А што канадцы думаюць пра ідэю далучэння да ЗША? Вось вынікі сацапытання
Ці ідэя «англасаксонскага адзінства» мае шмат прыхільнікаў у Канадзе?
На пачатку снежня 2024 года новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў прапанову прэм'ер-міністру Канады Джасціну Трудо стаць губернатарам 51-га штата. Спачатку думалася, што гэта жарт, але падчас прэс-канферэнцыі 6 студзеня гэтага года Трамп паўтарыў прапанову і дапусціў прымяненне «эканамічнай сілы» супраць Канады, каб дабіцца выгадных для ЗША рашэнняў.
Свет быў, мякка кажучы, здзіўлены. Ніводзін ранейшы кіраўнік ЗША за апошнія 100 гадоў так сябе не паводзіў.
Што датычыць жыхароў Канады, то сярод іх ёсць тыя, хто не супраць аб'яднацца з магутным суседам. Але большасць такой ідэі не падтрымлівае. Аб гэтым сведчаць вынікі нядаўняга апытання, праведзенага даследчым агенцтвам Leger. Адпаведна яму пераважная большасць канадцаў не хочуць, каб іх краіна стала часткай ЗША.
82% канадцаў заявілі, што не хацелі б, каб Канада стала 51-м штатам ЗША, у той час як «за» выказаліся толькі 13%.
Цікава, што ідэю ўваходжання ў склад ЗША значна менш падтрымліваюць жанчыны (7%), чым мужчыны (19%), а таксама людзі старэйшыя за 55 гадоў (8%), чым людзі ва ўзросце ад 18 да 54 гадоў (16%).
Апытанне праводзілася з 6 па 9 снежня сярод 1520 дарослых канадцаў, хібнасць складае 2,5 працэнтнага пункта.
Вынікі крыху адрозніваюцца па правінцыях, але ў кожным выпадку большасць заявіла, што хоча, каб Канада заставалася суверэннай.
У правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор і так званых Прыморскіх правінцыях (Новая Шатландыя, Нью-Брансуік і востраў Прынца Эдуарда) жаданне таго, каб Канада заставалася незалежнай, выказалі 90% рэспандэнтаў, за ўваходжанне ў склад ЗША толькі 7%. А вось у Альберце, што знаходзіцца на захадзе, прыхільнікаў стаць 51-м штатам значна больш — 19%, праціўнікаў — 74%.
Адказы таксама крыху адрозніваліся ў залежнасці ад партыйнай прыналежнасці. За захаванне незалежнасці найбольш (94%) выказалася прыхільнікаў Новай дэмакратычнай партыі. Сярод прыхільнікаў Ліберальнай партыі Канады такіх 89%. У той жа час ідэю ўваходу ў склад ЗША падтрымлівае кожны пяты (21%) прыхільнік Кансерватыўнай партыі Канады і кожны чацвёрты (25%) крайне правай Народнай партыі Канады — відавочна, тых, якім падабаецца Трамп і якія расчараваныя 10-гадовым кіраваннем лібералаў.
Прэм'ер-міністр Канада Джасцін Трудо на сваёй старонцы ў твітары некалькі дзён назад напісаў, што «няма ніводнага шанцу, што Канада стане часткай ЗША».
Але Дональд Трамп не спыняе выказваць сваіх планаў. 8 студзеня ён апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША. Акрамя далучэння Канады Трамп марыць аб набыцці Грэнландыі і вяртанні Панамскага канала пад кантроль ЗША. Трамп лічыць, што такім чынам утворыцца магутная дзяржава, якая здолее супрацьстаяць і Кітаю, і Расіі.
Каментары