«Дзяўчынка, ты больш не губернатар». Трудо заявіў, што Канада не стане часткай ЗША, яму груба адказаў Маск
Прэм'ер-міністр Канады пракаментаваў выказванні Трампа, што краіна хоча стаць штатам ЗША.
Джасцін Трудо заявіў, што Канада не ўвойдзе ў склад ЗША. Пра гэта канадскі прэм'ер-міністр, які сёлета пакіне сваю пасаду, напісаў у твітары.
«Няма ніводнага шанцу, што Канада стане часткай ЗША. Работнікі і супольнасці ў абедзвюх краінах выйграюць ад таго, што з'яўляюцца найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі і партнёрамі ў сферы бяспекі», — напісаў Трудо.
Яму груба адказаў уладальнік X і паплечнік Трампа Ілан Маск.
«Дзяўчынка, ты больш не губернатар Канады, так што ўсё роўна, што ты кажаш», — напісаў мільярдэр у рэплаях.
Абраны прэзідэнт Дональд Трамп не раз называў Трудо «губернатарам Канады». Напярэдадні ён чарговы раз заявіў, што канадцы нібыта хочуць стаць 51-м штатам ЗША. Затым Трамп у сваёй сацсетцы апублікаваў карту, на якой Канада знаходзіцца ў складзе Злучаных Штатаў.
6 студзеня Трудо заявіў, што пакідае пасаду лідара кіроўнай Ліберальнай партыі. Пасля абрання новага кіраўніка ён пакіне і пасаду прэм'ер-міністра.
Каментары
Можа пара зрабіць асобную рубрыку Маск-Трамп, бо вельмі шмат пра іх пішаце? Зразумела, што толькі ў адпаведным тоне, што выдатна паказалі выбары ў ЗША, але тым не менш.