Грамадства2929

Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага на польскай мяжы нібыта за наркотыкі?

На беларуска-польскай мяжы затрыманы 46-гадовы заснавальнік сайта By24.org Уладзімір Чудзянцоў, які дапамагаў блогеру Нехта ў падрыхтоўцы фільма «Аляксандр Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

У сумцы журналіста нібыта былі наркотыкі. Пакеты з рэчывамі знайшлі і ў яго мінскай кватэры.

Блогер Нехта рашуча выступіў у падтрымку сябра, аднак журналісцкая супольнасць пакуль адмоўчваецца: занадта неадназначная асоба гэты Уладзімір Чудзянцоў.

Адразу адзначым, што сумнеўная біяграфія ніяк не тлумачыць той факт, што дарослы чалавек для чагосьці паехаў праз мяжу з пакетам наркотыкаў — як мінімум у Польшчы яны нашмат больш даступныя. Зноў-такі, з’язджаючы на доўгі час у эміграцыю, дзіўна пакідаць у сваім пакоі забароненыя рэчывы. Асабліва з улікам асобы Чудзянцова, які вельмі пільна ставіўся да пытанняў бяспекі.

Мяркуючы па каментарах у сацыяльных сетках і на форумах, большасць інтэрнэт-карыстальнікаў лічаць, што Чудзянцову падкінулі наркотыкі. Сілавыя ведамствы пакуль не каментуюць сітуацыю.

Тым часам «Наша Ніва» сістэматызавала інфармацыю пра затрыманага журналіста.

Чудзянцоў, ён жа Зуеў

Уладзімір Чудзянцоў стаў вядомы інтэрнэт-карыстальнікам у пачатку 2010-х, калі стаў працаваць гарадскім рэпарцёрам на TUT.by. Прычым гэты саракагадовы мужчына з’явіўся ў медыйнай прасторы нібыта з ніадкуль — ніхто не ведаў, адкуль ён прыехаў, дзе вучыўся і чым займаўся раней.

Таямніца знікла, калі тагачасны дырэктар Хартыі’97 Фёдар Паўлючэнка апублікаваў артыкул «Забі Чудзянцова ў сабе».

Выявілася, што Чудзянцоў — гэта прозвішча жонкі журналіста. Насамрэч ён Зуеў. І гэты Уладзімір Зуеў у 1990-я пісаў у дзяржаўных газетах прапагандысцкія брыдкасці пра лідараў апазіцыі:

«Так, у 96-м ён пад псеўданімам апублікаваў у «Народнай газеце» артыкул «Пятае вымярэнне Генадзя Карпенкі». Карпенка падаў у суд і толькі праз паўтара года высветліў сапраўднае прозвішча аўтара (Уладзімір Зуеў). Суд запатрабаваў дакументальныя доказы «махінацый» Карпенкі. Замест іх малады журналіст падаў чыстасардэчнае прызнанне: «Матэрыял пісаўся на падставе дакладной запіскі за подпісам кіраўніка вельмі грознага і буйнога ведамства, а рашэнне аб падрыхтоўцы гэтага матэрыяла прымалі яшчэ больш высокапастаўленыя людзі… Што ж да фактаў, то за іх дакладнасць павінны адказваць тыя, хто мне іх выдаў».

Іншае прызнанне Чудзянцова было апублікавана ў інтэрв’ю «Свабодным навінам».

«Памятаеце, як напярэдадні рэферэндуму з тэлеэкранаў агучваліся тэзісы нібыта бэнээфаўскіх улётак, якія заклікалі народ запасацца бутэлькамі, камянямі і ісці на штурм рэзідэнцыі прэзідэнта. Паколькі я больш-менш ведаў беларускую мову, мне і даручылі выдаць экспромт. Тэкст улётак нават быў набраны на камп’ютарах у Адміністрацыі прэзідэнта і разасланы, заўважце, у дзяржаўныя СМІ», — хваліўся журналіст.

Музыка і «Ласкавы май»

Праца на дзяржаўную прапаганду была не адзіным заняткам Чудзянцова. Ён быў адным з лідараў беларускага фан-клуба расійскага гурта «Ласкавы май». Калі не памятаеце, гэта гурт, складзены з хлопчыкаў з дзіцячых дамоў, якія спявалі «Белыя ружы» і падобныя папсовыя хіты.

«Ласкавы май» разваліўся ў пачатку 1990-х, але Чудзянцоў працягваў супрацоўніцтва з заснавальнікам гурта Сяргеем Кузняцовым. Той працягваў пісаць песні, а журналіст рабіў для іх аранжыроўкі (нібыта пад псеўданімам Яраслаў Нікіцін).

Кузняцоў пасля прадзюсіраваў іншыя дзіцячыя гурты, але без пэўнага поспеху. Заадно займаўся і літаратурай — пісаў пра каханне маленькіх хлопчыкаў да дарослых мужчын. Цікава, што былыя ўдзельнікі «Ласкавага мая» ў інтэрв’ю расійскім таблоідам абвіначвалі Кузняцова ў педафільскіх схільнасцях.

Маладыя хлопцы

Размовы пра дзіўнае сяброўства з маладымі хлопцамі суправаджалі і Чудзянцова, прычым доўгія гады. Ён апекаваўся як мінімум трыма рэпарцёрамі, удвая маладзейшымі за яго.

Адразу ўдакладнім: ніводнага дакументальнага пацвярджэння ягонай супрацьпраўнай дзейнасці няма.

«У большасці краін Еўропы, дарэчы, узрост [палавой згоды] — увогуле 14 гадоў. І там таксама ёсць мудакі і істэрычкі, якія бесяцца ад таго, што нехта робіць тое, што ім самім рабіць вельмі хочацца, але перашкаджае рабіць іх далба*бізм (маральны, рэлігійны), а значыць — гэта трэба забараніць. Але там заканадаўцы — разумныя людзі, якія разумеюць, што глупа забараняць палаваспелай асобе натуральныя рэчы», — выказваўся ён у фэйсбуку падчас дыскусіі пра педафілію.

У медыясупольнасці выклікала здзіўленне, калі 40-гадовы Чудзянцоў (які на партале Анлайнер меў нік Вовчік-Морковчік) паклікаў да сябе пажыць 16-гадовага апазіцыйнага актывіста, які пасварыўся з бацькамі і сышоў з дому. З цягам часу гэты хлопец заняўся журналістыкай і нейкі час працаваў у тандэме з Чудзянцовым.

Забойства жонкі

Аргумент Чудзянцова на ўсе здагадкі быў просты: «Вы што, я жанаты чалавек!» З Вікторыяй Чудзянцовай ён пабраўся шлюбам у 2005 годзе і ўзяў яе прозвішча.

У інтэрв’ю БелаПАНу журналіст расказаў, што праз некалькі гадоў жанчына стала выпіваць і ператварылася ў алкаголіка. Яе кадзіравалі, адпраўлялі ў ЛПП, але гэта не дапамагала. Неўзабаве пара раз’ехалася, і Чудзянцоў вярнуўся жыць да мамы. Дзяцей у іх не было.

Па словах журналіста, жонка тым часам прапіла дзве свае кватэры і пазычыла частку атрыманых грошай — $15 тысяч — сваёй найлепшай сяброўцы. Тая была пазбаўленая бацькоўскіх правоў і мусіла сплаціць дзяржаве аліменты на іх утрыманне.

Гэтая сяброўка ў п’янай бойцы і забіла Вікторыю Чудзянцову праз некалькі гадоў. Разам з прыяцелямі яна пакінула труп каля аднаго з суседніх дамоў.

Чудзянцоў меркаваў, што першапачаткова цела планавалі падкінуць яму пад балкон, але паколькі кампанія была п'яная, дамы яны пераблыталі ці не дайшлі літаральна 15 метраў.

Журналіста таксама падазравалі ў датычнасці да забойства, аднак даволі хутка знайшлі сапраўдных злачынцаў.

Ад любові да нянавісці — адно звальненне

Забойства жонкі адбылося ў 2016 годзе, ужо пасля яго скандальнага сыходу з TUT.by. Чудзянцоў быў адным з найлепшых рэпарцёраў партала, аднак прыносіў гаспадарам нямала іміджавых праблем.

Ён быў рэзкі ў выказваннях, прычым асабліва ненавідзеў дзве сацыяльныя групы: аўтамабілістаў і гаспадароў сабак. І тая, і тая фобія прыйшлі з дзяцінства ці маладосці. Усё было банальна: некалі яго пакусаў сабака, некалі ён трапіў у аварыю.

Чудзянцоў заклікаў да расправы над парушальнікамі паркоўкі, прапаноўваў, каб права на валоданне аўтамабілямі выдавалі не ўсім, а толькі выбраным.

Аднак да яго звальнення прывяла зусім іншая гісторыя. Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер сышоўся ў публічнай палеміцы з галоўнай рэдактаркай Хартыі’97 Наталляй Радзінай. І Чудзянцоў у каментах у фэйсбуку рашуча падтрымаў працадаўцу.

«Мы круцімся, развіваемся, расцем і выдатна зарабляем, нягледзячы на «крывавую дыктатуру», якая насамрэч не такая і дыктатура, калі не паводзіць сябе як цешча з анекдота, якая *рала ў боршч маладым, а калі атрымлівала за гэта па твары, крычала «Нядобрыя вы, сыйду ад вас!». З’ехалі — не лезьце ў нашыя справы. Людзі, якія з-за бугра гадзяць, выклікаюць у мяне раздражненне. Так, мне шмат што тут не падабаецца, і ўлада ў тым ліку. Але змяняць яе — наша праблема, а не ваша. Калі нехта, хто смокча гранты, патрабуе эканамічных санкцый, а значыць, жадае краху эканоміцы маёй краіны, маім рэкламадаўцам і кліентам, дзякуючы якім я атрымліваю заробак і ганарары, то гэты чалавек аўтаматычна становіцца маім асабістым ворагам», — напісаў ён. Пасля гэтага камента журналісты Хартыі’97 і расказалі ўсім, што Чудзянцоў — насамрэч Зуеў.

Інтэрнэт-аўдыторыя патрабавала ад Юрыя Зісера звольніць экс-прапагандыста. Той прыняў кампраміснае рашэнне: ад Чудзянцова патрабавалася сысці з сацсетак, аднак застацца работнікам партала.

Чудзянцоў пратрымаўся адзін дзень, а пасля зноў пайшоў у атаку ў фэйсбуку. Усё скончылася звальненнем журналіста і яго абяцаннем падаць у суд на «Нашу Ніву».

Да суда ён, натуральна, не дайшоў, але з таго часу ўзненавідзеў Зісера ў прыватнасці і Tut.by у цэлым. Калі пачалася «справа БелТА» і рэдактараў Tut.by адправілі на Акрэсціна, Чудзянцоў не хаваў радасці: «Уздыму келіх за справядлівасць».

Сам сабе гаспадар

Застаўшыся без заробку, Чудзянцоў заснаваў свой сайт By24.org — сайт з трэш-навінамі накшталт «На поўдзень Расіі напалі страшныя камары-забойцы». Разлік быў на клікбэйтныя загалоўкі, высокую наведвальнасць з Расіі і, адпаведна, атрыманне даходу ад рэкламы Яндэкса і Гугла.

Па словах Чудзянцова, сайт прыносіў яму да $500 на месяц, што дазваляла зводзіць канцы з канцамі.

Ён быў адзіным журналістам і рэдактарам сайта, толькі часам прыцягваў маладых хлопцаў, знаёмых яму па ранейшай супрацы.

Пасля 2014 года і захопу Крыма погляды Чудзянцова кардынальна змяніліся. Ён узненавідзеў Расію і заняўся на сваім сайце зацятай антыкрамлёўскай прапагандай. Навінаў кшталту «На свежым фота Пуціна заўважылі пухліну», «Двайнік Пуціна забівае бабулек у Мінску», «Толькі адзін жыхар РФ перавёў Пуціну грошы на выбары» стала ў разы больш.

Чудзянцоў нават перадаваў грошы беларускім добраахвотнікам ва Украіну. Пасля гэта стала адным з аргументаў у судзе па справе аб найміцтве.

Супрацоўніцтва з Нехта

Аднак з цягам часу сайт стаў абнаўляцца радзей. Крыніцы «НН» сцвярджаюць, што Чудзянцоў актыўна заняўся супрацай з блогерам Нехта (Сцяпан Пуціла), які жыве ў Варшаве.

Справа ў тым, што журналіст яшчэ з 1990-х быў сябраваў з бацькам Нехта, спартыўным каментатарам БТ Аляксандрам Пуцілам. Ды і з самім Сцяпанам ён пазнаёміўся, калі той яшчэ быў падлеткам.

Задача Чудзянцова была ў тым, каб надаваць допісам у тэлеграм-канале Нехта дадатковую публіцыстычнасць.

Некаторы час таму Чудзянцоў паведаміў сябрам, што атрымаў запрашэнне на легальную працу ў Польшчы. З гэтым дакументам ён атрымаў візу і сеў на цягнік на Варшаву. Да Польшчы Чудзянцоў не даехаў.

На працягу 72 гадзін ад моманту затрымання яму мусіць быць выстаўлена абвінавачванне.

Каментары29

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →