Трамп незадаволены, што падчас ягонай інаўгурацыі дзяржаўныя сцягі будуць прыспушчаныя
3 студзеня абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў расчараванне тым, што амерыканскія сцягі падчас ягонай інаўгурацыі 20 студзеня будуць прыспушчаныя, піша «Голас Амерыкі». Так у Амерыцы традыцыйна робіцца на 30 дзён, калі памірае былы прэзідэнт ЗША, а 29 снежня не стала 100-гадовага Джымі Картэра.
Дональд Трамп, які аб'явіў пра намер наведаць памінальную службу па Джымі Картэру ў Вашынгтоне 9 студзеня, 3 студзеня ў сваім паведамленні на сайце Truth Social выказаў незадаволенасць тым, што сцягі застануцца ў жалобным становішчы падчас цырымоніі прывядзення яго да прысягі.
«Дэмакраты ўсе «ў захапленні» ад таго, што наш цудоўны амерыканскі сцяг можа быць «спушчаны» падчас маёй інаўгурацыі», — сказаў Трамп, выкарыстоўваючы тэрмін для абазначэння прыспушчанага становішча сцяга на караблі.
«Яны думаюць, што гэта так выдатна, і так радыя гэтаму, таму што на самой справе яны не любяць нашу краіну, яны думаюць толькі пра сябе», — падкрэсліў Трамп і дадаў, што праз смерць Картэра на мінулым тыдні амерыканскі сцяг «упершыню ў гісторыі падчас інаўгурацыі будучага прэзідэнта будзе прыспушчаны».
«Ніхто не хоча гэтага бачыць, і ніводзін амерыканец не можа быць рады гэтаму. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца», — сказаў на заканчэнне ён.
Прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер заявіла, што Белы дом не плануе пераглядаць сваё рашэнне.
Раней у сваім посце адразу пасля смерці Картэра Дональд Трамп заявіў, што ён «катэгарычна не згаджаўся» з Картэрам «па-філасофску і палітычна», але ў той жа час прызнаў, што былы прэзідэнт ЗША, які кіраваў у 1977—1981 гадах, «па-сапраўднаму любіў і паважаў нашу краіну і ўсё, за што яна выступае».
Каментары