«Стань часткай вялікай Беларусі». Геймеры пачулі нешта дзіўнае ў папулярнай гульні
Пры выбары персанажа Віктара ў шматкарыстальніцкай гульні League of Legends многія пачулі яго нечаканы патрыятычны заклік. І цяпер не могуць яго расчуць назад.
League of Legends (LoL) — гэта папулярная шматкарыстальніцкая анлайн-гульня, якую распрацавала і выдала кампанія Riot Games яшчэ ў 2009 годзе. Сваім фарматам нагадвае культавую Доту (DotA). Сёння «Ліга легенд» з'яўляецца адной з самых вядомых і паспяховых кіберспартыўных гульняў у свеце.
Па яе сусвеце таксама выйшаў мультсерыял «Аркейн» (Arcane), які нечакана стаў сапраўднай падзеяй, прыцягнуўшы велізарную аўдыторыю з тых, хто нават не цікавіцца гульнямі, і сабраў захопленыя водгукі крытыкаў і гледачоў.
Кожны гулец у «Лізе легенд» кіруе адным персанажам-«чэмпіёнам», якія адрозніваюцца характарыстыкамі і здольнасцямі, што робіць іх больш прыдатнымі для той ці іншай ролі ў камандзе.
Адным з такіх чэмпіёнаў з'яўляецца персанаж Віктар, які па сюжэце з'яўляецца прадвеснікам новай тэхналагічнай эпохі і прысвяціў усё сваё жыццё прагрэсу чалавецтва, мадыфікаваўшы сваё цела з дапамогай навукі і сталі.
На гэтым тыдні ў сацсетках з'явіліся відэа, на якім пры выбары персанажа ён прамаўляе кароткую фразу. На відэа накладзены тэкст-расшыфроўка: «Стань часткай вялікай Беларусі». І менавіта гэта чуюць усе гледачы.
Каментатары жартуюць:
«Другі прэзідэнт Беларусі на відэа»
«А я вам зараз пакажу, адкуль на Пілтовер (выдуманы горад у сусвеце LoL — НН) рыхтаваўся напад»
«Ну не дарма ж яго Віктарам завуць»
«Нават ён прамаўляе назву краіны правільна»
«Я прыехала ў Мінск. Першае відэа, якое мне трапілася»
Але якое дачыненне Віктар мае да нашай краіны? Насамрэч ніякага, сусвет «Лігі легенд» цалкам выдуманы. Якое слова насамрэч гаворыць Віктар, можна зразумець з іншых відэа з гэтым персанажам. У арыгінале ён гаворыць пра эвалюцыю.
Расчуць «вялікую Беларусь» вельмі складана пры праглядзе відэа, але магчыма — трэба проста перастаць глядзець на экран.
Такая памылка слыху вельмі распаўсюджаная. Людзі вельмі часта чуюць у англамоўных песнях словы (а часам і цэлыя сказы) з іншых моў. Асабліва эфект узмацняецца, калі наш мозг атрымлівае праз зрок дадатковы стымул чуць не тое — памылковы тэкст, як у выпадку з Віктарам з League of Legends.
Гэты эфект таксама называецца мандэгрынам. Аўтаркай тэрміна лічыцца амерыканская пісьменніца Сільвія Райт. Калі ў дзяцінстве ёй чыталі баладу The Bonnie Earl o'Moray англійскага паэта Персі Біша Шэлі, яна няправільна разумела на слых адзін радок.
У арыгінале было так:
They have slain the Earl O’Moray,
And laid him on the green.
(Ён забіў графа О’Морэя
І пакінуў яго цела на траве)
Але маленькая Сільвія чула замест гэтага наступнае:
They have slain the Earl O’Moray,
And Lady Mondegreen.(Ён забіў графа О’Морэя
І лэдзі Мандэгрын)
У далейшым менавіта Райт прапанавала выкарыстоўваць слова «мандэгрын» для абазначэння такіх памылак слыху.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
з тэксту - "Але якое дачыненне Віктар мае да нашай краіны? Насамрэч ніякага"