Казахстан аднавіў абмежаванні для перавозак па схеме перагрузкі і перачэпкі
Казахстан з 1 студзеня 2025 года аднавіў абмежаванні пры выкананні перавозак па тэрыторыі краіны з перагрузкай або перачэпкай. Пра гэта папярэдзіла Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтаперавозчыкаў.
Амаль год таму, у лютым 2024 года, паведамлялася, што Міністэрства транспарту Казахстана дазволіла перавозчыкам з краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) перавозіць тавары з перачэпкай або перагрузкай на тэрыторыі краіны.
У загадзе кіраўніка ведамства адзначалася, што пункты «правілаў прымянення дазвольнай сістэмы аўтамабільных перавозак» не распаўсюджваюцца на перавозчыкаў, зарэгістраваных у краінах ЕАЭС пры выкананні пэўных умоў. У прыватнасці перавозка грузу па тэрыторыі Казахстана павінна выконвацца «паслядоўна некалькімі перавозчыкамі з перагрузкай (пагрузкай/выгрузкай) і (або) заменай цягача пры наяўнасці айчынных дазволаў папярэдняга перавозчыка».
Адпаведны загад профільнага міністра дзейнічаў да 1 студзеня 2025 года.
Увогуле ж праблема ўзнікла ў 2022 годзе пасля ўвядзення Еўрасаюзам абмежаванняў на ўезд беларускіх і расійскіх перавозчыкаў. У Беларусі тады прынялі меры ў адказ, увёўшы падобную забарону для еўрапейскіх грузавікоў. Еўрапейскім перавозчыкам дазволена было рухацца ў Беларусь толькі да пункта перагрузкі і перачэпкі, дзе грузы забіраюцца беларускімі кампаніямі.
Такая схема, аднак, не адпавядае правілам перавозак, прынятым у Казахстане, таму беларускім дальнабойшчыкам пагражалі штрафы і затрыманні машын. У выніку сітуацыя была ўрэгулявана: у Казахстане прыпынілі для партнёраў па ЕАЭС дзеянне пунктаў правілаў, якія абмяжоўвалі перавозкі па схеме перачэпкі і перагрузкі.
У канцы мінулага года ў Казахстане абмяркоўваўся загад аб працягу дзеяння гэтай нормы, тэрмін якой мінаў напрыканцы 2024 года, аднак пакуль ён так і не прыняты. У выніку абмежаванні зноў пачалі дзейнічаць з 1 студзеня.
Як паведамілі ў БАМАП, беларускі Мінтранс накіраваў адпаведны запыт казахстанскім калегам, якія адказалі, што праект загада пакуль знаходзіцца на ўзгадненні ў дзяржорганах Казахстана, а пра яго вынікі будзе паведамлена дадаткова.
Каментары