Апошнім часам нямала людзей пачалі прымаць мелатанін для нармалізацыі сну. Медыкі раяць асцярожнасць: вось якія чырвоныя сцяжкі.
Мелатанін — гэта нейрагармон, які натуральным чынам выпрацоўваецца ў шышкападобнай залозе ў мозгу. Навукоўцы адкрылі шмат біялагічных функцый гэтага гармону — ад барацьбы з запаленнем да зніжэння ціску. Але галоўная яго задача — стабілізацыя цыркаднага рытму (унутранага гадзінніка чалавека), падтрымка сутачных рытмаў сну і актыўнасці.
Узровень мелатаніну павышаецца ў перыяд цемры. Такім чынам мозг атрымлівае сігнал, што настала ноч і пара спаць. У дзённы час яго ўзровень падае ў 10 разоў.
Прэпараты мелатаніну могуць прымацца ўнутр для палягчэння засынання, а таксама з мэтай карэкцыі парушэнняў цыркаднага рытму ў работнікаў са зменным характарам працы, асабліва з начнымі зменамі, або пры джэтлагу — рэзкай змене гадзінных паясоў з-за далёкіх пералётаў.
Дакументальна пацверджана, што выпрацоўка мелатаніну зніжаецца з узростам чалавека. Акрамя таго, у падлеткавым узросце назіраецца зрух у часе сакрэцыі мелатаніну, што можа прывесці да хранічнага расстройства ў выглядзе вельмі позняга засынання (часта пасля гадзіны ночы) і позняга абуджэння.
Аднак доказаў эфектыўнасці мелатаніну пры лячэнні бяссонніцы мала. Па даных сістэматычнага агляду і метааналізу 2021 года, мелатанін станоўча ўздзейнічаў на якасць сну ў дарослых з рэспіраторнымі і метабалічнымі захворваннямі ды першаснымі парушэннямі сну, у тым ліку з-за джэтлагу, але не з псіхічнымі расстройствамі і нейрадэгенератыўнымі захворваннямі.
У апошні час папулярнасць мелатаніну як снатворнага значна ўзрасла. Некаторыя прымаюць яго месяцамі. Але навукоўцы папярэджваюць пра патэнцыйную шкоду гэтага гармона.
Доктар-неўролаг, самнолаг Аляксей Малкоў адзначае, што працяглы прыём мелатаніну прыводзіць да таго, што арганізм перастае самастойна выпрацоўваць гэты гармон. У выніку спыненне прыёму ён прыводзіць да парушэння сну.
Спецыялісты адзначаюць, што прымяненне мелатаніну бяспечнае ў нізкіх дозах (0,5-1 мг) у кароткатэрміновых перыядах (ад аднаго да трох месяцаў). А вось прыём «гармону сну» ў дозах ад 1 да 10 міліграмаў можа прывесці да дзённай дрымотнасці, прыгнечанага настрою, пачуцця раздражняльнасці, галаўных боляў, боляў у жываце.
Як справіцца без прэпарату?
Эксперты звяртаюць увагу, што ёсць іншыя правераныя спосабы паляпшэння сну, якія працуюць гэтак жа добра, калі не лепш, чым снатворныя сродкі.
Даследаванні паказалі, што арганізм запавольвае або спыняе выпрацоўку мелатаніну пры ўздзеянні святла. Найбольшы ўплыў аказваюць сіні і зялёны колеры спектру. Як вядома, менавіта сіні колер з'яўляецца асноўнай часткай бачнага спектру, які выпраменьваецца экранамі лічбавых прылад, такіх як смартфоны, планшэты і камп'ютары.
Таму рэкамендуецца адмовіцца ад іх выкарыстання за гадзіну да сну, прыняць цёплую ванну ці душ, пачытаць кнігу (можна і электронную ў начным рэжыме) ці паслухаць заспакаяльную музыку. Можна паспрабаваць глыбокае дыханне, ёгу ці медытацыю.
Спецыялісты адзначаюць, што класціся спаць і ўставаць неабходна кожны дзень у адзін і той жа час, нават у выхадныя дні. Наш арганізм любіць руціну.
Калі ж вы пакутуеце на бяссонніцу, варта шукаць яе прычыну, а не проста піць снатворнае.
Каментары
Спрашівал у врача - своего профессора одного із ізвестнейшіх ВУЗов Нью-Йорка: "Что за дела, доктор?" - "Ну ты же спишь каждый день часов пять? Спішь. Так что все нормально".
А с амерыканскім Мелатаніном мы просто крепче спим часа три. Ну и хорошо.