгістраваць кандыдатку, то яна трапіць у бюлетэні нават без аніводнага подпісу.

Дзяніс Ціханенка настойвае, што Канапацкая сваім удзелам у выбарах парушае абноўленую Канстытуцыю, бо мела раней замежны дазвол на жыхарства. Але гэта таксама наўрад ці хвалюе кагосьці ў Цэнтрвыбаркаме.

З анонсам даты выбараў-2025 сацсеткі палітыка зноў ажылі: там яна будуе імідж ва ўсім правільнай лэдзі і клапатлівай маці. У Канапацкай двое дзяцей: сын Аляксей і дачка Настасся. Аляксей скончыў эканамічны факультэт БДУ. Настасся абрала Венскі ўніверсітэт.

«У асобе Канапацкай улада хоча пабачыць хаця б мінімальнага прадстаўніка апазіцыі, якая захавалася ў Беларусі. Яна бяскрыўдная, ёй можна кіраваць. Гайдукевіч як «апазіцыйная» фігура сябе ўжо максімальна вычарпаў. Гэта эксперымент па імітацыі дэмакратычнай сістэмы, якая патрэбная нават у такой рэжымнай краіне, як наша.

Дадатковы плюс, што прадстаўніца гэтай так званай канструктыўнай апазіцыі — жанчына. Па маёй інфармацыі, Таццяне Караткевіч прапаноўвалі згуляць гэтую ролю таксама, яна адмовілася, і менавіта таму апынулася на сутках», — каментуе адзін з палітыкаў.

На сёння Канапацкая знаходзіцца ў пуле давераных асобаў Лукашэнкі. Без асаблівага права выбару, з задачай, якую варта выканаць безагаворачна.

Каментары13

  • "карэнная мінчанка"
    16.11.2024
    "Яе дзявочае прозвішча па бацьку — Трухановіч."
    татарка - тут да бабці не хадзі
  • яло (дачка ярмоленкі.. пявіца)
    16.11.2024
    вось чытаю пра "карэнная мінчанка" ад бацькі, якога "у пачатку 90-х бацьку Анатоля [на ярмоленку знешне пахож] называлі першым даляравым мільянерам у Беларусі" і кідаю ў каструлю нейкае лайно, набытае ў магазіне для бедных, пад назвай "пельмени оригинальные" з чаго яны? а здагадайцеся
  • Гадзіннічак цікае
    16.11.2024
    Нават па такіх, як Канапацкая, зразумела, што ўлады баяліся такога кшталту людзей, як Цапкала. Бо яны маглі дзейныя рэчы прапанаваць, а не проста балаболіць. Зліў Ціханоўскай свайго трыа, пачынаючы з Цапкалы, - гэта відавочна тактыка загаворвання зубоў і зліцця ўсіх рэшткаў пратэсту. Пытанне, ці гэта апартунізм Вячорак і ім падобных, ці наказ, дадзены разам з 15,000 даляраў...

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?13

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА6

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах5

«Гэта як хадзіць з пакетам на галаве». Дэвід Лінч паказвае, чым можа скончыцца курэнне3

«Выкінула праз бакавое шкло, апрытомнела на зямлі». У беларускі расколіна ў пазванку пасля аварыі аўтобуса ў Польшчы

Спявак Саша Нэма, якога паўгода таму дапытвалі ў ГУБАЗіКу, запісаў песню «Надо, батя!»7

За два гады працоўных мігрантаў у Беларусі пабольшала ў паўтара раза1

Хакеіста мінскага «Дынама» будуць судзіць за групавое згвалтаванне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?13

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →