Дзіцячыя бальніцы, школы, паліклінікі. Якія менавіта сацыяльныя аб'екты ўзвядуць у сталіцы, расказала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, піша «Мінск-Навіны».
У ЖК «Мінск-Свет» пачнуць функцыянаваць адразу дзве школы. Цяпер яны на этапе будоўлі, як і дзіцячая бальніца на вул. Лейтэнанта Кіжаватава.
— У стадыі будаўніцтва знаходзіцца яшчэ адна школа ў жылым раёне Сокал, будаўніча-мантажныя работы будуць завершаны ўжо сёлета. Цяпер будуюцца дзве дзіцячыя паліклінікі ў Лошыцы і на тэрыторыі комплексу «Мінск-Свет», а таксама дзве шматпрофільныя дарослыя: адна — у складзе таго ж ЖК «Мінск-Свет», другая — у пасёлку Усходні. Усе чатыры ўвядуць у эксплуатацыю ў 2025 годзе, — распавяла Гонтарава. — Таксама плануецца да ўводу ў эксплуатацыю шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс на вул. Маякоўскага, 31, дзе размесціцца 10-я стаматалагічная паліклініка, цэнтр пластычнай хірургіі, а таксама эндакрыналагічны цэнтр.
Новы Нацыянальны футбольны стадыён на пл. Ванеева чакае афіцыйнага адкрыцця, там ужо завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы. Дарэчы, на стадыёне ўжо ўключана вячэрняя падсветка.
Расчыняць свае дзверы ў 2025-м школа ў Бараўлянах, дзіцячыя сады ў пасёлку Усходні, на пр. Незалежнасці і ў межах вул. Таёжнай. Плануецца ўзвядзенне Нацыянальнага гістарычнага музея.
Каментары