«Мяркую, Макей бы ўхваліў». Аўтар помніка кіраўніку МЗС расказаў, якія сэнсы ўклаў у яго
Эскіз доўга ўзгаднялі ў міністэрстве.
Нядаўна на магіле былога міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з'явіўся заўважны помнік у выглядзе паўсферы. Тэлеграм-канал «Кулуары» пагаварыў з аўтарам манумента, скульптарам Аляксандрам Шапо.
— У чым галоўная ідэя помніка?
— Гэта такі перапынены палёт. Зямны шар — таму што Уладзімір Макей прадстаўляў Беларусь ва ўсім свеце. Такі зрэз сферы, таму што жыццё чалавека і дзяржаўнага дзеяча рэзка абарвалася. На зрэзе намалявана карта Беларусі і словы Уладзіміра Макея, якімі ён часта заканчваў свае выступленні: «Люблю Беларусь».
— Прыцягвае ўвагу яшчэ і барэльеф. Профіль Уладзіміра Макея на паўсферы атрымаўся вельмі нестандартным.
— Мы абмяркоўвалі гэтыя моманты ў працэсе працы. Я рабіў партрэт Макея ў больш жывой лепцы. Ён быў такі энергічны, рухомы чалавек. І таму выканаў не класічны партрэт, як было прынята ў 50-80-е гады XX стагоддзя, а сучасны, тэкстурны. У ім ёсць пульс.
— І падобны.
— Так, гэта было важна. Удава глядзела, сын глядзеў, яны адобрылі. Думаю, Уладзімір Макей як чалавек, які сутыкаўся з сусветнай культурай, таксама ўхваліў бы аўтарскае прачытанне помніка.
— Некаторыя здзіўленыя памерамі надмагілля — маўляў, вельмі вялікае.
— Таму што я і Галіна (архітэктарка Галіна Левіна — аўтарка ідэі помніка) — манументалісты. І Макей быў глыбай, такой манументальнай фігурай.
Але, дарэчы, дыяметр сферы ўсяго толькі 160 сантыметраў. І па вышыні ўсё добра глядзіцца. Мне здаецца, там усё арганічна, прыгожа і эстэтычна. Прынамсі, не падобна ні да адной працы, якую я рабіў раней.
Помнік атрымаўся выразны, ён адпавядае постаці Макея і ягонай ролі ў гісторыі краіны.
— У інтэрнэце ўжо з'явіліся розныя меркаванні наконт помніка. Ёсць і крытычныя. Як рэагуеце?
— Я спецыяліст, які працуе ў галіне скульптуры ўсё сваё жыццё. І, мякка кажучы, мяне не асабліва хвалюе меркаванне тых, хто нічога не разумее ў гэтай вобласці, не рабіў манументальных твораў і не ведае, што такое мова манументальнай скульптуры. А асабістыя меркаванні ў прафесійных пытаннях — гэта глупства. Калі ласка, выказвайце сваё меркаванне перад тэлевізарам.
Я некалькі гадоў быў экспертам розных манументальных саветаў. І меркаванні «падабаецца-не падабаецца» — гэта дрэнны падыход. Мы глядзім перш за ўсё на кампазіцыю, на арганіку, на гармонію. Я ў сферы медыцыны, батанікі ці інжынерыі не кажу, падабаецца мне гэта ці не, а давяраюся прафесіяналам. Інакш буду выглядаць дурнем.
— Некаторыя спрабуюць прыцягнуць да ідэі помніка нейкія складаныя канспіралагічныя тэорыі…
— Нічога пра гэта не ведаю і не чуў. І мне смешна, што ў гэтым шукаюць нейкія патаемныя сэнсы. Я рабіў працу з адкрытай душой і чыстым сэрцам. І з усім сваім прафесійным уменнем і веданнем справы.
— Доўга працавалі над помнікам?
— Доўга. Эскіз мы прадстаўлялі ў МЗС дастаткова даўно. Да ўстаноўкі даволі шмат часу прайшло.
— Ведаю, што помнік рабіла МЗС разам з сям'ёй.
— Вядома. Гэта ж быў заўважны чыноўнік. Запрашалі дзяржаўных дзеячаў і на адкрыццё помніка ў лістападзе, да гадавіны смерці.
<…>
Я прадстаўляў макет усёй кампазіцыі сям'і і МЗС з пенапласту ў натуральную велічыню. Каб вы разумелі, ніжні камень — 2 метры на 2.30. Гэта была вялізная прома-мадэль, з захаваннем усіх прапорцый, шрыфтоў.
— Нейкія асабіста вашы прыдумкі ў помніку Уладзіміру Макею ёсць?
— З маіх унёскаў — гэта маленькая птушачка, якая сядзіць на літары «Й». Нібыта душа яго прыляцеўшая…
— Нейкія асаблівыя пажаданні ад сям'і былі?
— Першапачаткова помнік мог быць без партрэта. Але сям'я папрасіла, каб партрэт быў.
Уладзімір Макей сам па сабе быў вельмі выразнай персонай. І з пункту гледжання пластычнай выявы, мне здаецца, гэта атрымалася перадаць.
— З якіх матэрыялаў зроблены помнік?
— Граніт і бронза. Яны найлепш стаяць у беларускім клімаце. На стагоддзі.
Каментары
Для мяне гэта нейкая таямніца.