Бэтмабіль шукае свайго бэтмена. Лімітаваную серыю легендарных супермашын выставілі на продаж
Кінакампанія Warner Bros. абвясціла аб продажы некалькіх цалкам функцыянальных і арыгінальных бэтмабіляў з трылогіі Крыстафера Нолана «Цёмны рыцар». Колькі будзе каштаваць гэтае задавальненне і якія характарыстыкі ў супермабіля?
Арыгінальны чорны і цалкам функцыянальны бэтмабіль выстаўлены на продаж усяго ў дзесяці экзэмплярах у гонар 85-годдзя легендарнага супергероя Бэтмена.
Аўтамабіль абсталяваны магутным бензінавым рухавіком LS3 аб'ёмам 6,2 літра і магутнасцю 525 конскіх сіл, што дазваляе яму спраўляцца нават з самымі складанымі задачамі. Вага машыны складае каля 2,5 тоны, а яе рама зроблена са сталі, якая выкарыстоўваецца ў авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці.
Корпус бэтмабіля створаны з кеўлара, вугляроднага валакна і металаў, што забяспечвае выдатную трываласць. Зборка машыны таксама ўключае сістэму імітацыі рэактыўнага рухавіка, шасціступеністую трансмісію і тэхналогіі для кіравання ў складаных умовах, напісана на імітацыйным сайце Wayne Enterprises, які быў створаны кінакампаніяй Warner Bros.
Акрамя таго, у канструкцыі бэтмабіля будуць убудаваныя кананічныя зброевыя вежы (несапраўдныя) і сістэма выпускання дымавых заслон.
Кошт кожнага аўтамабіля складае 2,99 мільёна даляраў (амаль 10 мільёнаў беларускіх рублёў), і набыць яго можна толькі па індывідуальным запрашэнні, якое можна атрымаць пасля падачы заяўкі на імітацыйным сайце Wayne Enterprises.
Дастаўка машыны абранаму кліенту адбудзецца праз 15 месяцаў пасля ўнясення дэпазіту. Заказчыку таксама прапануецца эксклюзіўны доступ да вытворчага працэсу бэтмабіля. Пры гэтым на бэтмабілі нельга будзе ездзіць па дарогах агульнага карыстання.
Як паведамляе кінакампанія Warner Bros., гэтыя машыны прызначаны «для сапраўдных калекцыянераў і аматараў унікальнага дызайну».
Каментары