«Брама ў свет беларускага кантэнту». Каманда айцішнікаў стварыла беларускамоўную ШІ-калонку
Каманда беларускіх энтузіястаў у эміграцыі стварыла разумную калонку, якая размаўляе па-беларуску. Праз фармат хатняга дэвайса, заснаванага на ChatGPT, яны хочуць прасоўваць беларускую мову і культуру, а ў будучыні і бізнэсы — ад віртуальных экскурсій да выдавецтваў, піша MOST.
Каманда, раскіданая па ўсім свеце, назвала праект ADAM. Калонка можа адказваць на любыя пытанні дзякуючы ChatGPT, прайграваць беларускія калыханкі, інфармаваць пра надвор’е, ставіць таймер, граць музыку са Spotify уладальніка.
У бліжэйшы час каманда плануе яшчэ інтэграцыю з сэрвісам дзіцячых аўдыёкніг «Кніжны Воз». Увогуле распрацоўшчыкі кажуць, што адна з мэтаў праекта — закрыць базавую патрэбу дзяцей у камунікацыі на беларускай мове і ў беларускамоўным кантэнце: казках, калыханках, гульнях, віктарынах — усім, чым яны актыўна карыстаюцца з Алісай ад Яндэкса.
Каманда ўжо атрымала водгукі ад тых, хто хацеў бы мець такі дэвайс. Сем’і з дзецьмі пацвярджаюць, што хацелі б, каб у іх доме было болей беларускамоўнага кантэнту.
«Пад капотам ёсць і ChatGPT, які можа расказаць, што тычыцца беларускага свету, што не тычыцца. Мы хочам туды пакласці і беларускі кантэкст, плюс, можа быць, яшчэ дапаможам развіццю беларускім бізнэсам, якія арыентуюцца на беларусаў, знайсці свайго пакупніка», — апісвае прыладу адзін з распрацоўшчыкаў Сяргей (імя змененае).
Сярод беларускіх бізнэсаў, прасоўванню якіх можа спрыяць ADAM, могуць быць віртуальныя экскурсіі, радыё, сэрвісы навін, выдавецтвы, адукацыйныя і забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых. Калонка ўключыць беларускую музыку, кнігі, падтрымае размову на роднай мове.
«Гіганты беларускую мову туды не завязуць»
Сяргей сам шмат гадоў карыстаўся такімі калонкамі ад Amazon, Google і Яндэкса.
«Добра ведаю механіку, мне вельмі падабаецца такая прылада, — кажа ён. — Яна класная і карысная, мусіць быць у кожным доме. Здаецца, 60% амерыканскіх дамоў маюць Google Nest або Amazon Echo з Alexa. Але ёсць разуменне, што беларуская мова там сама не з’явіцца, гіганты туды яе не завязуць. Гэта тычыцца і многіх іншых моў. Ім [буйным кампаніям] гэта нецікава і немэтазгодна, гэта проста не акупіцца».
Таму беларусы вырашылі стварыць такі праект самастойна. На думку Сяргея, гэта дапаможа і беларускамоўным карыстальнікам, і тым, якія не размаўляюць па-беларуску, але хацелі б, каб у іх быў такі дапаможнік. Яны маглі б, напрыклад, прасіць калонку, каб яна выпраўляла іх памылкі.
«Беларускі штучны інтэлект — у кожную сям’ю», — падсумоўвае Сяргей.
Але ў першую чаргу, праект арыентаваны на беларусаў, якія стасуюцца па-беларуску і якім не хапае беларускамоўнага кантэнту ці не задавальняе яго якасць.
«Праект зараз пазіцыянуецца як шлюз ці брама ў свет беларускага кантэнту, які можа пакласціся ў аўдыёфармат. Праз калонку карыстальнікі могуць хутка знайсці тое, што ім цікава. Такі дапаможнік, які ўсё ведае і падкажа і пра навіны беларускія, і пра навіны ў свеце, пра надвор’е, пра цікаўнасці карыстальніка, накшталт новых аўдыёкніг ці традыцыйных кніг, пра падзеі ў яго горадзе, выступы музычных гуртоў, за якімі ён сочыць», — кажа Сяргей
Мэтавай аўдыторыяй калонкі ён называе айцішнікаў і прасунутых карыстальнікаў ва ўзросце 30-50 гадоў. Гэта людзі, якія ўжо прызвычаіліся плаціць за падпіскі і маюць сталую крыніцу даходу:
«У іх па пірамідзе Маслоу зараз пытанне не як сябе пракарміць, а як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, паўдзельнічаць у захаванні беларускай культуры», — лічыць Сяргей.
«Чэлендж у тым, што трэба пакласці ў валанцёрскую форму»
Зараз каманда праекта ADAM камерная. У ёй некалькі інжынераў і прадукт-дызайнер. Але беларусы ставяць мэту сабраць паўнавартасную каманду. Да канца студзеня яны збіраюць заяўкі на ролі спецыялістаў. Шукаюць некалькіх QA-інжынераў, прадуктолага, маркетолага, дызайнера, SMM-спецыяліста.
«І паляцім. Будзем працаваць тыднёвымі ці двухтыднёвымі спрынтамі, як звычайна ў айцішных камандах. Я ў ІТ ужо амаль 20 гадоў. Досвед вялікі. Мы ведаем, як гэта робіцца. Але чэлендж у тым, што трэба пакласці ў валанцёрскую форму», — кажа Сяргей.
На рэалізацыю праекта патрэбныя фінансы. Напрыклад, сродкі неабходныя на тое, каб навучыць АІ-мадэлі распазнаваць і сінтэзаваць беларускую мову. Таму каманда ADAM шукае інвестараў і мецэнатаў.
«На руках у нас ужо ёсць 20 дэвайсаў, мы знойдзем 20 лаяльных карыстальнікаў. Месяц-два патэсцім. Зробім краўдфандынг. Далей складана планаваць, але ёсць ідэя пайсці на суседнія рынкі, рабіць зараз, не адкладваючы», — дзеліцца планамі Сяргей.
Каментары
Як варыянт дадатковай гарантыі ад такіх выпадкаў можна прадугледзіць хаця б магчымасць самастойна змяніць адрас сервера на свой і выкласці сыходны код сервера ў адкрыты доступ.
Так, згодны. Я за прыладу, у якой будуць прадуманыя і пытанні бяспекі. Тым больш, беларусы гэтыя пытанні зразумелі на ўласным досведзе.