Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыі
7 студзеня беларус з'явіўся ў паліцэйскі ўчастак, папрасіў прабачэння перад яго супрацоўнікамі, прынёс сімвалічныя падарункі і заявіў пра гатоўнасць прыняць любое пакаранне, прызначанае судом.
Мужчыну выставілі абвінавачванні па трох артыкулах:
- парушэнне грамадскага парадку ў стане ап'янення;
- супраціў паліцыі пры выкананні ёй сваіх абавязкаў;
- прычыненне шкоды маёмасці.
Беларус запэўніў, што любіць Пхукет і гатовы выканаць грамадскія работы, калі суд прыме такое рашэнне. Ён таксама паабяцаў, што надалей падобныя паводзіны з ягонага боку не паўторацца, хоць ён плануе вяртацца на востраў адпачываць.
Тайландскае заканадаўства прадугледжвае за дзеянні мужчыны пакаранне ў выглядзе штрафу да пяці тысяч даляраў і/або турэмнага зняволення тэрмінам ад двух гадоў да пажыццёвага ў залежнасці ад цяжару траўмаў, атрыманых супрацоўнікамі паліцыі.
Мужчына здзейсніў правапарушэнне, будучы ў стане алкагольнага ап'янення. Дэбош ён зладзіў у гатэлі на тайландскім турыстычным востраве Пхукет. Ён напаў на паліцэйскіх, якія прыбылі па выкліку. Дэбашыра затрымалі і даставілі ў паліцэйскі ўчастак.
Як высветліла пасля выданне BGmedia, мужчыну звалі Сяргей Асійчук, ён з Брэста.
Раней ён быў трэнерам і капітанам аматарскай футбольнай каманды «Еўраэкспарт» з Кобрынскага раёна. Сам мужчына прафесійна футболам не займаўся, ён майстар спорту па армрэстлінгу і кандыдат у майстры па паўэрліфцінгу.
Асійчук таксама гулец аматарскай каманды «Фармат», па сутнасці яе ўладальнік і спонсар.
Мужчына, меркавана, кіруе кампаніяй «Еўраэкспарт». Кампанія займаецца экспартам і імпартам збожжавых і алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі, а таксама перавозкамі, лагістыкай.
Каментары