Мужа першага віцэ-мэра Мінска сфатаграфавалі са свежай газетай, каб даказаць, што інфармацыя пра яго арышт — фэйк. Непераканаўча — вось чаму
Дзяржаўная прапаганда адрэагавала на артыкул у «Нашай Ніве» пра арышт Алега Сахно, былога кіраўніка холдынга «Белфармпрам» і мужа Надзеі Лазарэвіч, першага віцэ-мэра Мінска.
Паводле нашай інфармацыі, некалькі месяцаў таму Сахно трапіў у СІЗА. Прычына невядомая — магчыма, па абвінавачванні ў карупцыі (пасаду кіраўніка ў «Белфармпраме» Сахно ўжо не займае). Прыходзілі і да Лазарэвіч, але ці яе затрымлівалі — невядома, а, калі і так, яе затрыманне, імаверна, не доўжылася больш за тры дні. Пасля гэтага чыноўніца вярнулася на працу.
Сілавыя ведамствы не паведамлялі пра тое, што да пары ўзніклі нейкія прэтэнзіі — але гэта тыповая з’ява ў сённяшняй Беларусі. Вельмі часта пра арышты топ-чыноўнікаў абвяшчаецца, толькі калі справа даходзіць да суда. Напрыклад, пра тое, што колішні памочнік Ігар Брыло знаходзіцца за кратамі, дзяржаўныя СМІ так і не паведамілі — хоць яго арышт адбыўся ўжо год таму.
(Брыло дзяржсмі згадвалі толькі ўскосна. На нарадзе ў чэрвені Лукашэнка казаў: «Пра Брыло шмат чулі. Не буду нагадваць і паўтараць. Прыцягнутыя на сёння тры дзясяткі чалавек»).
У якасці абвяржэння інфармацыі «НН» прапагандысты апублікавалі здымак Надзеі Лазарэвіч і Алега Сахно, якія пазіруюць са свежым нумарам «СБ. Беларусь сегодня» ў руках. Прычым Сахно названы «намеснікам гендырэктара прыватнага прадпрыемства».
«Фота зроблена толькі што: сужэнцы Лазарэвіч і Сахно ў кабінеце з газетай за 15 лістапада 2024 года», — напісалі ў дзясятках пралукашэнкаўскіх тэлеграм-каналаў.
На здымку сапраўды яны. Але што гэта за кабінет? Па інтэр’еры пазнаць складана. Можна ўбачыць ліяны, уласцівыя прыёмным чыноўнікаў, а таксама адлюстраванне квадратнай лямпы асвятлення з нацяжной столі.
З улікам таго, што ў Лазарэвіч сёння працоўны дзень, можна выказаць здагадку, што Сахно прыехаў (ці яго прывезлі?) на працу да жонкі.
Выгляд у Сахно незвычайны. У адрозненне ад жонкі, ён зусім не ўсміхаецца, сядзіць, утаропіўшыся ў газету. Зрэшты, час у зняволенні можа адбіцца на чалавеку па-рознаму.
Адметна, што тэлеграм-акаўнт Сахно па-ранейшаму афлайн — з 19 чэрвеня 2024 года. Ці можа быць, што мужа топ-чыноўніцы цяпер ці раней перавялі пад хатні арышт з забаронай карыстацца інтэрнэтам і камунікаваць з людзьмі? Цалкам магчыма.
Для знаёмых Сахно публікацыя яго фота стала здзіўленнем. Яны не чулі пра яго вызваленне — калі яно насамрэч адбылося.
Ці абвяргае здымак той факт, што Сахно знаходзіўся за кратамі? І не пацвярджае, і не абвяргае.
Мы па-ранейшаму ўпэўненыя ў інфармацыі ад сваіх крыніц. Мы разумеем, што яны рызыкуюць, дзелячыся важнымі звесткамі з грамадствам. Існуе рызыка памылак, бо інфармацыю правяраць складана. Аднак у праўдзівасці менавіта гэтай гісторыі мы цалкам упэўненыя. Сахно арыштоўвалі.
Каментары