Беларус з ДНЖ ехаў у Літву з вымпелам ПДВ СССР і георгіеўскай стужкай. Вынік прадказальны
Літоўскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну грамадзяніна Беларусі з сімволікай савецкіх дэсантнікаў.
Беларус ехаў у Літву праз пункт пропуску «Меднікі» на Audi 90. У салоне аўтамабіля пад люстэркам вісеў вымпел з сімволікай савецкіх ПДВ.
На ім былі намаляваныя парашут, чырвоная зорка, самалёты і георгіеўская стужка, а таксама надпіс на рускай мове «Ніхто, акрамя нас» і дата «2 жніўня 1930 года».
Аўтамабілем кіраваў 54-гадовы беларус, які атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве ў чэрвені 2024 года. Паколькі ў Літве забароненая савецкая сімволіка, памежнікі канфіскавалі ў мужчыны вымпел і забаранілі яму ўезд у краіну. Акрамя таго, беларуса аштрафавалі на 150 еўра. Мужчыне давялося вярнуцца на радзіму, паведамляе памежная служба.
Гэта ўжо не першы падобны выпадак за апошні час. Некалькі тыдняў таму ў Літву не пусцілі беларуса, у якога пад лабавым шклом ляжаў дыванок у колерах савецкага сцяга з надпісам «СССР».
Каментары