З 1 студзеня дапамога па беспрацоўі ўстаноўлена ў памеры 40 рублёў. Адпаведная пастанова ўрада Беларусі 4 студзеня апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У пастанове вызначаецца, што з 1 студзеня 2025 года штомесячная фіксаваная дапамога па беспрацоўі ўстанаўліваецца ў суме 40 рублёў.
Пра намер увесці фіксаваны памер дапамогі па беспрацоўі ўлады заяўлялі ў верасні 2024 года. У 2024 годзе яе памер складаў максімум дзве базавыя велічыні, гэта значыць 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям грамадзян, напрыклад тым, якія выхоўваюць дзяцей, была прадугледжаная надбаўка ў памеры 10%.
Цяпер жа сталі больш строгімі і ўмовы атрымання дапамогі. Цяпер на яе змогуць прэтэндаваць толькі тыя беспрацоўныя, якія зарэгістраваліся ў органе занятасці на працягу месяца з дня звальнення і пры ўмове, што да сыходу з працы яны былі працаўладкаваныя на працягу пяці гадоў (раней было дастаткова дванаццаці месяцаў), звольненыя з апошняга месца працы толькі па строга вызначаным пераліку падстаў або працавалі па грамадзянска-прававых дагаворах з выплатай узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Калі раней агульны тэрмін выплаты дапамогі складаў 26 тыдняў, то цяпер — не больш за 13 каляндарных тыдняў з дня рэгістрацыі беспрацоўным, а на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы або беспрацоўным за 5 гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту — 26 тыдняў. Максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў службе занятасці скарацілі з 18 да 12 месяцаў.
Улады лічаць, што такія меры дазволяць выключыць «утрыманскія настроі».
Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, па стане на 1 кастрычніка 2024 года на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзілася 3,9 тысячы чалавек.
Каментары