Літаратура

«У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся». Зося Лугавая расказала пра тэндэнцыі ў літаратуры

Літаратурная крытыка — жанр, які практычна знік з беларускіх выданняў. Вядомыя аўтары перасталі з розных прычынаў гэтым займацца, а новыя на іхным месцы не з'явіліся. Выключэннем стала з'яўленьне летась на старонках «Нашай нівы» тэкстаў Зосі Лугавой. «Радыё Свабода» пагаварыла з ёй пра любоў да беларускіх кніг і жаданне заахвоціць да іх чытачоў, страту адчування літаратурнага працэсу ўнутры Беларусі і шляхі кніжных навінак па абодва бакі мяжы, самацэнзуру літаратараў, а таксама пра фаварытаў мінулага года.

Беларускія кнігі. Ілюстрацыйнае фота

Пра любоў да беларускіх кніг

— У апавяданні аднаго вядомага беларускага літаратара ідзецца пра краіну, у якой прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва і прафесій было па адным, а некаторых дык і зусім ніводнага. Прыкладам, быў у ёй пісьменнік, але не знайшлося ніводнага чытача. Дадамо ад сябе, што ў цяперашнім літаратурным працэсе рэальнай Беларусі чытачоў яшчэ крыху ёсць, а вось каго ў ім апошнім часам фактычна няма, дык гэта крытыкаў. Летась гэтую вакансію занялі вы. Адкуль і як вы з'явіліся?

— Я схіляюся да таго, што тое, што раблю я, усё ж не літаратурная крытыка. Слова «крытыка» мяне ўвогуле крыху бянтэжыць. Яно занадта сур’ёзнае, акадэмічнае. І крытыка для мяне — гэта тэксты для адмыслоўцаў, для прафесійнай супольнасці, так ці інакш звязанай з літаратурай. Таму я лічу, што мае тэксты — гэта ўдумлівыя водгукі на кнігі, якія я прачытала і да якіх не засталася абыякавай. Я дзялюся ўражаннямі з такімі ж чытачамі, як сама. Розніць нас хіба тое, што я, магчыма, больш часу выдаткоўваю на чытанне, факусуюся менавіта на беларускіх выданнях і заўсёды любіла расказваць пра кнігі тым, хто гатовы пра іх слухаць.

Што да вашага пытання, то я далёка не першы год знаходжуся паблізу беларускай літаратурнай прасторы, адно што раней спрабавала спрыяць развіццю літаратурнага працэсу ў іншых фарматах і амплуа. Увесну 2024 года рэдакцыя «Нашай Нівы» прапанавала мне паспрабаваць сябе ў якасці аўтаркі, я згадзілася, і гэта стала важным і цікавым для мяне досведам. Здаецца, што і рэдакцыя не шкадуе.

— Колькі беларускіх кніг вы прачыталі за мінулы год? Як яны траплялі ў поле вашага зацікаўлення?

— Дакладна не скажу, але мяркую, што беларускіх было больш за 50, калі лічыць паэтычныя зборнікі і некалькі кніг, якія давялося перачытаць перад тым, як пра іх пісаць. Мая гадавая норма цягам апошніх 10 гадоў жыцця — ад 50 да 100 кніг.

Я маю звычку сачыць за ўсім, што выходзіць па-беларуску, таму навінкі рана ці позна трапляюць у поле майго зроку. Вядома, чытаю не ўсё, але амаль пра ўсё ведаю ці прынамсі чула. Хіба штосці з выданняў дзяржвыдавецтваў часам застаецца па-за маёй увагай. А кнігі для артыкулаў мы абмяркоўваем з рэдакцыяй: штосьці прапаноўваю я, штосьці яны. Не ўсе прапановы яны ўхвалілі, але і да маёй думкі прыслухоўваюцца: калі я не лічу кнігу вартай, то пра яе не пішу.

Пра запавольванне часу ў беларускай кніжнай прасторы

— Ці была ў вас магчымасць чытаць навінкі кнігавыдавецтваў, якія працуюць цяпер па абодва бакі беларускай мяжы? Наколькі, з вашага досведу, цяпер даходзяць кнігі ў Беларусь з замежжа і ў адваротным кірунку?

— За мяжой, як мне здаецца, я крыху страчваю адчуванне таго, што адбываецца з літаратурай у Беларусі. Але імкнуся сачыць за тым, што там выдаецца. Дзякуй за гэта сацыяльным сеткам выдавецтваў, парталу Bellit.info і самім пісьменнікам і пісьменніцам, перакладчыцам і перакладчыкам, якія расказваюць пра свае кнігі. І, вядома, беларускім кніганошам і проста добрым людзям, якія возяць кнігі ў абодва бакі.

Таму на сваім досведзе магу сказаць, што кнігі даходзяць, але не вельмі хутка. Гэта трэба ўлічваць, калі кажам пра водгукі на новыя кнігі. У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся: ты можаш ведаць пра кнігу, але ў рукі яна да цябе трапіць толькі праз некалькі месяцаў. І гэта тычыцца не толькі кніг з Беларусі. Нават у замежжы кнігі паміж краінамі перасоўваюцца няхутка. Асабліва калі не хочаш пераплачваць за дастаўку. Таму я вельмі люблю кніжныя фестывалі, на якія прыяжджаюць выдавецтвы і кніжныя гандляры.

Пра графаманію і права выдаўцоў на памылку

— А ці мае значэнне для вас, дзе і кім кніга выдадзеная? Бо цяпер, як вядома, калі маеш грошы, то можаш выпусьціць у свет пад выглядам літаратурнага твора любую пісаніну.

— Калі глядзець з гэтай пазіцыі, то, вядома ж, хочацца адказаць, што не, любую пісаніну я чытаць не буду, бо проста не маю на гэта часу. Але калі казаць пра новыя выдавецкія ініцыятывы, якія выдаюць новыя імёны ці правакатыўныя творы (як, напрыклад, выдавецтва «Лысы чэрап», якое з'явілася зусім нядаўна), то тут я, хочацца верыць, усё ж open-minded. Вердыкты буду выносіць толькі пасля знаёмства з тэкстамі.

Але сказаць, што зусім не зважаю на тое, хто выдаў кнігу, не магу. Для мяне гэта зазвычай падказка, чаго можна чакаць ад кнігі, да чаго рыхтавацца. Напрыклад, ёсць тыя, у каго можна чытаць амаль усё — выпадковых кніг там няма, няхай і не ўсе мне напраўду спадабаюцца.

У беларускіх незалежных выдаўцоў увогуле амаль няма права на памылку, і замежжа, як мне падаецца, робіць іх яшчэ больш патрабавальнымі, чым раней, да таго, што і як яны выдаюць. Ува мне больш перадузятасці да дзяржаўных выдавецтваў, якія з года ў год друкуюць і перадрукоўваюць састарэлыя, але бяспечныя тэксты, а то і проста графаманію. Сярод іх кніг таксама трапляецца вартае ўвагі, але адшукаць тое вартае яшчэ трэба пастарацца.

Пра самацэнзуру і смеласьць аўтараў і выдаўцоў у Беларусі

— Як, з вашага чытацкага досведу, ступень грамадска-палітычнай свабоды ўплывае на свабоду творчасці аўтара, ці, дакладней, ягоную самацэнзуру?

— Вядома, уплывае, але, каб адказаць на гэтае пытанне, патрэбны ня столькі чытацкі, колькі агульначалавечы досвед і, магчыма, мінімальнае веданне гісторыі. Пра сябе скажу, што, пакуль я была ў Беларусі, то, пачынаючы з 2021 года, паступова стала выказвацца асцярожней ці іншасказальна. Замежжа дае магчымасць прамаўляць больш вольна, але ўсё адно мы часта вымушаныя карыстацца псеўданімамі, бо маем сем’і і блізкіх, якія застаюцца ў Беларусі. Тым не менш, як мне здаецца, беларускія аўтары і аўтаркі, якія цяпер стала знаходзяцца за мяжой, рэфлексуюць, пішуць і выказваюцца смела і адкрыта.

Аднак я лічу, што не маю маральнага права ацэньваць творчую свабоду і самацэнзуру аўтараў, якія застаюцца ў Беларусі. Некаторыя з іх, напрыклад, прыязджаюць на літаратурныя імпрэзы, удзельнічаюць у літаратурных прэміях, выдаюць кнігі за мяжой, і для мяне гэта надзвычай смелыя ўчынкі. Не ўпэўненая, што змагла б так.

Аб’ектыўна колькасць сучасных твораў беларускіх аўтараў, якія выдаюцца ў Беларусі, скарацілася. Але звязваць гэта выключна з пісьменьніцкай самацэнзурай наўрад ці будзе правільным. Пытанне ў тым, хто цяпер выдае кнігі ў Беларусі. І гэта пераважна дзяржаўныя выдавецтвы. Ну а пра іх, як той казаў, самі ўсё разумееце.

Пры гэтым тыя некалькі незалежных выдаўцоў, якія працягваюць працаваць у Беларусі, нейкім цудам выдаюць і перавыдаюць выдатныя кнігі. Па сваіх фізічных якасцях яны, магчыма, прайграюць беларускім кнігам за мяжой. Але тое, што людзі працягваюць працаваць, выклікае выключна захапленне і павагу.

Пра выбар кніг для рэцэнзій і сяброўскую кампліментарнасць

— На колькі з прачытаных кніг вы напісалі рэцэнзіі? Што ў кожным канкрэтным выпадку паўплывала на выбар?

— Прыкладна на палову беларускіх кніг, якія прачытала цягам года. Але не ўсё, што я чытала па-беларуску, пасуе для артыкулаў, таму я б не рабіла тут ніякіх высноў.

Штосьці я чытала спецыяльна для таго, каб напісаць артыкул. Штосьці чытала для сябе і, упадабаўшы, прапаноўвала рэдактару. Пра штосьці прасіла сама рэдакцыя. А было і так, што ў іх ужо быў тэкст пра кнігу, якая мне спадабалася, таму я пра яе не пісала.

— Як вы ставіцеся да думкі, што крытык мусіць быць абсалютна дыстанцыяваным ад аўтара кнігі, якую рэцэнзуе? Не тое што не быць ягоным сябрам, а нават добра знаёмым, бо іначай ён будзе не аб’ектыўнай, а заангажаванай асобай, якая кампліментарнасьць выдасць за прафесійную ацэнку.

— Мяркую, што ў беларускай літаратуры гэта амаль немагчыма. Бо наша літаратурная прастора камерная, і калі ты пэўны час у ёй знаходзішся — цікавішся, ходзіш на імпрэзы, чытаеш, пішаш, то набліжаешся да тых, хто стварае ці перакладае кнігі. І гэта натуральны працэс, унікаць яго складана.

Не думаю, што наша сітуацыя ўнікальная: любая невялікая літаратура (літаратура невялікай краіны) будзе такой. І выйсце — для сябе — тут бачу ў тым, каб быць шчырай, карэктнай і пісаць з пазіцыі любові. Не да канкрэтнага аўтара, а агулам да літаратуры, кнігі, слова, як бы пафасна гэта ні гучала.

Пра сябе магу сказаць, што не маю задачы пісаць пра ўсё, што выходзіць па-беларуску. Таму пішу пра тое, што не пакінула абыякавай, уразіла, спадабалася. Да беспадстаўных кампліментаў, на шчасце, ніхто і нішто мяне не змушае.

Пра фаварытаў мінулага года

— Але пры ўсім тым і ў крытыка ёсць права на асабістыя прыхільнасці. То спытаем адкрыта. Якія з прачытаных вамі летась кніг прынеслі найбольшую асалоду? Назавіце, калі ласка, па адной у паэзіі, прозе і дакументалістыцы. І, па магчымасьці, абгрунтуйце свой выбар.

— Я дазволю сабе назваць па дзве кнігі ў кожнай катэгорыі: адна будзе ўласна беларускай, другая — перакладам на беларускую мову. Лічу пераклады не менш важнымі, бо яны ўзбагачаюць нашу літаратуру. Да таго ж прачытаць творы сусветнай літаратуры ўпершыню па-беларуску і ў якасным перакладзе, а не праз расейскую, напрыклад, — гэта зусім іншы досвед. Які, веру, не можа не ўплываць на чалавека. Ад думкі, што сучасныя беларускія падлеткі цяпер могуць адкрываць для сябе сусветы Толкіна па-беларуску ў выдатным перакладзе Ігара Кулікова (а не разбірацца, які ж там з расейскамоўных перакладаў лепшы за іншыя), я заўсёды пачынаю ўсміхацца.

Пра паэзію для «НН» я амаль не пішу, але намагаюся яе рэгулярна чытаць. Наймацней мяне ўразілі ў 2024 годзе зборнікі Аксаны Данільчык «Час знешняй адсутнасці» і «Ніхто не чакае» Машы Калека ў перакладзе Ігара Крэбса.

Аксана Данільчык
Аксана Данільчык

Зборнік Данільчык — глыбокі, інтэлектуальны, складаны, пранізлівы. Ён пра сусветную культурную спадчыну і адначасова пра наша, уласна беларускае. Я ў ім знайшла вельмі шмат блізкага, што хутчэй адчуваеш, чым разумееш. І адначасова там такі інтэлектуальны падмурак, што табе і захапляльна, і крыху вусцішна ад памераў гэтага айсберга.

Маша Калека — нямецкамоўная габрэйская паэтка, якая перажыла досвед эміграцыі тройчы — у дзяцінстве, у маладосці і ў сталым веку. Яна ўцякала ад фашыстаў, гадавала дзіця ў эміграцыі, доўгі час не магла вярнуцца на радзіму. Яе паэзію проста чытаць і разумець, яна вельмі адгукаецца нашаму цяперашняму досведу. Гэтая паэзія сучасная і актуальная (пры тым, што стваралася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя).

У мастацкай прозе назаву два творы, якія падарылі мне радасць чытання, як у падлеткавыя часы, калі ад кнігі немагчыма адарвацца. Такое цяпер здараецца рэдка, і не таму, што кніжкі нецікавыя, а таму, што дарослае жыццё вымушае рабіць шмат усяго ў канкрэтны час і для чытання пакідаць толькі ўрыўкі паміж пільнейшымі справамі. Але былі кнігі, з якімі я дазваляла сабе крыху пасунуць справы.

Кніга «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча ў руках аўтара
Кніга «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча ў руках аўтара

Першая — гэта «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча. Гэта быццам і вядомы нам Бахарэвіч, у якога рэалістычнае спалучаецца з фантастычным, які ўмее ствараць сваю непаўторную атмасферу і мае адметную аўтарскую інтанацыю. Але гэтым разам у Бахарэвіча атрымаліся неймаверна абаяльныя галоўныя героі, якім і спачуваеш, і захапляешся, а яшчэ — сюрпрызы на кожным павароце сюжэту. Аўтар не хібіць, калі кажа, што гэтая кніга на любы ўзрост — так і ёсць, я правярала. Мне цяпер вельмі хочацца, каб Бахарэвіч паспрабаваў сябе ў жанры прыгодніцкага рамана хаця б яшчэ раз.

Бэстселэр Эндзі Ўіра «Марсіянін» у перакладзе на беларускую мову
Бестсэлер Эндзі Уіра «Марсіянін» у перакладзе на беларускую мову

Другая кніга — гэта пераклад, які адбыўся дзякуючы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы: «Марсіянін» Эндзі Уіра. Я з тых, хто не глядзеў фільм і не чытаў кнігу раней. Так што для мяне гісторыя астранаўта Марка Уотні адкрывалася менавіта па-беларуску. Захапляльны сюжэт, адметны гумар, аптымізм, які нам цяпер дакладна не зашкодзіць, і выдатны пераклад на беларускую — што яшчэ трэба? Я шчыра радуюся, калі сусветныя бестсэлеры якасна выдаюцца па-беларуску, бо гэта дакладна тое, што спрыяе папулярызацыі беларускай мовы.

Ганна Янкута
Ганна Янкута

Найважнейшны беларускі нон-фікшн для мяне ў 2024 годзе — «Час пустазелля» Ганны Янкуты. Гэта кніга шмат у чым пра мяне саму. І нават у тым, што не пра мяне, я, як мне здаецца, добра разумею аўтарку. Ціхі, цвярозы, шчыры аўтафікшн пра звычайнага чалавека ў яшчэ няпэўнай эміграцыі. Позірк унутр сябе, спроба прыняць, асэнсаваць — без надрыву, але і без штучнага аптымізму. «Час пустазелля» стаў для мяне моцнай маральнай падтрымкай.

А ў канцы году выйшаў яшчэ адзін актуальны для беларусаў нон-фікшн, гэтым разам правераны часам: «…усё ж сказаць жыцьцю так» Віктара Франкла, псіхолага, які здолеў выжыць у канцлагеры ў часы Другой сусветнай вайны. Гэтай кнізе ўжо шмат гадоў, але яна пра агульначалавечае і заўжды актуальнае. Пра тое, як знаходзіць сэнс свайго існавання ў безвыходных, здавалася б, сітуацыях. Як не расчаравацца, не страціць веру ў людзей і свет, дзе і як знайсці сілы, каб ісці далей. Балючая, але поўная любові да жыцця кніга.

Каментары

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў21

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў

Усе навіны →
Усе навіны

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

Педагог адмовіўся выконваць незаконны загад кіраўніцтва — яго за гэта яшчэ і пакаралі2

«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як жыць і не ламацца5

Ісламісцкія медыя Сірыі зарэтушавалі кіраўнічку МЗС Германіі Аналену Бербак на апублікаваных фота яе візіту5

Пракоп'еў крытыкуе прапанову капітуляваць: Калі ў нас не ўзнікла партыя ястрабаў, то не трэба рабіць партыю аблудных галубоў24

Падчас украінскага ўдару па расійскім камандным пункце ў Курскай вобласці загінулі 8 афіцэраў5

Брытанская сістэма СПА аказалася зусім дзіравай3

У доме Джэка Нікалсана заўважылі карціну, падобную да «Евы» Суціна. Што за яна?11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў21

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў

Галоўнае
Усе навіны →