Учора намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў правёў прыём грамадзян. На сустрэчу з адным з кіраўнікоў горада прыйшоў жыхар Фрунзенскага раёна, пішуць «Мінск-навіны».
Мужчына распавёў, што стаіць на ўліку людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з 2000 года. На той момант яны былі аформлены як маладая сям’я. За гэты час чарга дайшла пакуль толькі да тых, хто стаў на ўлік у 1992 годзе. Пры гэтым, адзначыў мінчук, будуюцца мікрараёны Масюкоўшчына-3 і Масюкоўшчына-4, і было б добра атрымаць жыллё там, пажадана, абыйшоўшы марудную чаргу.
— «Пасунуць» чаргу і «адкінуць» людзей, якія стаяць перад вамі ў чарзе, мы, зразумела, не можам, — сказаў Аляксандр Чэрнікаў. — Калі не прывязвацца да канкрэтнага раёна, ёсць такі варыянт: пры будаўніцтве дамоў выдзяляюцца кватэры для агульнай чаргі, без накіравання адміністрацыі раёна — дастаткова звярнуцца з даведкай да забудоўшчыка. Такія магчымасці бываюць рэдка, але яны ёсць. Трэба сачыць, напрыклад, на сайце таго ж МАПІДа. Сёння, дарэчы, такая магчымасць ёсць у доме №31 на вуліцы Сонечнай. Гэта Ленінскі раён.
«Практычна ўсё жыллё, якое будуецца сёння ў Мінску, прызначана для шматдзетных сем'яў і тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Камерцыйнае будаўніцтва амаль адсутнічае», — дадаў А. Чэрнікаў.
Каментары
чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў?