Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што
Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пракаментавала РБК заяву Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Лукашэнка прасіў прабачэння перад ім падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася ў першыя дні вайны.
«Першае. Размова паміж прэзідэнтамі Беларусі і Украіны ў першыя дні канфлікту адбылася выключна дзякуючы эмацыйнай рэакцыі малодшага сына беларускага прэзідэнта Мікалая, у якога ў тэлефоне быў асабісты кантакт Зяленскага. У чым была сутнасць той размовы: наш прэзідэнт у першую чаргу казаў пра тое, што канфлікт разгарэўся на тэрыторыі Украіны, на тэрыторыі Зяленскага, і менавіта яму па сканчэнні часу прыйдзецца больш, чым каму-небудзь адказваць за гібель людзей! Менавіта таму наш прэзідэнт заклікаў сесці за стол перамоваў, што і было зроблена: тры раўнды перамоваў у Беларусі і затым Стамбул», — сказала Эйсмант.
Яна абвергла, што Лукашэнка прасіў прабачэння ў Зяленскага.
«Ніякіх выбачэнняў прэзідэнт Беларусі Зяленскаму не прыносіў, з той простай прычыны, што прасіць прабачэння нам няма за што», — сказала яна.
Каментара Эйсмант наконт таго, што Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму ў адказ на пачатак вайны бамбіць Мазырскі НПЗ, не было.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў у інтэрв'ю амерыканскаму падкастару Лексу Фрыдману, што Аляксандр Лукашэнка прасіў у яго прабачэння ў першыя дні нападу Расіі на Украіну.
«У першыя дні вайны Лукашэнка прасіў прабачэння і казаў, што не вінаваты ў тым, што з тэрыторыі ягонай краіны запускаюць ракеты», — распавёў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама сказаў, што Лукашэнка нібыта прапаноўваў яму адказаць ударам па мазырскім НПЗ.
«Я яму [Лукашэнку] сказаў, што ён такі ж забойца, а ён мне сказаў: «Зразумей, нельга ваяваць з рускімі». Кажу яму: «Як ты дапусціў?» Ён кажа: «Ну добра, стукні па НПЗ, ты ж ведаеш, як ён шмат для мяне значыць». Я яму кажу: «Што ты гаворыш?» — распавёў Зяленскі.
Каментары