Прэзідэнцкая пасада ў Ліване заставалася вакантнай больш за два гады, але 9 студзеня мясцовым парламентарыям нарэшце ўдалося абраць кіраўніка дзяржавы. Ім стаў 61-гадовы галоўнакамандуючы мясцовай арміяй Жазэф Аун, піша Euronews.
Раней аналітыкі называлі кандыдатуру Жазэфа Ауна найбольш верагоднай, паколькі яна задавальняе амаль усе палітычныя сілы Лівана, уключаючы шыіцкі рух «Хезбала». Акрамя таго, ключавыя саюзнікі Лівана, ЗША і Саудаўская Аравія, таксама лічылі Ауна найлепшым кандыдатам.
У першым туры Жазэфу Ауну не ўдалося набраць неабходныя для перамогі 86 галасоў. Ён атрымаў падтрымку 71 члена парламента. Але ў другім туры за Ауна прагаласавалі ўжо 99 дэпутатаў.
Пасада прэзідэнта (традыцыйна яе павінен займаць хрысціянін-мараніт) заставалася вакантнай у Ліване з 31 кастрычніка 2022 года. Тады завяршыўся тэрмін паўнамоцтваў 89-гадовага Мішэля Ауна, які ўзначальваў краіну з 2016 года. За два апошнія гады было зроблена больш за 10 спроб вызначыцца з кандыдатурай кіраўніка дзяржавы.
Перад новым прэзідэнтам стаіць няпростая задача — кіраваць краінай, аслабленай шматгадовым эканамічным крызісам і нядаўняй вайной Ізраіля з групоўкай «Хезбала».
У сваёй прынагоднай прамове Аун заявіў, што з моманту яго абрання пачынаецца новая эра ў гісторыі краіны. Таксама ён дадаў, што «абавязваецца выконваць пагадненне аб спыненні агню з Ізраілем».
Каментары