«Я глядзела на сябе голую ў люстэрку і казала: «Змірыся!» Люцыя Герашчанка распавяла пра свой досвед з «Азэмпікам»
Былая тэлевядучая, а цяпер трэнерка па фэйс-фітнэсе Люцыя Герашчанка (шмат хто яе памятае як Люсю Лушчык) распавяла, як шукала «Азэмпік» на чорным рынку. Абышоўся ён па кошце як неблагі BMW.
Тэлевізійная кар’ера Люцыі Герашчанкі скончылася даволі даўно. Цяпер яна пазіцыянуе сябе як трэнерку па фэйс-фітнэсе і нават выпусціла мабільны дадатак па ёзе для твару.
Нядаўна Люцыя вырашыла скарыць YouTube і прэзентавала першы выпуск уласнага шоу «Я загаварыла». У ім яна распавяла пра тое, як і чаму вырашыла скінуць вагу з дапамогай «Азэмпіку».
Па словах Люцыі, пасля таго, як яна ў 2020 годзе нарадзіла доўгачаканага сына, жанчына набрала 20 кілаграм і адчувала сябе праз гэта некамфортна. Пры гэтым прызнаецца: верагодна, у яе ёсць нейкі разлад харчовых паводзін.
Калі былая тэлевядучая ў 40 гадоў стала маці, яна важыла каля 75 кілаграм. Скідаць лішнюю вагу было вельмі цяжка — асабліва першы год пасля родаў.
— Я ўвесь час была ў вар'яцкай барацьбе па скідванні вагі. І заўсёды ў ёй прайгравала. Я нават памятаю дзень, калі глядзела на сябе голую ў люстэрка і казала: «Ну проста змірыся. Табе ўжо за 40, у цябе нічога не атрымліваецца. Мабыць, ты будзеш такой».
Люцыя сцвярджае, што ў той час усе ёй рабілі кампліменты. Муж таксама не казаў пра тое, што яго жонка выглядае неяк не так, а наадварот падтрымліваў.
— Але ўсё ж я хворы чалавек. Я люблю быць худой. Мне лёгка дыхаць, бегаць, рухацца. Я квітнею, калі я худая. Таму пра тое, як скінуць вагу — пра бялковыя кактэйлі, дыеты, пра сядзенне на грэчцы на вадзе і колькі трэба спаць — я магу гаварыць бясконца.
Таму не дзіўна, што, калі Люцыя ўпершыню пачула пра «Азэмпік», то адразу захацела атрымаць гэтыя цуда-лекі. Жанчына кажа, што чытала пра верагодныя пабочныя эфекты «Азэмпіка». Адзінае, што яе насцярожыла — суіцыдальныя думкі.
Першае, што Люцыя зрабіла — гэта патэлефанавала сяброўцы ў Маскву, бо там «заўсёды можна знайсці ўсё».
— Высветлілася, што прэпарат магчыма набыць толькі па рэцэпце. А ў Беларусі дык толькі на чорным рынку. Сяброўка мяне страшэнна адгаворвала, бо ў Маскве падрабляюць нават ваду.
Спроба набыць рэцэптурны прэпарат нелегальна скончылася правалам. Жанчына сумна жартуе, што яе развялі як бабульку па тэлефоне махляры.
Люцыя знайшла ў інтэрнэце сайт нейкай аптэкі, якая быццам бы прадавала «Азэмпік» усім ахвотным. Сяброўка ўгаварыла набыць для пачатку толькі адзін шпрыц прэпарату (яго неабходна калоць раз на тыдзень — пасля гэтага шмат у каго цалкам знікае апетыт). На наступны дзень кур'ер замову не прывёз, а сайт знік, як і перапіска з прадаўцом — Люцыя згубіла каля 150 даляраў.
— Каб вы разумелі парадак цэн на «Азэмпік». Каб канкрэтна схуднець, трэба яго калоць недзе год. Гэта каштуе як добрая BMW.
Люцыя кажа, што прывезці ў Беларусь «Азэмпік» без рэцэпту даволі складана, у Еўропе набываць прэпарат магчыма, але рэцэпт таксама патрэбны. Жанчына прызнаецца, што спрабавала розныя шляхі і ў выніку змагла атрымаць лекі для дыябетыкаў.
— Прэпарат сапраўды крута працуе, але калі ён у цябе сканчаецца, а набыць у Беларусі яго фактычна немагчыма… Укол працуе тыдзень, і вось прыкладна праз два дні пасля гэтага тэрміну табе пачынае хацецца есці так, што жах. Таму ёсць пытанні.
Яна згадвае і пра так званы эфект азэмпік-твару: пасля ўжыванню прэпарату (калі чалавек не коле нічога ў твар і не займаецца фэйс-фітнэсам) з'яўляецца сухасць і зняможанасць скуры, што візуальнае дадае ўзрост.
Але нягледзячы на гэта Люцыя лічыць прэпарат бясшкодным для здароўя і кажа: «Я думаю, хейт і негатыўнае стаўленне да «Азэмпіка» толькі таму, што ў большасці людзей няма проста фінансавай магчымасці купіць і калоць яго ўсё жыццё».
Дарэчы, Люцыя не адзіная з беларусак, хто ўсё ж змог атрымаць «Азэмпік». Раней у выкарыстанні гэтага прэпарата прызнавалася ў каментарах у інстаграме прапагандыстка СТБ Кацярына Забянько (яна сапраўды моцна схуднела за апошні год). Ёй лекі нелегальна прывозіла сяброўка Дзіяна (нібыта праз сваяка, які працуе пілотам). Тая нават рэкламавала рэцэптурны прэпарат у сваіх сацыяльных сетках.
Пасля выхаду публікацыі пра яе працу на «Нашай Ніве» Дзіяна схавала рэкламныя ролікі, прысвечаныя «Азэмпіку», але праз некаторы час усё ж вярнула некаторыя з іх.
«У мяне сваяк — пілот, ён прывозіць». Як у Беларусі прадаюць «Азэмпік», які абяцае фігуру мары
Дактары заявілі аб пераацэненасці эфектыўнасці папулярнага прэпарату для пахудзення
«Быццам гарачыя прасы паставілі на вочы». Беларуская вядучая шчыра расказала, на што пайшла дзеля прыгажосці
Выявілася, «Азэмпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму
Каментары
• БАЛЬНЫЯ НА ГАЛАВУ •
«Але ўсё ж я бальны чалавек. Я люблю быць худой. Мне лёгка дыхаць, бегаць, рухацца. Я квітнею, калі я худая.»
–––
🔺Чытачы, пісачы, дайце рады агораць-зразумець! То бок, Люцыя й семкі лушчык, і па-фэйсу каму заўгодна дасьць... у сэньсе дасьць па фэйсу-фітнэсе заняткі. І яшчэ, бач ты, балярына! Хай па сваей грамадзкай значнасьці не такая як сс... Валачкова, але ня менш, чым тутака нахабна піяраная Валярына. Што мела (мае) таксама ў пераносным сэньсе лішнюю вагу.
🔺Дарэчы, сам я чалавек зусім ня бальны, але схудаў у свой час — з ног да галавы! — на 30 кіляў. Вось бяз паліва, бязь лекаў. А гэтак выдаткоўвацца на розныя азэмпікі, то трэба быць, авохці, «альтэрнатыўна здаровым» на глузды.
.