Піянера беларускага інтэрнэту Уладзіміра «Elefant» Неўмяржыцкага судзяць за згвалтаванне дзіцяці
Неўмяржыцкі вядомы як стваральнік праекта «Мінскі слон» і дырэктар дзіцячай стаматалогіі.
Уладзіміру Неўмяржыцкаму 52 гады. Родам ён з Расіі, з горада Сергіеў Пасад, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. У 1995 годзе падаў прашэнне і атрымаў грамадзянства нашай краіны.
Неўмяржыцкі вядомы як адзін з першых актыўных карыстальнікаў сеціва. Прычым яшчэ да інтэрнэту ён быў вядомы ў беларускім Fidonet'е (некамерцыйная сетка, папулярная да таго, як інтэрнэт заваяваў свет) пад нікнэймам Elefant, якім карыстаецца ўсё жыццё.
У 1999 годзе ён стварыў праект «Мінскі слон». Гэта быў адзін з першых беларускіх форумаў. Ён праіснаваў амаль 20 гадоў, але пік папулярнасці прыйшоўся на нулявыя гады.
На сайце размяшчаліся навіны, афішы, агляды кіно і спектакляў, праводзіліся конкурсы, былі аўтарскія калонкі. На «Мінскім слане» былі сотні актыўных карыстальнікаў, што для Беларусі 1999 года было вельмі шмат (доступ у інтэрнэт з'явіўся ў Беларусі ў 1997 годзе, а вэб-сайтаў былі адзінкі).
Таксама Неўмяржыцкі мае бізнэс — стаматалагічную клініку «Элефанцік», найперш арыентаваную на дзяцей. Жонка Неўмяржыцкага працуе там стаматолагам.
У маі 2024 перастаў абнаўляцца інстаграм Уладзіміра, як і іншыя сацсеткі. У месенджарах ён недаступны.
9 студзеня 2025 года Неўмяржыцкага пачалі судзіць за «гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах да заведама непаўналетняй». За гэта яму пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў калоніі. Абставіны справы невядомыя, працэс адбываецца ў закрытым рэжыме.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары