Маладыя башкіры фатаграфуюцца то з нацыянальным сцягам, то з расійскім імперскім. І просяць прабачэння — ва ўсіх па чарзе
Гісторыя ўжо прывяла да крымінальнай справы, але не думае сканчвацца.
Гісторыя пачалася ў снежні 2024 года. Хлопцы аднаго з сёл Бурзянскага раёна Башкартастана зрабілі фота з чорна-жоўта-белым сцягам Расійскай імперыі, на якім намаляваны двухгаловы арол і надпіс «Мы рускія, з намі Бог». Фота яны размясцілі ў сацыяльных сетках.
На яго звярнуў увагу вядомы башкірскі грамадскі дзеяч Руслан Габасаў. Ён назваў хлопцаў манкуртамі і нагадаў:
«Пад гэтым сцягам выразалі башкір дзясяткамі тысяч». Пазней Габасаў патлумачыў, што меў на ўвазе падзеі 1736 года, якія ўвайшлі ў гісторыю як Сеянтуская разня. Тады атрады расійскіх войск забілі 1000 жыхароў башкірскай вёскі, яшчэ 105 мужчын былі спалены ў свіране.
Габасаў у сваім допісе выказаў надзею, што з хлопцамі правядуць гутарку «старэйшыя браты».
У выніку праз некаторы час хлопцы запісалі відэа, на якім на башкірскай мове папрасілі прабачэння і патлумачылі, што не ведалі значэння імперскага сімвала для свайго народа. Яны таксама зрабілі здымак ужо з башкірскім сіне-бела-зялёным сцягам.
Але гісторыя на гэтым не скончылася. Другім здымкам абурыўся мясцовы дэпутат і «герой СВА». Ён прымусіў хлопцаў зноў сфатаграфацца з імперскім чорна-жоўта-белым палотнішчам.
А адзін з хлопцаў вымушаны быў запісаць відэа, у якім патлумачыў, што здымак з башкірскім сцягам і выбачэнні за выкарыстанне расійскага імперскага ён зрабіў пад уплывам паведамлення, якое яму даслаў у месенджары невядомы.
«Сказалі, каб я пайшоў у ПТВ, зрабіў відэа з выбачэннямі і зрабіў фота з башкірскім сцягам. Я малады башкір, люблю сваю радзіму, і гэта заахвоціла мяне выканаць просьбу невядомага чалавека. Я прашу не паддавацца на правакацыі і не паўтараць маіх памылак», — заявіў хлопец у відэа.
Гісторыя выйшла на новы ўзровень, калі 16 снежня 2024 года старшыня Следчага камітэта Расіі даручыў распачаць крымінальную справу на «прыхільнікаў экстрэмісцкай арганізацыі, якія пад пагрозай прымянення гвалту прымусілі мясцовых жыхароў прасіць прабачэння за размешчанае ў сацыяльнай сетцы фота са сцягам Расійскай імперыі».
Пад «арганізацыяй», як мяркуецца, маецца на ўвазе арганізацыя «Башкорт», адным з лідараў якой з'яўляецца Габасаў. Сам мужчына цяпер жыве ў Літве. У сакавіку 2023 года ён узначаліў «Камітэт Башкірскага нацыянальнага руху за мяжою». З лютага 2023 года Габасаў знаходзіцца ў пераліку экстрэмістаў і тэрарыстаў.
Аднак башкіры не супакоіліся. Па сацыяльных сетках разышоўся ролік, на якім паказана, як гарыць расійскі імперскі сцяг. Паведамляецца, што гэта адбылося ў ноч на 5 студзеня 2025 года на ўездзе ў Бурзянскі раён, адкуль бярэ пачатак гісторыя.
Каментары
Краіна маральных недамеркаў - усе хочуць, каб перад імі такімі правільнымі выбачаліся. І лукафашысты такія ж убогія.