Лясныя пажары ў Лос-Анджэлесе: пяць чалавек загінулі, у Малібу гараць дамы знакамітасцяў
Сітуацыю пагаршаюць моцны вецер і сухое надвор'е.
Колькасць загінулых у выніку лясных пажараў у Каліфорніі павялічылася да пяці, піша Бі-бі-сі.
«Раней сёння мы паведамлялі пра двух загінулых. На жаль, колькасць загінулых узрасла да пяці», — сказаў шэрыф акругі Лос-Анджэлес Роберт Луна.
Па яго словах, пажары пакуль не лакалізаваныя, і колькасць ахвяр можа павялічыцца. Сітуацыю пагаршаюць моцны вецер і сухое надвор'е.
Улады заяўляюць, што ў раёне Лос-Анджэлеса працягваюць бушаваць пяць лясных пажараў, а ў зоне эвакуацыі пражываюць 150 тысяч чалавек. Плошча найбольш моцнага пажару ў раёне Пасіфік-Палісейдс паміж Санта-Монікай і Малібу перавышае 60 квадратных кіламетраў.
Па словах начальніка пажарнай аховы акругі Лос-Анджэлес Энтані Маронэ, там агонь знішчыў не менш за тысячу пабудоў. У Малібу на захадзе акругі Лос-Анджэлес знаходзіцца шмат дамоў знакамітасцяў.
У сераду выданне TMZ паведаміла, што на пляжы Малібу цалкам згарэў адзін з дамоў, які належыць акторцы і спявачцы Пэрыс Хілтан. Пазней сама Хілтан пацвердзіла гэта.
«Сэрца разбіта, нельга перадаць словамі. Сядзець з сям’ёй, глядзець навіны і бачыць, як наш дом у Малібу згарае дашчэнту ў прамым эфіры — гэта тое, што ніхто ніколі не павінен адчуваць. Гэты дом быў месцам, з якім звязана так шмат каштоўных успамінаў», — напісала яна ў Instagram.
TMZ таксама піша пра іншых вядомых жыхароў Лос-Анджэлеса, чые дамы пацярпелі ад пажараў. На прэс-канферэнцыі ў ноч на чацвер улады паведамілі, што яшчэ адзін пажар узнік у раёне Галівудскіх узгоркаў — адным з самых вядомых раёнаў Лос-Анджэлеса, дзе знаходзіцца знакаміты знак Галівуду.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў рэжым маштабнай стыхійнай бяды ў штаце Каліфорнія і загадаў аказаць федэральную дапамогу ў дадатак да намаганняў мясцовых уладаў па аднаўленні раёнаў, пацярпелых ад лясных пажараў.
Байдэн таксама адклаў запланаваны візіт у Італію, каб засяродзіцца на аказанні дапамогі ў сувязі з пажарамі.
Каментары