Грамадства

«Кот Кеша праходзіў суразмоўе з гаспадарамі кватэры». Беларусы распавялі пра свой кранальны досвед эміграцыі разам з жывёламі

Апошнім часам часта даводзіцца чытаць у сацсетках гісторыі пра тое, як людзі, з’язджаючы ў іншую краіну, шукаюць новых гаспадароў для сваіх гадаванцаў. Але так робяць не ўсе. Пагутарылі з беларусамі, якія мянялі месца жыхарства (і не раз), але насуперак абставінам заставаліся разам са сваімі хвастатымі. Якія сумесныя прыгоды суправаджалі гэты працэс?

Кот Кеша, які праходзіў сумоўе з гаспадарамі кватэры па відэасувязі

У сям’і Максіма кот па мянушцы Кеша заўсёды быў як яшчэ адзін паўнавартасны член сям’і.

«Ён з сям’і жонкі, з-пад Салігорска, з кароўніка. Добры, інтэлігентны вулічны коцік. Афарбоўкі, якую называюць «ірваная макрэль»», — апісвае гадаванца Максім.

Кеша. Фота з асабістага архіва героя.

На момант пераезду з Беларусі кату было каля 21 года.

«Я ўжо жыў за мяжой, і мы разлічвалі, што сям’я даедзе да мяне ў спрыяльным рэжыме, але калі пачалася вайна, мы хуценька вырашылі, што сям’я адразу паляціць у Грузію, дзе я на той момант знаходзіўся па справах. Канечне, разам з коцікам».

Максім расказвае, што жонцы прыйшлося аператыўна абнаўляць кату прышчэпку на шаленства перад вылетам у Батумі.

Уз’яднаўшыся, сям’я пачала шукаць кватэру для сваёй фінальнай кропкі — у Польшчы. Праўда, амаль месяц пошукаў не прынёс вынікаў: у пачатку вайны праз колькасць уцекачоў з Украіны на рынку было мала прапаноў. Максім паскардзіўся на складаную сітуацыю сябру, які, як высветлілася, меў дачыненне да рыэлтарскіх паслуг, і ўзяўся дапамагчы з дахам над галавой.

«Недзе праз дзень нам патэлефанавалі і абрадавалі, што знайшлі для нас кватэру. Праўда, як потым высветлілася, гаспадароў там не папярэдзілі пра ката, хаця мы адразу казалі і пра яго, і пра двух дзяцей. Забылі. Уласнікі былі крыху незадаволеныя, але пагадзіліся з намі стэлефанавацца, каб паглядзець на коціка анлайн. Яны пабачылі, які Кеша спакойны. А ён у нас заўжды быў флегматычны, амаль ніколі на стол не залазіў, а каб заскочыць на шафу ці падваконне — гэта ўвогуле не яго».

Пасля закрыцця пытання з жытлом Максіма чакаў яшчэ адзін непрыемны сюрпрыз: немагчымасць паляцець з катом у даступных лаўкостах.

«Напрыклад, Wizz Air, які даволі танна лётае з Кутаісі, увогуле не возіць жывёлаў. Выключэнне — сабакі-асістэнты, памочнікі па медыцынскіх паказаннях. У выніку мы параіліся і ўзялі квіток на Turkish Airlines з пяцігадзіннай перасадкай у Стамбуле. Праўда, для жывёл там было даступнае ўсяго адно месца ў салоне і яшчэ адно ў багажы. Для нас вольным заставаўся толькі багаж за 300 даляраў даплаты, таму Кеша паляцеў там».

Сям’я не ведала, што ката ім не аддадуць падчас перасадкі — у выніку кот правёў сам-насам каля дзевяці гадзін.

«Калі мы выйшлі да багажнай стужкі ў Варшаве, там ужо стаяла наша пераноска. Мы пачулі «мяў-мяў» і бягом да яго».

Кеша добра перанёс усе пераезды, але, на жаль, праз паўгода ўзрост узяў сваё, і кот памёр.

«Ён быў апошнім аскепкам таго мінулага жыцця, калі ўсё было вядома, таму гэта было вельмі цяжка. Мы нават з псіхолагам сазвоньваліся і дапамогу атрымлівалі».

Літаральна праз дзень пасля сыходу Кешы ў чаце «Беларусаў Варшавы» шукалі людзей, якія змаглі б узяць котку на ператрымку, і Максім з жонкай вырашылі, што яны — ідэальныя кандыдаты: «Нам якраз трэба было сваю дзірку нечым запоўніць».

Так у іх сям’і з’явілася новая пухнатая сяброўка.

«Той хлопец, у якога мы ўзялі Асці (Асторыю), добры гаспадар, але ў яго нялёгкія жыццёвыя абставіны, таму у выніку мы прынялі рашэнне, што котка застанецца з намі. Гэта была добраахвотная з абодвух бакоў справа — так было лепей усім».

Новая котка ўжо больш жвавая і крыху дзікаватая, бо ў свой час жыла ў прытулку, але гаспадары любяць яе не менш.

Сабака Ілай і 24 гадзіны чакання дакументаў у машыне на мяжы

Сабаку Кацярыны зваць Ілай. Яна жартуе, што імя прароцкае, бо брэша ён «як дурны», вельмі гучна, настолькі, што не кожнае вуха вытрымае.

Дзяўчына ў свой час пабачыла яго фота на старонцы гродзенскіх валанцёраў, якія займаюцца часовай ператрымкай беспрытульных жывёл. Тыя вырашылі дапамагчы з уладкаваннем шчанюкоў мясцовай бабулі. Яна даглядала іх цяжарную маці фокстэр’ерку, якую папярэдне выкінулі на вуліцу. Але калі нарадзіліся шчанюкі, даць рады ўсім сабакам разам ужо фізічна не магла. Так Ілай ва ўзросце сямі месяцаў трапіў у сям’ю Кацярыны.

«Я больш кашатніца, але, на жаль, у мужа і старэйшага сына алергія на катоў. Ілай жа быў вельмі кранальным на фотаздымках (дзякуй валанцёрам)», — кажа дзяўчына.

Ілай. Фота з асабістага архіва гераіні.

У 2020 годзе Кацярына атрымала павестку са Следчага камітэта. Спачатку яна думала пайсці на «размову», але яе адгаварыў муж, які адразу пачаў шукаць для яе шлях эвакуацыі.

«Дзякуй Наталлі Калегавай і арганізацыі «Дапамога» — варыянты знайшліся. Рашэнне з'ехаць было прынятае ў нядзелю, а ў панядзелак увечары я ўжо была з сабакам на мяжы», — расказвае Кацярына.

«Гэта ўвогуле было першае, што я спытала: ці можна мне будзе ехаць адразу з сабакам? Разумела, што пасля гэтым ніхто не будзе займацца. І добра, што прышчэпка ад шаленства была актуальнай, не трэба было чакаць 21 дзень. У багажнік я паклала толькі зімовае адзенне і працоўныя кнігі. Яшчэ мама наварыла ежы сабаку — два вядзерцы кашы з мясам».

На мяжы, згадвае Кацярына, было вельмі нервова.

«Легенда была такая, што я еду лячыць у Літву сабаку, таму што ў Беларусі не атрымалася. Гэта быў кавідны час, і на беларускай мяжы мяне пераконвалі, што ў Літву нас не пусцяць. Потым мытнікі згадалі, што сабаку трэба дэклараваць, мяне павялі запаўняць паперкі.

Там было пытанне смешнае, нешта з разраду: «На колькі вы ацэньваеце галаву жывёлы?» Я ацаніла на 50 еўра. Потым мяне спыталі, колькі грошай вязу. Я назвала нейкую суму, але яны вырашылі пераправерыць машыну. Агулам праходжанне беларуская мяжы заняло недзе гадзіну, але мне падалося, што вечнасць».

На літоўскай усё зацягнулася на даўжэй.

«Гэта быў час адкрытага гуманітарнага калідора. Я яго запытала па прыбыцці на літоўскую мяжу, але, як высветлілася, на мяне не былі падпісаныя патрэбныя дакументы, трэба было чакаць. Да таго ж у Прывалках не было ветэрынарнага пункта, і на мытні сказалі, што сабаку не прапусцяць нават з усімі дакументамі. Плюс у той момант былі занятыя ўсе нумары, створаныя для такіх, як я — які запрошваюць гуманітарны калідор. У Прывалках такіх нумароў тры ці чатыры, але ў той момант пакоі былі занятыя шрыланкійцамі, якіх знайшлі ў лістападаўскіх літоўскіх лясах. Таму ўсе 24 гадзіны чакання сваіх дакументаў я правяла з псом у машыне».

Кацярына кажа, што Ілай моцна стрэсануў: з моманту заезду на літоўскую мяжу сабака не еў, не піў, не хадзіў у туалет.

«За суткі я перазнаёмілася з усімі памежнікамі, і калі дакументы, нарэшце, былі гатовыя, маю машыну нават не аглядалі, дый махнулі рукой на сабаку, таму ў Літву яна заехала ўцекачом-нелегалам».

Па прыездзе Кацярына адразу завезла Ілая да ветэрынара, дзе яму прызначылі лячэнне для слабага страўнікава-кішэчнага тракта, а сама занялася легалізацыяй і пошукамі кватэры.

«Я абзваніла палову агульнага сшытку тэлефонных нумароў! Спачатку не хацелі трох дзяцей у кватэру. Калі пачыналі згаджацца на трох дзяцей, адмаўляліся ад сабакі. Але нарэшце кватэра знайшлася.

Хутка да мяне выехала сям’я. Я выправілася іх сустракаць, тым часам сабака на стрэсе ў новым месцы без перапынку брахаў. Гэта я даведалася, калі патэлефанаваў гаспадар і сказаў, што суседзі на ўзводзе. Я думала, нас высяляць. Але абышлося», — расказвае Кацярына.

Пры ўсіх складанасцях жанчына вельмі радая, што ўся сям’я цяпер разам і на свабодзе.

«Дзеці вучацца, бацькі працуюць, сабака любіць з гаспадыняй ездзіць у лес па грыбы, а з гаспадаром на хайкінг. Жыццё працягваецца».

Сабака Васіліса і знойдзеная ў Партугаліі сястрычка Жаклін

Першы сабака ў сям’і Змітра [імя змененае па просьбе суразмоўцы — НН] з’явілася ў 2016 годзе.

«Васілісу завяла мая жонка, яшчэ за паўгода да знаёмства са мной. Сабака вельмі разумная, але і даволі ўпартая, яе вельмі цяжка прымусіць нешта рабіць, калі яна гэтага не жадае. Напрыклад, лічыць, што ў нейкай цёплай вопратцы яна выглядае смешна, таму яна заўсёды адмаўлялася яе насіць на вуліцы. Таксама яна любіць гуляць з мячамі, яе цяжкавата спыніць: можа працягваць гэта гадзінамі».

Упершыню сям’я пераязджала з сабакам у Кіеў у 2021-м, на той момант яшчэ ляталі самалёты, таму з гэтым не было асаблівых праблем.

«Яе вага была малой, таму яна ляцела ў салоне. І пры гэтым выдатна сябе паводзіла: нічога не патрабавала ў дарозе, проста чакала ў сваёй торбе, калі ж ужо даляцім і можна будзе выйсці».

Адзіным абцяжарвальным фактам было тое, што ў 2020-м сабака перанесла некалькі аперацый на хрыбетніку, пасля якіх яе заднія лапы працуюць асаблівым чынам.

«Але яе саму гэта не надта турбуе», — дадае Зміцер. «Проста прыйшлося праз ветэрынара з Беларусі шукаць ёй новага ветэрынара ва Украіне, рабіць там МРТ».

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну сям’я амаль адразу прыняла рашэнне з’язджаць.

«Спачатку мы ехалі са знаёмымі на машыне ў Львоў (нас было шэсць чалавек і два сабакі). Шлях заняў амаль суткі. Потым яшчэ суткі — на цягніку з Львова да Польшчы. Увесь гэты шлях яна вытрымала, мабыць, нават лепей за нас, проста зноў сядзела і чакала, калі ж ужо гэта скончыцца. Дарэчы, тады вельмі добра прымалі ўцекачоў ужо на тэрыторыі Польшчы: з хатнімі жывёламі быў ільготны парадак, можна было зрабіць усю бюракратыю пазней. Плюс сябры нам дапамаглі з часовым жытлом у Варшаве».

Польшча была толькі часовым прыпынкам на шляху беларусаў. Праз тыдзень яны рушылі ў бок Партугаліі, папярэдне зрабіўшы неабходныя прышчэпкі псу.

У Партугаліі Васілісе падабаецца больш: не трэба насіць ненавіснае ёй адзенне.

«Ужо ў Партугаліі мы завялі яшчэ аднаго сабаку — Жаклін (часцей завем яе Джэкі). У яе характар куды больш гарэзны, яна бясконца энергічная, ёй цяжка сядзець на адным месцы. Спачатку Васіліса насцярожана да яе ставілася, але цяпер у іх ужо тыповыя адносіны старэйшай і малодшай сясцёр. Мы часам вандруем з імі па краіне на машыне. Адзін раз былі разам у Іспаніі таксама».

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Сабакі, упэўнены Зміцер, такая ж адказнасць, як і дзеці.

«Калі ўжо вырашыў іх заводзіць, то нельга потым пакідаць, калі сам вымушаны мяняць месца жыхарства. Таму ў нас не было нават нейкіх разваг на гэты конт. І яны дакладна дапамагаюць нам [псіхалагічна] сваёй прысутнасцю».

Каментары

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прадаюць VW Passat B6 з прабегам амаль мільён кіламетраў. Але і ён можа быць не арыгінальным1

КНДР аб'явіла пра запуск свайго «Арэшніка»

Маладыя башкіры фатаграфуюцца то з нацыянальным сцягам, то з расійскім імперскім. І просяць прабачэння — ва ўсіх па чарзе10

Самы малады футбаліст у гісторыі зборнай Беларусі падпісаў кантракт з партугальскім грандам

У Кітаі здарыўся землятрус. Дзясяткі загінулых2

«Кот Кеша праходзіў суразмоўе з гаспадарамі кватэры». Беларусы распавялі пра свой кранальны досвед эміграцыі разам з жывёламі

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе31

Кароль Даніі ўпершыню за 50 гадоў памяняў герб краіны на фоне выказванняў Трампа18

Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Галоўнае
Усе навіны →