У Беларусі паставяць больш за 30 суперхуткіх зарадак для электрамабіляў
Яны з'явяцца як у Мінску, так і ў рэгіёнах.
Урад Беларусі абнавіў праграму развіцця сеткі зарадных станцый для электрамабіляў. Пастанова пра гэта апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Суперхуткія запраўкі будуць ставіць з 2024 па 2035 гады. Плануецца, што да 2035 года іх будзе 35 па краіне.
У Мінску такіх станцый будзе тры — каля прыпынку «Вакзал», дыспетчарскай станцыі «Ангарская-4» і прыпынку «Каменная горка-5».
Таксама суперхуткія зарадкі з'явяцца ў Брэсце, Гродне, Магілёве, Калінкавічах і на трасах Р-23, М-1, М-4, М-6, М-10 і іншых.
Урад мяркуе, што ў 2026-2030 гадах колькасць электрамабіляў у Беларусі перавысіць 25 тысяч.
Нядаўна, дзве суперхуткія зарадкі з'явіліся ў Мінску на стаянцы каля гіпермаркета «Еўраопт» на вуліцы Мантажнікаў, 2. Магутнасць зарадкі — 160 кВт. Кажуць, трэба ўсяго 20 хвілін, каб зарадзіць аўто да 80%. Адначасова комплекс можа падсілкоўваць энергіяй дзве машыны. Яшчэ адна новая станцыя, пастаўленая там жа, выдае 50 кВт.
На 1 студзеня 2024 года сетка ЭЗС мела 1020 станцый, 690 з іх належалі «Беларуснафце». У 2024-2028 годзе плануюць адкрыць сотні новых заправак у Мінску і рэгіёнах.
Каментары