Мова2626

У рускамоўнай Вікіпедыі плануюць вярнуць назву Беларусь. Для Белоруссии не засталося аргументаў

Праз больш як дзесяцігоддзе пасля папярэдняга рашэння адмыслова скліканая працоўная група, якая працавала над пытаннем два гады, нарэшце рэкамендавала вярнуць артыкулу пра краіну назву Беларусь. 

Так выглядаў артыкул пра Беларусь у час аднаго з чарговых перайменаванняў у 2012 годзе. Скрыншот сайта

Войны за «Беларусь»

Пытанне назвы беларускай дзяржавы па-руску выклікае вялікія дыскусіі сярод расійскіх грамадзян. Гэтыя спрэчкі знайшлі сваё адлюстраванне і ў рускамоўнай Вікіпедыі.

Артыкул пра Беларусь з моманту свайго стварэння некалькі разоў пераймяноўваўся ўдзельнікамі праекта, якія карысталіся рознымі аргументамі на карысць свайго варыянту. Праблеме наймення гэтага артыкула прысвечана больш абмеркаванняў, чым любому іншаму пытанню ў гісторыі рускага раздзела. 

Войны правак таксама адбываліся ва ўсіх артыкулах, звязаных з беларускай тэматыкай. Нярэдка ўвесь унёсак удзельнікаў у такіх артыкулах зводзіўся да бясконцага перапісвання «няправільнай» назвы на сваю і доўгіх спрэчак на старонках размоў, а не да паляпшэння якасці самога артыкула.

Падобная сітуацыя, але вакол правільнасці таго ці іншага правапісу, была калісьці на пачатку з'яўлення беларускай Вікіпедыі і амаль цалкам паралізавала яе працу, пакуль не было прынятае рашэнне падзяліць яе на два раздзелы. 

«Белоруссия» па інерцыі

Нейкае вырашэнне для гэтай дэструктыўнай з'явы патрабавалася і рускай Вікіпедыі. У 2011 годзе з'явілася працоўная група па пытанні, якая, аднак, не змагла прыняць ніякага рашэння. Наступная працоўная група, сфарміраваная праз год, ахарактарызавала сітуацыю як «наяўнасць падвойнай нормы» і вырашыла аддаць перавагу варыянту — «Белоруссия», дапусціўшы некаторыя выключэнні.

Тады праверка ўжывання абедзвюх назваў паказала прыкладна роўныя суадносіны паміж імі. Але працоўная група аргументавала сваё рашэнне тым, што моўная норма кансерватыўная і імкнецца да больш традыцыйных варыянтаў, якой для рускай мовы з'яўляецца «Белоруссия».

Таксама было адзначана, што для перайменавання артыкула трэба, каб назва «Беларусь» стала відавочна прэваліраваць ва ўжытку. І гэты аргумент заставаўся непрабівальным ва ўсіх наступных дыскусіях. 

Руская Вікіпедыя — вялікі раздзел, якім кіруе складаная бюракратычная машына, якую выбудавалі самі ўдзельнікі. Змяніць тут нешта не так проста.

Рашэнне працоўнай групы заставалася нязменным на працягу больш як дзесяцігоддзя, што выклікала незадаволенасць сярод беларусаў. Спробы перайменаваць у «Беларусь» рабілі рэгулярна, але яны былі хутчэй эмацыйнымі, чым аргументаванымі.

Перагляд пытання

За дзесяцігоддзе, якое мінула з папярэдняга рашэння, шмат што змянілася ў свеце, што адбілася і на словаўжыванні. Многія расійскія выданні, якія яшчэ нядаўна адстойвалі варыянт «Белоруссия», цяпер прынцыпова пішуць «Беларусь». Стала больш і рускамоўных публікацый з Беларусі.

Зрух нормы на карысць варыянта «Беларусь» стаў прычынай заяўкі на арбітраж, якая была пададзена яшчэ ў верасні 2022 года. Аўтар заяўкі патрабаваў прызнаць папярэдняе рашэнне састарэлым. 

Была зноў скліканая працоўная група па пытанні перайменавання артыкула «Белоруссия», якая пачала сваю працу ў пачатку 2023 года. 6 студзеня 2025 года яна апублікавала сваю каласальную працу па аналізе пытання ўжывання той ці іншай назвы ў аўтарытэтных крыніцах, пацвердзіўшы замацаванне новай нормы ў рускай мове. 

Што паказаў аналіз?

Працоўная група аналізавала масівы тэкстаў навуковых работ, матэрыялаў СМІ і літаратуры на рускай мове, які даступныя ў інтэрнэце.

Былі даследаваны тэксты, апублікаваныя на сайтах Timestamped JSI web corpus (збіраў аўтаматычна рускамоўныя навіны з 2014 па 2022), Russian Trends corpus (збірае навіны з 2021), «КиберЛенинка», Google Scholar, eLibrary.Ru, у электронным каталогу Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і Нацыянальным корпусе рускай мовы (НКРМ). 

А вось вынікі ад Google News не ўлічвалі пры аналізе, бо з палітычных меркаванняў там больш не прадстаўлены расійскія дзяржаўныя СМІ, што ўплывае на вынікі пошуку. Тым не менш яны таксама прыведзены для параўнання.

У працоўнай групы таксама ўзнікла праблема з тым, што пры простым пошуку па запыце «Беларусь» нярэдка выдаваліся беларускамоўныя тэксты, а таксама чапляліся ўласныя назвы (напрыклад, гасцініца «Беларусь» і газета «Советская Белоруссия»), што скажала вынікі. Было прынята рашэнне шукаць па ўскосных склонах (Беларуси, Беларусью, Белоруссии, Белоруссией) і словазлучэннях (население Беларуси / население Белоруссии, из Беларуси / из Белоруссии). 

Усе лічбы прыведзены ў вялікай зводнай табліцы.

Па выніках свайго аналізу працоўная група прыйшла да высновы, што варыянт «Белоруссия» пераважае толькі ў дзяржаўных расійскіх СМІ, а ва ўсіх іншых — варыянт «Беларусь». Апошні варыянт пераважае і тады, калі разглядаць усе навінавыя тэксты разам.

Суадносіны ўжывання ў некаторых выпадках проста касмічныя, напрыклад, у Google News словазлучэнне «экономика Беларуси» сустракаецца часцей за «экономика Белоруссии» ў 252 разы, а «по Беларуси» сустракаецца часцей за «по Белоруссии» ў 494 разы!

У масівах навуковых артыкулаў на матэрыяле Google Scholar, Cyberleninka і Elibrary таксама выявілі перавагу варыянту «Беларусь». У навуковых дысертацыях абедзве формы выкарыстоўваюцца раўнамерна.

Самым складаным для даследавання аказаўся масіў літаратуры, бо не існуе поўнафункцыянальнага агрэгатара новай літаратуры з аблічбаванымі і распазнанымі кнігамі. Асноўны корпус НКРМ даў толькі 200 вынікаў па ўсіх ускосных формах назвы беларускай дзяржавы, дзе пераважае варыянт «Белоруссия».

А вось даныя Google Books паказалі істотную перавагу варыянту «Беларусь». Працоўная група прыйшла да высновы, што ў цэлым у рускамоўнай літаратуры назіраецца парытэт паміж «Беларусь» і «Белоруссия».

Паколькі згодна з правіламі наймення артыкулаў у рускай Вікіпедыі прыярытэт, як правіла, аддаецца назве, якая з'яўляецца найбольш пазнавальнай і найменш неадназначнай, якой па выніку аналізу з'яўляецца «Беларусь», працоўная група рэкамендавала перайменаваць артыкул «Белоруссия».

Гэта перамога?

Пакуль гэта яшчэ не канчатковае рашэнне і артыкул пра Беларусь застаецца пад ранейшай назвай. Канчатковы вынік аналізу працоўнай групы, як паведамляюць вікіпедысты, будзе праз 2 тыдні. На яго падставе сваё рашэнне прыме Арбітражны камітэт. Але, відаць, гэта чыста бюракратычная фармальнасць, бо адзінага аргументу, праз які захоўвалася «Белоруссия» ў рускай Вікіпедыі, больш не існуе. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • Жыве Беларусь!
    07.01.2025
    Яшчэ б летувісам хто-небудзь растлумачыў, што наша краіна называецца БЕЛАРУСЬ.
    А то як ім Сталін загадаў, так дагэтуль і называюць па-савецку.
  • Пішыце правільна
    07.01.2025
    Скажы Ў, белАрусы.
  • Імя
    07.01.2025
    Бач ты, цяпер у невероятных з расейцамі не застанецца нагод для спрэчкі.

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку24

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр лідар французскіх нацыяналістаў Жан-Мары Ле Пэн2

Лукашэнка адказаў Зяленскаму: Беларусь, вядома, жыве11

Ва Украіне абралі слова 2024 года. Яно звязанае з прымусовай мабілізацыяй1

«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах15

У Літве працягвае скарачацца колькасць беларусаў. Як за год змяніліся лічбы8

«Гэта мая вялікая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу». Лукашэнка паабяцаў беларусам складаны год41

«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго11

Стала вядома пра вызваленне 24-гадовай настаўніцы кітайскай мовы Дар'і Хмяльніцкай18

Каб падтрымаць камандуючых на вайне, Пуцін дашле ім крыжыкі са сваімі ініцыяламі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку24

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Галоўнае
Усе навіны →