Украінскія вайскоўцы зноў нанеслі ўдар па камандным пункце расійскай арміі на Куршчыне
Генштаб УСУ заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы 7 студзеня нанеслі «высокадакладны ўдар» па камандным пункце 810-й асобнай брыгады марской пяхоты Узброеных сіл Расіі ў раёне населенага пункта Белая на Куршчыне. Дэталяў удару пакуль не прыводзіцца, піша Украінская служба «Радыё Свабода».
«Гэты ўдар і шэраг нядаўніх аперацый супраць расійскіх фармаванняў у Курскай вобласці былі ўзгодненыя з украінскімі Сухапутнымі войскамі, якія цяпер пачынаюць новыя наступальныя дзеянні супраць расійскіх Узброеных сіл», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба.
Раней прэс-сакратар Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона, што Расія нібыта вымушаная перакідаць у Курскую вобласць свае падраздзяленні з іншых кірункаў.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны ў сваёй справаздачы, апублікаванай 6 студзеня, заявіў, што ўкраінскія сілы дасягнулі тактычных поспехаў падчас наступальных аперацый у Курскай вобласці, якія пачаліся 5 студзеня.
Каментары